4 траўня 2024, Субота, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа і амэрыканскі звадкаваны газ

3
Еўропа і амэрыканскі звадкаваны газ
Фота: ANP

Чаму расейскаму «Газпрому» давядзецца пасунуцца на еўрапейскім рынку.

У чацвер, 19 ліпеня, стала вядома, што ў Кангрэс ЗША ўнесены законапраект, які прадугледжвае ўвядзенне санкцый супраць газаправода "Паўночны струмень-2", што мерацца пракласці з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. У законапраекце пазначана, што санкцыі супраць газаправода дазволяць краінам NATO ўнікнуць прымусу і палітычных маніпуляцый Расеі, піша dw.com.

Крытычна да будучага газаправода, будаўніцтва якога ўжо пачалося, ставіцца і прэзідэнт ЗША. На нядаўнім саміце NATO ў Брусэлі Дональд Трамп казаў пра гэта ў моцна крытычным тоне і нават заявіў, што Нямеччына стала "закладніцай" Крамля.

І ў Бэрліне, і ў Маскве, прычым не толькі афіцыйныя асобы, але і шмат якія каментатары, абвінавачваюць Вашынгтон у карыслівасці. Амэрыканцы, маўляў, імкнуцца сарваць "Паўночны струмень-2" толькі таму, што хочуць накінуць Еўропе свой звадкаваны газ. Ці так гэта?

Федэральная акадэмія палітыкі бяспекі (Bundesakademie für Sicherheitspolitik), якая належыць да міністэрства абароны Нямеччыны, даручыла разабрацца ў гэтым навуковаму дырэктару лонданскага інстытута King's College, нямецкаму экспэрту Франку Умбаху (Frank Umbach).

Новая энэргетычная стратэгія ЕЗ

Умбах нагадвае, што пасля газавага крызісу 2009 года, выкліканага прыпыненнем паставак газу з Расеі, у Еўразвязе быў узяты курс на дыверсіфікацыю імпарту гэтага энэрганосьбіта за кошт павелічэння спісу краін-прадаўцоў. Анэксія Расеяй Крыма ў 2014 годзе стала дадатковым стымулам для паскоранай рэалізацыі новай энэргетычнай стратэгіі ЕЗ, накіраванай на зніжэнне залежнасці ад расейскага газу.

Адным з элементаў гэтай стратэгіі стала прынятая з удзелам Нямеччыны пастанова: развіваць на тэрыторыі Еўразвязу - найперш у краінах Усходняй і Паўднёвай Еўропы - інфраструктуру тэрміналаў для прыймання і разладоўвання танкераў са звадкаваным газам (ЗПГ). Пад канец 2019 года, паводле звестак Франка Умбаха, краіны ЕЗ змогуць у суме прымаць штогод па 214 мільярдаў кубамэтраў ЗПГ, што складае вельмі значную дзель агульнага спажывання газу ў Еўразвязе.

Прычым імпульсам да стварэння такой інфраструктуры стала менавіта "лупняковая рэвалюцыя" ў ЗША, якая дазволіла еўрапейцам разлічваць на імпарт лішкаў амэрыканскага звадкаванага газу. Без такой рэвалюцыі і без унікальна гнуткай дамоўна-прававой базы для амэрыканскага экспарту ЗПГ, мяркуе экспэрт, былі б наогул немагчымымі ні змена энэргетычнай стратэгіі ЕЗ, ні лібералізацыя еўрапейскага газавага рынку.

"Падтрымка экспарту такога газу з ЗША, - піша Умбах, - ужо цягам гадоў, а не толькі з прыходам Дональда Трампа, з'яўляецца цэнтральным элементам трансатлантычнай энэргетычнай палітыкі і парадку дня энэргетычнай рады ЕЗ - ЗША". Прахалоднае ж стаўленне Бэрліна да амэрыканскага ЗПГ, адзначае ён далей, не ўлічвае таго факту, што еўрапейскія тэрміналы для яго прыймання могуць быць рэнтабельнымі ў сярэднетэрміновай перспектыве толькі пры больш высокай занятасці, чым тая, якая была ў 2017 годзе – 27%.

Кошт газу ў Азіі вышэйшы, чым у Еўропе

У тым, што ўрад Нямеччыны, іншых краін ЕЗ або амэрыканская адміністрацыя імкнуцца падтрымаць айчынныя фірмы, Франк Умбах нічога заганнага не бачыць. Але, зазначае ён, "адрозна ад Расеі і яе дзяржаўных канцэрнаў, амэрыканскія энэргетычныя кампаніі не пільнуюцца аўтаматычна ўрадавай палітыкі і абвешчанага курсу на энэргетычнае дамінаванне ў свеце".

Іх галоўная мэта - прыбытак, а таму большая частка экспарту ЗПГ з ЗША пакуль ідзе ў Азію, дзе кошт газу цяпер вышэйшы. "І датуль, пакуль высокі попыт на газ у Азіі не пачне спадаць, - піша Умбах, - пастаўкі амэрыканскага ЗПГ ў краіны ЕЗ не стануць значнымі". А вось у камерцыйнай мэтазгоднасці газаправода "Паўночны струмень-2" ён моцна сумняваецца. Свае разлікі на гэтую тэму ён апублікаваў яшчэ летась у сваім артыкуле "Міф аб танным расейскім газе" (The Myth of Cheap Russian Gas).

У аналітычнай нататцы для Федэральнай акадэміі палітыкі бяспекі Умбах спасылаецца на гучны даклад Sberbank CIB ("дачкі" Сбербанка Расеі), аўтары якога прыйшлі да высновы, што праекты "Газпрома" "Моц Сібіры", "Турэцкі струмень" і "Паўночны струмень-2" - гэта нерэнтабельныя і дрэнна спланаваныя шматмільярдныя інвестыцыі. Так, уважаюць аўтары дакладу, на працягу як мінімум 20 гадоў пасля ўвядзення ў эксплуатацыю "Паўночны струмень-2" не будзе прыбытковым.

Газ як інструмент геапалітыкі

Аўтар аналітычнай нататкі не ставіць пад сумнеў ні значэнне газу ў якасці важнага пераходнага энэрганосьбіта, ні мэтазгоднасць яго далейшага імпарту з Расеі. Але ён звяртае ўвагу на тое геапалітычнае значэнне, якое надаюць газаваму экспарту ў Маскве і якое адмаўляюцца бачыць у Бэрліне. Хай для прыліку урад Нямеччыны і намагае захавання ўкраінскага газавага транзіту - у тым ці іншым аб'ёме - пасля ўводу ў эксплуатацыю "Паўночнага струменю-2".

Афіцыйны Бэрлін уважае гэты газаправод за спрэс камерцыйным праект, хоць і з палітычным кампанентам. Але пры выпрацоўцы такой пазіцыі, зазначае Умбах, не была залучаная ні экспертыза міністэрства замежных спраў, ні аналіз Федэральнага агенцтва сетак (Bundesnetzagentur) магчымых наступстваў гэтага газаправода не толькі для нямецкага, але і еўрапейскага газавага рынку.

Абвяшчаючы "Паўночны струмень-2" пераважна камерцыйным праектам, Бэрлін наогул адмаўляецца ўступаць у дыскусію аб яго энэргетычна-палітычным вымярэнні. З такім сваім падыходам Бэрлін знаходзіцца ў ЕЗ у меншасці. Нямецкую пазіцыю падтрымліваюць толькі Аўстрыя і - з агаворкамі - Галандыя і Францыя. Еўракамісія, большасць у Еўрапарламенце, краіны Усходняй і Паўднёвай Еўропы - супраць "Паўночнага струменю-2". Не кажучы ўжо пра Украіну.

Роля ўкраінскага газавага транзіту

Пазбавіўшы яе ключавой ролі ў транзіце расейскага газу ў Еўропу, Крэмль фактычна атрымае карт-бланш на ўсякія дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю ўкраінскай дзяржавы, падважванне палітыкі рэформаў і курсу Кіева на інтэграцыю ў ЕЗ, а ў перспектыве - і ў NATO.

Умбах мяркуе, што менавіта ў гэтым і палягае адна з геапалітычных мэт Масквы. Крэмль ініцыяваў усё новыя экспартныя газаправоды, піша ён, для таго, каб абысці Украіну. Прадстаўнікі "Газпрома" часта папракаюць украінскую старану ў тым, што яна, маўляў, не клапоціцца аб падтрыманні сваёй газатранспартнай сістэмы ў дзейным стане, а таму, маўляў, і гарантаваць захавання газавага транзіту праз Украіну немагчыма.

Паводле звестак, якія падае Франк Умбах, частка ўкраінскай ГТС з прапускной здольнасцю 40 мільярдаў кубамэтраў за год ужо мадэрнізаваная, а вось трубы на расейскім баку гэтай сістэмы знаходзяцца ў занядбаным стане. "Іх не рамантуюць, - адзначае эксперт - бо Масква не хоча надалей карыстацца ўкраінскімі трубаправодамі для будучых паставак расейскага газу ў Еўропу".

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках