3 траўня 2024, Пятніца, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Трамп асабіста прыняў пастанову абвінаваціць ГРУ перад сустрэчай з Пуціным

1
СМІ: Трамп асабіста прыняў пастанову абвінаваціць ГРУ перад сустрэчай з Пуціным
Фота: AFP

Амерыканскі прэзідэнт мог адкласці аб'яву аб выніках расследавання ўмяшання РФ у выбары.

Новыя абвінавачванні аб умяшанні расейскіх спецслужбаў у выбары прэзідэнта ЗША былі апублікаваныя перад самітам з Уладзімірам Пуціным у Хельсінкі з асабістага адабрэння Дональда Трампа, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з пытаннем.

З іх слоў, Трамп спадзяваўся, што наяўнасць новых абвінавачванняў узмоцніць ягоныя пазіцыі падчас перамоваў з расейскім прэзідэнтам у Хельсінкі.

Суразмоўцы агенцтва распавялі, што намеснік генпракурора Род Розенстайн прыйшоў да прэзідэнта ЗША з новымі матэрыяламі расследавання і прапанаваў яму вызначыць, да або пасля саміту з Пуціным іх агучыць. Трамп абраў неадкладную публікацыю, у выніку тэма патрапіла ў цэнтр увагі амерыканскай і сусветнай прэсы за 72 гадзіны да сустрэчы прэзідэнтаў.

Розенстайн абвясціў аб тым, што вялікае журы выставіла завочныя абвінавачванні 12 супрацоўнікам расейскіх спецслужбаў, якіх падазраюць ва ўзломе кампутарных сетак кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў Хілары Клінтан і сетак самой партыі, на брыфінгу 13 ліпеня. Абвінавачванні прагучалі ў рамках расследавання аб умяшанні Расеі ў выбары, якое праводзіць спецпракурор Роберт Мюлер. Расея неаднаразова адхіляла такія абвінавачванні ў свой адрас.

Намеснік генпракурора патлумачыў тады, што гаворка ідзе пра 12 супрацоўнікаў Галоўнай управы Генштаба Узброеных сіл Расеі, якіх абвінавачваюць у крадзяжы імёнаў і пароляў валанцёраў перадвыбарнай кампаніі Клінтан, а таксама звестак кіраўніка яе перадвыбарчага штаба Джона Падэста. Сцвярджаецца, што супрацоўнікі спецслужбы, якая раней называлася ГРУ, таксама ўзламалі кампутарную сетку нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі. Са слоў Розенстайна, хакерскія дзеянні пачаліся прыкладна ў сакавіку 2016 года.

Перамовы Трампа і Пуціна прайшлі ў Хельсінкі 16 ліпеня. На выніковай прэс-канферэнцыі аб умяшанні ў выбары Трамп выказаўся двухсэнсоўна, што дало падставу прэсе інтэрпрэтаваць ягоныя словы як недавер інфармацыі ўласных спецслужбаў. На наступны дзень, ужо ў Вашынгтоне, Трамп сабраў прэс-канферэнцыю, на якой сказаў, што абмовіўся падчас выступу ў Хельсінкі. «Я прымаю высновы выведвальнай супольнасці, што было ўмяшальніцтва. І не было ніякай змовы», - запэўніў Трамп.

Спецпракурор Мюлер вядзе расследаванне расейскага ўмяшання ў выбары з траўня 2017 года. Ён ужо некалькі разоў выстаўляў абвінавачванні супраць расейцаў аб умяшанні, аднак ні разу не змог хоць бы ўскосна пацвердзіць галоўны пункт, дзеля якога ён і быў прызначаны спецпракурорам - гэта абвінавачванне Трампа і чальцоў ягонай каманды ў змове з Расеяй перад прэзідэнцкай кампаніяй 2016 года. Аб змове як даказальным факце цягам некалькіх месяцаў практычна штодня паведамлялі вядучыя амерыканскія СМІ, у першую чаргу CNN, MSNBC, The Washington Post, The New York Times.

Трамп называў абвінавачванне ў змове «паляваннем на ведзьмаў», а СМІ, якія распаўсюджваюць іх - стваральнікамі фальшывых навін. Пры гэтым абарона Трампа заявіла, што ён пагодзіцца даць паказанні генпракурору, калі той выставіць хоць нейкае сведчанне таго, што змова каманды Трампа з Крамлём сапраўды мела месца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках