У Брытаніі гатовы нацыянальны рэжым санкцый супраць РФ пасля Brexit
- 20.07.2018, 18:10
- 7,219
Санкцыі, якія ўводзіліся на ўзроўні Еўразвязу і іншых міжнародных арганізацый, будуць ужытыя ў брытанскім заканадаўстве.
Урад Брытаніі распрацаваў нацыянальны рэжым санкцый у дачыненні да Расеі, які пачне дзейнічаць пасля Brexit.
Пра гэта паведаміла ў інтэрв'ю "Сапраўднаму Часу" амбасадарка Украіны ў Лондане Наталля Галібарэнка.
"Усе санкцыі, якія ўводзіліся на ўзроўні ЕЗ і іншых міжнародных арганізацый, будуць ужытыя ў брытанскім заканадаўстве. Мае кантакты ў парламенце і ўрадзе казалі, што брытанцы для сябе не выключаюць магчымасці пашырэння санкцыйных спісаў", – сказала Галібарэнка.
"Мы будзем працаваць над тым, каб быў персанальны спіс людзей, якія датычныя да ўзброенай агрэсіі ва Украіне ці арганізацыі фэйкавага рэферэндуму ў Крыму", – дадала яна.
Дзяржсакратар Міністэрства замежных справаў Вялікай Брытаніі ў пытаннях Еўропы Алан Дункан раней запэўніваў, што сусветныя санкцыі супраць Расейскай Федэрацыі павінны захавацца таксама пасля выхаду Злучанага каралеўства са складу ЕЗ.