Беларусы і ўкраінцы масава з'язджаюць у Літву
1- 20.07.2018, 18:03
- 15,752
Плынь замежнікаў, якія прыбываюць у Літву, імкліва павялічваецца.
Галоўным чынам гэта адбываецца за кошт грамадзянаў Украіны і Беларусі, якія становяцца ўладальнікамі часовага віду на жыхарства. Між тым расейцаў, якія прыбываюць у Літву, стала менш, паведамляе delfi.lt.
Дэпартамент міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных справаў Літоўскай рэспублікі абвясціў асноўныя паказнікі міграцыі за першую палову 2018 года.
Насельніцтва Літвы скарачаецца, а колькасць замежнікаў расце
Паводле звестак на 1 ліпеня 2018 года, у Літве жыве 54 393 замежнікі, з іх – 15 291 грамадзянін Украіны (на 55,4% больш, чым год таму), 12 391 – Расеі (на 8,3% менш, чым год таму) 10 433 – Беларусі (на 24,7% больш, чым год таму). Грамадзяне названых краінаў склалі 70,1% (на стан 1 ліпеня 2017 года – 67,3%) усіх замежнікаў, якія жывуць у Літве. Нягледзячы на тое, што агульная колькасць насельніцтва Літвы, у параўнанні з 1 ліпеня 2017 года, знізілася на 0,8%, колькасць замежнікаў, якія жывуць тут, павялічылася на 15,4%.
Большасць замежнікаў (54,5%), якія пражываюць у Літве, з'яўляюцца ўладальнікамі часовага віду на жыхарства (48,5% год таму). Цягам года колькасць зваротаў для выдачы дазволу на часовае пражыванне павялічылася на 13,8%, для замены – на 25,2%.
У першай палове гэтага года, у параўнанні з першай паловай 2017 года, колькасць шэнгенскіх візаў, выдадзеных замежнікам, скарацілася на 23,8%, аднак на 93,4% павялічылася колькасць выдадзеных замежнікам нацыянальных візаў. Колькасць візаў – 22 611 (у першай палове 2017 г. была выдадзеная 11 691 нацыянальная віза).
Значна менш бежанцаў прыбылі ў Еўрапейскі Звяз сёлета ў параўнанні з тым жа перыядам год таму. Іх колькасць таксама скарацілася ў Літве: сёлета ў Літоўскую Рэспубліку з іншых дзяржаў-чальцоў ЕЗ і трэціх краінаў не быў перапраўлены ні адзін з бежанцаў.
У першым паўгоддзі 2018 года колькасць асобаў, якія атрымалі грамадзянства Літвы (не лічачы тых, у каго яно ад нараджэння), зменшылася, асабліва ў выпадку аднаўлення, што ў асноўным тычыцца падвойнага грамадзянства. Літоўскае грамадзянства атрымалі 1 176 чалавек, з якіх 996 чалавек былі адноўленыя: на 8,1% і на 11,9% менш, чым у 2017. Грамадзянства Літвы страцілі 568 чалавек (на 34% больш, чым у 2017).