Гарадзенскі актывіст: Гэтае беззаконне павінна скончыцца!
2- 17.07.2018, 11:31
- 11,217
Мікалай Салянік гатовы абараняць свае правы ў судзе.
18 ліпеня а 10.00 у судзе Кастрычніцкага раёна Гародні адбудзецца суд над актывістам Мікалаем Салянікам паводле сфабрыкаванай супраць яго справы.
Цяпер Мікалай Салянік у лякарні, але гарыць жаданнем быць на гэтым працэсе. А сябры і паплечнікі па партыі запрашаюць усіх неабыякавых прыйсці ў суд і падтрымаць актывіста.
Нагадаем, 3 ліпеня актывісты АГП Мікалай Салянік і Аляксандр Лаўрэнцьеў былі незаконна, брутальна затрыманыя супрацоўнікамі ў цывільным.
Аляксандра Лаўрэнцьева 4 ліпеня асудзілі паводле двух адміністрацыйных артыкулаў (арт.23.4 і 23.34 КаАП) да штрафу сумай 20 базавых адзінак. Мікалай Салянік патрапіў улякарню.
- Пасля затрымання хуткая дапамога адвезла мяне ў лякарню - быў гіпертанічны крыз, - распавёў сайту ucpb.org Мікалай Салянік. - Адтуль па званку з міліцыі праз тры дні мяне выпісалі. Я чакаў, што прыедуць супрацоўнікі УУС мяне забіраць, але яны не прыехалі. А праз дзень давялося зноў выклікаць хуткую. Мяне шпіталізавалі ў кардыялагічны цэнтр, і я дагэтуль знаходжуся тут.
- Аднак у вас ёсць жаданне прысутнічаць на судзе.
- Я патэлефанаваў нашым гарадзенскім актывістам і вызначыў, што буду. Нават калі не выпішуць. Маральна для мяне горш невядомасць, чым вырак суда. Хацелася б, каб нехта з Менска прыехаў, падтрымаў і дапамог нам.
- Як вы самі ацэньваеце заведзеную супраць вас справу і будучы суд?
- Цалкам відавочна, што мы не правялі ніякага пікету. Нават паводле існых законаў нельга караць за тое, што мы ў паласатай вопратцы проста ішлі да свайго аўтамабіля...ды і ехаць маглі куды заўгодна - па ягады, па грыбы і гэтак далей. Але мы ж ведаем, у якой дзяржаве жывем. Калі за плясканне ў ладкі ў нас караюць людзей (нават аднарукіх), то я ўжо нічому не дзіўлюся. І нават ведаю, якую пастанову яны прымуць.
- Напэўна несправядлівую. Здольная яна паўплываць на вашу палітычную актыўнасць, веру ў перамогу законнасці?
- Не. Гэта толькі загартуе мяне. Калі хочаце, нават па-добраму яшчэ больш узлаваўся на гэтую ўладу. Таму што беззаконне, якое існуе ў рэспубліцы, павінна калісьці скончыцца.