26 красавiка 2024, Пятніца, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраільская «Прашча Давіда» ўпершыню перахапіла ракеты

Ізраільская «Прашча Давіда» ўпершыню перахапіла ракеты
Фота: United States Missile Defense Agency

Ізраільскія СПА, самі таго не ведаючы, зрабілі паслугу сірыйскім паўстанцам.

Ізраільскі комплекс супрацьракетнай абароны сярэдняй далёкасці «Прашча Давіда» (David's Sling) упершыню з заступлення на баявую варту ў ліпені 2016 года перахапіў дзве ракеты. Перахоп боепрыпасаў быў паспяхова праведзены над тэрыторыяй Сірыі, але, верагодна, стаў вынікам памылкі, піша N+1 са спасылкай на Globes.

Тэрыторыя Ізраіля перыядычна зазнае ракетныя абстрэлы. Для абароны ізраільскія вайскоўцы выбудавалі эшаланаваную сістэму супрацьракетнай абароны, у якую ўваходзяць комплексы «Жалезны купал» (Iron Dome), «Прашча Давіда», «Страла-2» і «Страла-3» (Arrow). У цэлым сістэма забяспечвае абарону ад ракетаў з далёкасцю палёту ад 70 да 2000 кіламетраў.

Вядома, што перад першым баявым ужываннем былі выяўленыя пускі дзвюх ракетаў на тэрыторыі Сірыі. На Галанскіх вышынях і ў Верхняй Галілеі была задзейнічаная сістэма папярэджання пра ракетны абстрэл, пасля чаго «Прашча Давіда» выпусціла дзве супрацьракеты. Яны патрапілі ў мэты.

Паводле вынікаў перахопу спецыялісты ўзброеных сілаў Ізраіля прыйшлі да папярэдняй высновы, што перахопу сірыйскіх ракетаў не патрабавалася, паколькі яны не былі нацэленыя ў тэрыторыю Ізраіля, упалі ў Сірыі і былі выпушчаныя, верагодна, падчас бою паміж войскамі, лаяльнымі прэзідэнту Башару Асаду, і паўстанцамі.

У цяперашні час ізраільскія спецыялісты займаюцца высвятленнем прычынаў, чаму комплекс «Прашча Давіда» зрабіў перахоп, у якім не было ніякай патрэбы. У норме «Прашча Давіда» не павінна рэагаваць на ракеты, выпушчаныя блізка да мяжы, але не ў тэрыторыю Ізраіля, і на боепрыпасы, якія павінны ўпасці ў ненаселенай мясцовасьці.

Распрацоўка комплексу вялася з удзелам амерыканскіх кампаній Boeing і Raytheon з 2008 года. Сістэма прызначаная для перахопу балістычных ракетаў з далёкасцю пуску ад 70 да 300 кіламетраў. Кошт адной ракеты-перахопніка комплексу «Прашча Давіда» складае блізу аднаго мільёна даляраў. Першая батарэя супрацьракетнага комплексу была разгорнутая ў 2016 годзе на базе ВПС Ізраіля ў Хацоры.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках