Беларус стаў фіналістам еўрапейскага фотаконкурсу
- 20.07.2018, 18:19
- 7,845
Аляксей Шлык стаў адным з пяці фіналістаў еўрапейскага конкурсу ING Unseen Talent Award 2018.
Беларускі фотамастак Аляксей Шлык стаў адным з пяці фіналістаў еўрапейскага конкурсу ING Unseen Talent Award 2018, які месціцца ў Амстэрдаме.
Пра гэта паведамілі ягоныя арганізатары – фонд падтрымкі фатографаў Unseen і транснацыянальная карпарацыя ING Group, якая спецыялізуецца на фінансах і банкаўскай справе, паведамляе belmir.by.
Мэта конкурсу – заахвочваць пачаткоўцаў мастакоў у іх імкненні рассоўваць межы сучаснай фатаграфіі і дапамагаць у станаўленні кар'еры.
Як гаворыцца ў паведамленні, скаўты шукалі таленавітых фатографаў ва ўсёй Еўропе і адабралі тых, хто больш за ўсё ўразіў сваімі партфоліа.
У выніку, акрамя беларуса, сярод фіналістаў конкурсу апынуліся прадстаўнікі яшчэ чатырох краін – Вугоршчыны, Фінляндыі, Галандыі і Ірландыі.
У найбліжэйшыя два месяцы яны пройдуць шырокі курс навучання, які будзе весці брытанскі мастак і рэжысёр Айзек Джуліен.
Паводле вынікаў курса фіналісты створаць серыю працаў на тэму «Новыя далягляды: што абяцае і чым пагражае нам будучыню». Яны будуць выстаўленыя ў Амстэрдаме.
І нарэшце, 20 верасня журы назаве галоўнага пераможцу конкурсу, які зможа ў выніку выдаткаваць 10 тысячаў еўраў на свае праекты.
Таксама інтэрнэт-галасаваннем будзе вызначаны ўладальнік прыза глядацкіх сімпатый. Ён атрымае заказ на стварэнне новага праекту для калекцыі ING.