3 траўня 2024, Пятніца, 19:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Севераўральску пачаліся бойкі за пітную ваду

15
У Севераўральску пачаліся бойкі за пітную ваду

Пітной вады ў горадзе няма ўжо тры дні.

Севераўральск, дзе праз абвал рэчышча ракі Калья вада з-пад крана з 16 ліпеня непрыдатная для піцця, апусціўся ў сапраўдны хаос. Машыны, якія павінны былі завезці ваду ў горад, – зламаліся. У крамах людзі рвуць пакі з вадой з рук адзін у аднаго. Натоўпы жыхароў ужо некалькі гадзінаў стаяць у чэргах у пунктах выдачы вады і запісваюцца ў спісы – толькі так ваду можна будзе атрымаць на рукі, калі яе, нарэшце, прывязуць. Прычым пры сабе трэба мець пашпарт.

У Севераўральску да гэтага часу не пачалі выдаваць жыхарам пітную ваду. Адразу некалькі гараджанаў апавялі Znak.com, што на пунктах выдачы вады стаяць вялікія чэргі. Людзей запісваюць у спісы, пазначаючы іх пашпартныя звесткі, для таго каб выдаць ім 2 літры вады на рукі пры наяўнасці пашпарта, калі яна, нарэшце, патрапіць у горад.

«Людзей запісваюць у спісы і кажуць прыходзіць пазней, але да 6 вечару», – апавяла мясцовая жыхарка. Паводле ейных словаў, у спісах трэба пазначыць прозвішча, імя, імя па бацьку, свае пашпартныя звесткі, у тым ліку адрас пражывання і на якую колькасць чалавек бярэш ваду. «Людзі або запісваюцца і сыходзяць, альбо чакаюць. На галоўнай плошчы людзей даволі шмат», – дадала яна.

«Мы хадзілі, запісаліся, сышлі – чакаем. Нічога не ведаюць самі», – падзялілася Настасся Бандзюгова.

Дэпутат гарадской думы Віктар Ільін апавёў Znak.com, што абышоў некалькі кропак раздачы вады, анансаваныя мэрыяй.

«Абяцалі ў 13 гадзінаў выдаваць 2 літры на чалавека. Народ стаіць па ўсім горадзе – пакутуюць. Складаюцца спісы, запісваюцца пашпартныя звесткі чамусьці. Намеснік кіраўніка Уладзімір Паслер кажа, што гэта трэба для строгай справаздачнасці.

Але пакуль усё гэта бескарысна. Кажуць, што машыны зламаліся. Пачынаюцца адгаворкі. Народ так і стаіць на вуліцах цяпер», – сказаў Ільін.

Між тым, паводле ягоных звестак, у 7-ы мікрараён замест абяцаных 1000 пяцілітровых бутэлек прывезлі ўсяго 100. «Народ ужо біцца пачаў праз ваду. А людзі, якія прывезлі ваду, іх яшчэ і зневажаюць: "Што вы як жывёлы! Станьце па адным!" Але людзі стаялі на спякоце, хто з 12-й, хто з 13-й, народ раз'юшаны», – падзяліўся дэпутат.

Паводле ягоных звестак, больш вады не падвязуць, паколькі мэрыя не здолела дамовіцца з гандлёвай сеткай «Манетка». «Яны пагадзіліся толькі за перадаплату. Вада, можа быць, будзе толькі заўтра, калі дадуць перадаплату», – дадаў Ільін.

Адміністрацыя Севераўральскай гарадской акругі, спрабуючы супакоіць жыхароў, паведамляе пра сітуацыю з падвозам вады ў афіцыйнай групе «Вконтакте» ў рэжыме онлайн. Блізу 15-й мэрыя пацвердзіла, што пастаўка вады ў горад сарвалася «праз тэхнічныя прычыны». А блізу 16-й паведаміла, што машына адгружаецца і ў найбліжэйшы час вада трапіць у названыя пункты выдачы. Акрамя таго, цыстэрна з вадой будзе стаяць на плошчы, каб набраць тут вады, трэба будзе ўзяць з сабой ёмістасць.

«Просім прабачэння. Заклікаем захоўваць спакой. Вада пастаўляцца будзе», – падкрэсліваюць у мэрыі.

Але спакою ў грамадзянаў ужо не засталося. У папулярнай групе «Падслухана Севераўральск» у сацсетцы «Вконтакте» людзі пішуць гнеўныя паведамленні. Некаторыя чакаюць у пунктах выдачы з 12:30.

Гараджане абураныя не проста адсутнасцю вады, але і тым, на якіх умовах яе збіраюцца выдаваць, сярод іншага абмежаваннем 2 літры на чалавека. «У мяне дзіця-інвалід, і ў яго пайшла сып на ваду з-пад крана. І што мне рабіць з гэтымі двума літрамі? У якое месца засунуць? На дзіця, нават калі толькі абціраць яго, сыходзіць блізу 10 літраў за суткі!» – напісала адна мясцовая жыхарка.

«Два літры, і з пашпартам. Гэта фіяска... Я не здзіўлюся, калі потым у квітанцыі ЖКГ уключаць кошт вады выпітай», – дадаў іншы жыхар Севераўральска.

Зрэшты, ёсць і тыя, хто заклікае іншых набрацца цярпення. Частка гараджанаў адзначае, што можна астудзіць ваду з-пад гарачага крана або з'ездзіць па пітную ваду на крыніцу. Абмежаванне мэрыі некаторыя апраўдваюць тым, што вада набываецца за бюджэтныя сродкі, за якія потым трэба будзе даць справаздачу.

Паніка ў горадзе ўжо прывяла да ажыятажу ў мясцовых крамах. Дэпутат Віктар Ільін адзначае, што бутэляваная вада скончылася ў продажы яшчэ ўчора, яе паволі завозяць, але пакуль гэтай колькасці недастаткова. «У крамах ужо няма ніякай вады, адразу ж у аўторак ўсё змялі», – кажа ён. У сацсетках мясцовыя жыхары гэта пацвярджаюць.

«Цяпер была ў краме. Такі хаос... Нават брыдка глядзець. Трасуцца, пакі раскопваюць, ваду хапаюць. Жах проста», – напісала адна з мясцовых жыхарак. Іншая жанчына заўважыла, што кошты на ваду ў бутэльках адразу выраслі.

Жыхарам Севераўральска зразумела, што ў тэхнагеннай катастрофе няма віны адміністрацыі горада. Але надзвычайнае здарэнне паказала, што ўлады да такога апынуліся зусім не гатовыя, і ў гэтым галоўная прэтэнзія да мэрыі.

ФОТА: АЛА БРАСЛАЎСКАЯ / ГАРАДСКАЯ ГАЗЕТА «В КАЖДЫЙ ДОМ»

Як апавёў Znak.com дэпутат Віктар Ільін, кіраўнік гарадской акругі Васіль Мацюшэнка і дырэктар мясцовага водаканала Аман Карасан знаходзяцца ў адпачынках і перарываць іх праз катастрофу ў горадзе не збіраюцца.

«Усе дакладваюць, што ўсё пад кантролем, але факт у наяўнасці: горад стаіць, мацюкаецца, бабулі і дзядулі некалькі гадзінаў у чарзе па ваду. Вядома, гэта катаклізм прыроднага паходжання, а не віна адміністрацыі. Але з пункту гледжання арганізацыі – горад не гатовы да такіх рэчаў», – падкрэсліў Ільін.

Відавочна, што ягоную пазіцыю падзяляюць і іншыя жыхары горада.

У сацсетках людзі прапануюць сабрацца і рушыць да будынка гарадской адміністрацыі, каб запатрабаваць адказаў.

Гарадская незалежная газета «В каждый дом» вядзе наўпростую трансляцыю з пунктаў выдачы вады, якія пакуль не дзейнічаюць. Людзі кажуць, што будуць чакаць выдачы вады да ўпору. «Хацелася б, каб да нас адміністрацыя прыйшла, падтрымала, мы б ёй "падзякавалі"», – адзначыла адна з жыхарак горада.

Абвал канала ракі Кальі адбыўся 16 ліпеня на тэрыторыі прадпрыемства СУБР. Вада з разбуранага канала трапіла ў водазабор. СУБР узяў на сябе абавязальніцтва ліквідаваць аварыю да 19 ліпеня. Пакуль вада з-пад крана непрыдатная для піцця. Паводле звестак на 14-ю, яе каляровасць складала 29,8 пры норме 1,5, а мутнасць была 29,12 пры норме 20.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках