20 красавiка 2024, Субота, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Улады спрабуюць нэйтралізаваць структуру, якая займаецца праблемамі людзей»

3
«Улады спрабуюць нэйтралізаваць структуру, якая займаецца праблемамі людзей»

Прафзвяз РЭП актыўна паказаў сябе падчас «дармаедскіх» пратэстаў.

30 ліпеня ў Менску пачнецца разгляд справы незалежных прафзвязаў. Кіраўніка прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара арганізацыі Ігара Комлік вінавацяць у атрыманні вялікіх сум на замежны банкавы рахунак і нявыплаце падаткаў на вельмі вялікую суму. У сваю чаргу абвінавачаныя ўважаюць справу за палітычна матываваную і сфабрыкаваную, піша «Салiдарнасць».

- Спадзяемся на лепшае, але рыхтуемся да горшага. Дзякуй суду, дзякуй уладам, якія падрыхтавалі шыкоўны «падарунак» да майго дня нараджэння - 31 ліпеня мне спаўняецца 61 год. У нашай краіне рэдка бываюць незапланаваныя выпадковасці, - сказаў praca-by.info Генадзь Фядыніч. - Стварыць фальшывую электронную скрыню, нашпігаваць яе падробленымі дакументамі, а затым легалізаваць іх праз пракуратуру і суд - такіх прэцэдэнтаў у Беларусі яшчэ не было.

Ці ёсць імавернасць, што кіраўнікі прафесійнага звязу, які актыўна паказаў сябе ў часе пратэстаў «дармаедаў» увесну мінулага года, стануць палітычнымі вязнямі?

- Тое, што гэты прысуд будзе, я асабіста сумневаў не маю. Бо апраўдальных выракаў у судах у нас практычна не бывае, - пракаментаваў сітуацыю палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Крымінальная справа супраць незалежных прафзвязаў, на думку палітычнага аглядальніка, была распачатая паводле комплексу чыннікаў:

- Па-першае, гэта сапраўды спроба нэйтралізаваць структуру, якая актыўна займаецца сацыяльнымі праблемамі насельніцтва і ўдзельнічала ў сацыяльных хваляваннях у краіне. Па-другое, улады знайшлі нагоду, каб праз невядома адкуль знойдзены за мяжой рахунак заняцца гэтай справай. Думаю, усё гэта адначасова адыграла сваю ролю.

У той жа час Валерый Карбалевіч не думае, што прысуд у справе прафзвязаў будзе звязаны з пазбаўленнем волі:

- Пакуль улада не бачыць для сябе сур'ёзнай небяспекі з боку апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, я думаю, што справа будзе абмяжоўвацца судовымі прысудамі, якія не вядуць да з’яўлення палітычных вязняў. Але калі раптам улада адчуе нейкую рэальную пагрозу, то магчымыя розныя варыянты.

Узгадайце, як пасля акцыі недармаедаў паўстала справа «патрыётаў», калі тры дзесяткі чалавек пасадзілі турму, паказвалі розныя жахі са зброяй. А потым, калі пратэсты аціхлі і небяспека знікла, то ўсіх адпусцілі і справу спынілі. Я думаю, што прыкладна паводле такой жа схемы ўсё будзе працягвацца.

Палітолаг упэўнены: калі для ўлад сур'ёзная небяспека з'явіцца, то будзе рэалізаваны значна больш жорсткі сцэнар.

- І нават стасункі з Еўропай іх не спыняць, бо пагроза ўнутраная для ўлады значна больш важная, чым нейкія дыпламатычныя дачыненні. Пагатоў Еўропа апошнім часам стала глядзець на шмат якія рэчы больш мякка і лаяльна, - сказаў Карбалевіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках