20 красавiка 2024, Субота, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Microsoft: Хакеры цаляюць у восеньскія выбары ў кангрэс ЗША

2
Microsoft: Хакеры цаляюць у восеньскія выбары ў кангрэс ЗША

Іхнія сляды вядуць у Расею.

Тры кандыдаты, якія прэтэндуюць на месцы ў кангрэсе ЗША, падпалі пад хакерскія напады, паведаміла кампанія Microsoft. Паводле інфармацыі фірмаў, якія спецыялізуюцца на кібэрбяспецы, сляды хакераў вядуць у Расею, піша ВВС.

Віцэ-прэзідэнт кампаніі ў пытаннях бяспекі Том Бэрт на канферэнцыі Aspen Security Forum у Каларада распавёў, што кандыдаты сталі ахвярамі фішынгу.

Прамежкавыя выбары ў ЗША адбудуцца 6 лістапада. Будзе абірацца новы склад палаты прадстаўнікоў, а таксама 35 сэнатараў з 100. Акрамя таго, пераабіраюцца 39 губернатараў штатаў і тэрыторый, а ў шэрагу штатаў праводзяцца іншыя мясцовыя выбары.

Фішынг

Фішынгам называюць тып махлярства з мэтай атрымання доступу да канфідэнцыйных звестак карыстальнікаў. Са слоў Бэрта, для нападаў выкарыстоўваліся падробленыя дамэны Microsoft.

Група хакераў, якія выкарыстоўвалі гэтыя дамэны, вядомая як Fancy Bear, але ў Microsoft яе называюць Strontium.

Спецыялісты ў кібэрбяспецы з такіх кампаній, як SecureWorks і Mandiant, сцвярджаюць, што за Fancy Bear стаяць расейскія ўлады. Расея паслядоўна адхіляе абвінавачванні ў хакерскіх нападах.

Бэрт не назваў імёнаў кандыдатаў, якія падпалі пад хакерскія атакі, але адзначыў, што ўсе яны цікавыя з пункту гледжання шпіянажу. Ён дадаў, што напады не закончыліся поспехам, а падробленыя дамэны Microsoft ужо вымкнутыя.

Спецыяліст у кібэрбяспецы, прафесар Універсітэта Сурэя Алан Вудвард мяркуе, што хакеры спрабавалі атрымаць доступ да перапіскі палітыкаў.

"Калі вы маеце электронныя лісты, можна зрабіць так, што іхнія аўтары будуць выглядаць кепска, - сказаў ён Бі-бі-сі. - Я думаю, што асноўнай задачай быў сабатаж дэмакратычных працэсаў, таму не так важна, якіх менавіта кандыдатаў дыскрэдытаваць" .

На саміце з Уладзімірам Пуціным у Гельсінках прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сказаў "не" у адказ на пытанне аб тым, ці працягвае, на ягоную думку, Расея ўмяшанне ў амэрыканскія выбары. Пазней ягоная прэс-сакратарка Сара Сандэрс дэзавуявала гэты адказ, заявіўшы, што прэзідэнт меў на ўвазе, што не мерыцца адказваць на далейшыя пытанні журналістаў.

На мінулым тыдні дырэктар нацыянальнай выведкі ЗША Дэн Коўтс заявіў, што расейскія хакерскія атакі носяць сталы характар, незалежна ад выбараў.

"Усе выведныя службы без вынятку, у тым ліку і брытанскія, заявілі, што гэтыя напады не спыняюцца, што наступ ідзе па ўсіх кірунках, і ўсе прыкметы паказваюць на тое, што гэта Расея", - сказаў Бі-бі-сі прафесар Вудвард.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках