2 траўня 2024, Чацвер, 7:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія праваабаронцы патрабуюць вызваліць Міхаіла Жамчужнага

1
Беларускія праваабаронцы патрабуюць вызваліць Міхаіла Жамчужнага
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Зварот накіраваны да Лукашэнкі.

Шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый 17 ліпеня падпісаліся пад зваротам да Лукашэнкі, у якім просяць памілаваць зняволенага Міхаіла Жамчужнага і вызваліць яго ад далейшага адбыцця пакарання. Пра гэта паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 годзе ў Віцебску. Працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак. Першы ў краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Ва ўніверсітэце кіраваў лабараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду.

З 2007 да 2012 года ён адбываў пакаранне паводле артыкулу 210 КК (Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).

Пасля вызвалення стаў сябрам арганізацыі «Платформа», дзе займаўся зборам інфармацыі пра сітуацыю ў месцах зняволення. Пасля ліквідацыі «Платформы» стаў заснавальнікам новай арганізацыі «Платформа інавэйшн».

Міхаіла Жамчужнага арыштавалі зноў у жніўні 2014 года. Ён абвінавачваўся паводле артыкулаў 376 (ч.1, ч.2), 375 (ч.1) і 431 (ч.1, ч.2) крымінальнага кодэксу: наўмыснае выдаванне звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую таямніцу; даванне хабару.

Суд над Жамчужным пачаўся 1 чэрвеня 2015 года і праходзіў у закрытым рэжыме. 13 ліпеня ён быў прызнаны вінаватым і атрымаў шэсць гадоў строгага рэжыму. 25 кастрычніка ў выніку разгляду касацыйнай скаргі да ягонага тэрміну дадалося яшчэ паўгода.

Праваабаронцы мяркуюць, што судовы разбор быў праведзены з парушэннямі:

«Зварот аб памілаванні асуджанага Жамчужнага Міхаіла Ігаравіча

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, кіруючыся п.19, арт.84 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у парадку, вызначаным арт.96 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь звяртаемся з просьбай аб памілаванні асуджанага Жамчужнага Міхаіла Ігаравіча, 1955 года нараджэння, які адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў ПВК № 9 у Горках Магілёўскай вобласці.

Жамчужны Міхаіл Ігаравіч – заснавальнік зліквідаванай у 2015 годзе праваабарончай установы «Платформа Інавэйшн», асуджаны да пазбаўлення волі на 6 гадоў 6 месяцаў прысудам судовай калегіі крымінальных спраў Віцебскага абласнога суда ад 10.07.2015 з улікам змен, унесеных у прысуд судовай калегіяй Вярхоўнага суда ад 23.10.2015 г. М.Жамчужны прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў паводле ч.5 арт.16, ч.1 арт.375, ч.1 і ч.2 арт.376, ч.1 і ч.2 арт.431 КК Рэспублікі Беларусь.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ацэньваючы разгляд справы ў судзе, заявілі аб тым, што пазбаўленне волі да Міхаілу Жамчужнаму было ўжытае з парушэннем права на справядлівы судовы разбор, гарантаваны артыкулам 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; грунтавалася на інкрымінаванні дзеянняў, справакаваных прадстаўнікамі дзяржавы, а значыць – якія не з'яўляюцца злачыннымі. У той жа час працягласць і варункі пазбаўлення волі абраныя відавочна непрапарцыйна правапарушэнню, у якім асоба прызнаная вінаватай.

Гэтыя абставіны дазваляюць нам уважаць М.Жамчужнага за палітычнага зняволенага на падставе Кіраўніцтва для вызначэння панятку «палітычны вязень», распрацаванага у тым ліку на падставе сфармуляваных Парламенцкай Асамблеяй Рады Еўропы крытэрыяў (рэзалюцыя ПАРЕ № 1900 (2012).

У сувязі з гэтым мы патрабавалі неадкладнага перагляду прынятага ў дачыненні да Міхаіла Жамчужнага судовага прысуду пры захаванні права на справядлівы судовы разбор і ліквідацыі названых вышэй чыннікаў.

Зняволены М.Жамчужны адбыў ужо блізу чатырох гадоў (тры гады і дзевяць месяцаў) з прызначанага судом пакарання. З'яўляючыся асобай пенсійнага веку, М.Жамчужны адчувае ў зняволенні дадатковыя пакуты, акрамя абумоўленых самім фактам пазбаўлення волі.

Хочам звярнуць увагу на тое, што хоць М.Жамчужны і з'яўляецца злосным парушальнікам устаноўленага рэжыму адбыцця пакарання, але ўсе парушэнні апошняга часу звязаныя з асцярогай стаць ахвярай існых сярод зняволеных нефармальных стасункаў пры патуранні адміністрацыі папраўчай установы, што, у сваю чаргу, успрымаецца намі як форма жорсткага і бесчалавечнага абыходжання са зняволеным.

Асуджэнне і варункі адбыцця пакарання Міхаілам Жамчужным стала аб’ектам абмеркавання на пасяджэнні Камітэта супраць катаванняў ААН у траўні 2018 года падчас прэзэнтацыі пятага перыядычнага дакладу Беларусі. Сваю заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася ў дачыненні да М.Жамчужнага, таксама неаднаразова выказвалі прадстаўнікі міжнародных і праваабарончых арганізацый, у тым ліку Еўрапейскі парламент і Камітэт супраць катаванняў.

У сувязі з гэтым, кіруючыся прынцыпамі гуманізму і справядлівасці,

Мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, звяртаемся з просьбай аб памілаванні Міхаіла Жамчужнага Ігаравіча і вызваленні яго ад далейшага адбыцця пакарання.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый

Беларускі Дом правоў чалавека імя Б.Звозскава

ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»

РПГА «Беларускі Хельсінскі камітэт»

Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»

Офіс правоў людзей з інваліднасцю

Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»

Установа «Кансультацыйны цэнтр актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта»

Асветніцкая ўстанова «Цэнтр прававой трансфармацыі»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках