4 траўня 2024, Субота, 14:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сюрпрыз ад ЖКГ: Беларусы пасля «пераразліку» сталіся вінныя дзяржаве астранамічныя сумы

12
Сюрпрыз ад ЖКГ: Беларусы пасля «пераразліку» сталіся вінныя дзяржаве астранамічныя сумы

«Міжвольныя вінаватыя» з Гомеля цярпяць паразы ў судах з «Гомельэнэрга».

У Гомелі скончыўся суд аб спагнанні «Гомельэнэрга» запазычанасці з гамяльчанкі Марыны Яромінай, дакладней - ейнай мамы - Алены Серады (дачка прадстаўляла інтарэсы пенсіянеркі ў судзе). Пастанова прынятая не на карысць адказчыцы - ёй усё ж давядзецца выплаціць больш за 600 рублёў, якія пенсіянерка завінавацілася за камунальныя паслугі, сама таго не падазраючы. «Гомельэнэрга» жа паведаміла, што такіх вінаватых у рэгіёне - больш за тысячу. Сумы запазычанасці, як вядома TUT.BY, даходзяць да некалькіх тысяч рублёў.

Марына Яроміна прысудам засмучаная: жанчына кажа, да апошняга была ўпэўненая, што суд прыме бок «міжвольных вінаватых». Бо паводле рахункаў ейная маці заўсёды плаціла на часе. Хто ж ведаў, што няправільна?

У 2016 годзе мама Марыны Алена Яўгенаўна пераехала ў іншую кватэру, сваю пакінула ўнучцы Святлане (дачцэ Марыны). Праз паўтара года жанчыне прыйшоў рахунак, сума на аплату ў якім яе жахнула: за святло і цяпло яна вінная была ў разы больш, чым налічвалі ўсе папярэднія гады. Затэлефанавалі ў «Гомельэнэрга»: не, не памылка - пераразлік. Трэба даплаціць 600 рублёў. Пасля была позва ў суд.

Выявілася, уся рэч у пастанове ўрада чатырохгадовай даўніны № 571, якая вызначае, хто можа аплачваць святло, цяпло, газ і ваду паводле субсідаваных тарыфаў, а хто павінен плаціць цалкам. Так, да прыкладу, калі ў кватэры не жыве наймальнік або ягоныя сямейнікі, тарыф ня субсідуецца. Як выявілася, унукі - не сямейнікі. Такім чынам, аплачваць камунальныя паслугі Святлана мелася паводле 100%-га тарыфу.

У сваю чаргу, аблвыканкамы паводле ўсё той жа пастановы павінны штомесяц інфармаваць арганізацыі, якія выконваюць жыллёва-камунальныя паслугі, у тым ліку газа- і энэргазабеспячальныя арганізацыі аб жылых дамах і памяшканнях, у якіх няма зарэгістраваных на месцы жыхарства ўласніка жылога памяшкання і (або) ягоных сямейнікаў. Чаму гэтага не адбылося, пытанне рытарычнае.

У «Гомельэнэрга» прызнаюць - так, узаемадзеянне паміж установамі не спрацавала. Але гэта не вызваляе ад адказнасці платніка.

- Інфармацыю аб правілах ужывання субсідаванага тарыфу мы змяшчаем на паведамленнях аб аплаце камунальных паслуг, тлумачым гэтыя нормы ў СМІ, тэма асветленая на афіцыйным сайце і ў сацыяльных сетках. А галоўнае, у дамове на пастаўку энэргіі выразна прапісана, што ўласнік або наймальнік жылога памяшкання абавязаны інфармаваць энэргаарганізацыю аб змене складу сям'і, рэгістрацыі людзей на месцы жыхарства, - кажа ў інтэрв'ю штотыднёвіку «Советский район» в.а. дырэктара філіі «Энэргазбыт» РУП «Гомельэнэрга» Руслан Вягера.

Такіх, як Алена Яўгенаўна - не «злосных ухілістаў» ад аплаты, а тых, хто плаціў паводле субсідаваных тарыфаў за цяпло, не маючы на тое права, але нічога пра гэта не ведаў - у Гомелі 1102 ўладальнікі асабовых рахункаў, за электраэнэргію - 1696 . У большасці выпадкаў - гэта адны і тыя ж людзі. Камусьці налічаныя невялікія сумы за некалькі месяцаў, а некаму зроблены пераразлік за тры апошнія гады - і людзям даводзіцца вяртаць велізарныя сумы.

Паводле інфармацыі «Гомельэнэрга», 509 уладальнікаў асабовых рахункаў сплацілі запазычанасці без суда, з астатнімі «вядзецца індывідуальная работа». Пакуль энэргетыкі накіравалі ў суд сем пазоваў аб спагнанні запазычанасці за цяпло і дзесяць - за электраэнэргію.

Шэсць прысудаў ужо вынесена: людзі павінны разлічыцца з запазычанасцю. Адзінае паслабленне, якое «Гомельэнэрга» ахвочае зрабіць для іх - даць магчымасць разлічыцца ў растэрміноўку.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках