2 траўня 2024, Чацвер, 15:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывістка - чыноўнікам: Мы павінны вам дыктаваць умовы, а вы іх выконваць

2
Актывістка - чыноўнікам: Мы павінны вам дыктаваць умовы, а вы іх выконваць

Жыхары Светлагорска прадаўжаюць бунтаваць супраць скандальнага завода.

Смуродны завод вяртаецца ў Светлагорск! Жыхары ўжо адчулі непрыемныя пахі. Але ўлады кажуць, што гэта часова - ёсць фільтры, і калі завод запрацуе напоўніцу, ніякіх выкідаў не будзе, паведамляе «Белсат».

Завод сульфатнай беленай цэлюлозы (ЗБЦ) у Светлагорску, які, са слоў мясцовых жыхароў і шматлікіх экспэртаў, забруджвае паветра ў рэгіёне, зноў запрацаваў. Пакуль - не цалкам, але цэлюлоза ўжо варылася.

Жыхары вёскі Якімавай Слабады скардзяцца на смурод. А ў канцэрне «Беллеспаперапрам», аднак, запэўніваюць, што цяпер праца завода цалкам бяспечная. Маўляў, для ачысткі ад выкідаў газаў усталяваныя адмысловыя «скруберы», а стан навакольнага асяроддзя ў раёне стала знаходзіцца пад кантролем Мінпрыроды.

«Працэс яшчэ да канца не адладжаны, ідзе працэс налады. Калі запрацуе поўны цыкл, паху наогул не будзе. 99,9% гэтага ўсяго будзе спальвацца. Але ўсе дазвольныя дакументы ёсць, усе фільтры ёсць. Зроблены дадатак да разлікаў нашага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і аўстрыйцаў», - кажа прадстаўнік ААТ «Светлагорскі ЦКК».

У Светлагорскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі кажуць, што кантроль якасці паветра адбываецца супольна з «прадстаўнікамі грамадскасці». Праўда, у яго складзе - толькі «дэпутаты» і прадстаўнікі вертыкалі. Менавіта яны на сходзе 21 чэрвеня і пераконвалі жыхароў у тым, што тыя змогуць паўдзельнічаць у замерах.

«Збор быў нядаўна ў клубе - а толку? Яны нават слова людзям не даюць сказаць», - адзначае жыхар Якімавай Слабады.

А таму і падстаў верыць гэтым самым чыноўнікам у людзей не вельмі шмат. Больш за тое, з расповедаў мясцовых жыхароў, доступ да вынікаў замераў, якія праводзіліся спецыялістамі з Масквы, будзе мець толькі кіраўніцтва завода - бо яны іх і замаўлялі.

«Беспакаранасць і безадказнасць. Людзей трымаюць за ідыётаў. Навучыліся прыгожа афармляць справаздачы ўсялякія», - заўважае мясцовая жыхарка.

Іншы жыхар Якімавай Слабады Вячаслаў Вашкевіч кажа:

«Хлусяць яны. Дык яны самі ў адкрытую і сказалі: пакуль не запусцім завод цалкам, будзем вас цкаваць. Вось і ўсё».

Вось так і атрымліваецца: чыноўнікі кажуць белае, а жыхары адчуваюць чорнае. Прычым на ўласнае здароўе.

«Уладу мы не выбіраем. У нас атрымліваецца, на жаль, парадаксальная сітуацыя - мы існуём для гэтай улады, а не гэтая ўлада для нас. І вось гэтую сітуацыю трэба перавярнуць. Трэба ім нагадаць, што яны для нас існуюць. Мы павінны ім дыктаваць умовы, а яны павінны іх выконваць, калі яны з'яўляюцца дзяржаўнымі чыноўнікамі», - мяркуе Алена Маслюкова з групы кантролю за выкідамі ЗБЦ.

Але пакуль сітуацыя застаецца не развязанай.

Светлагорскі завод сульфатнай беленай цэлюлозы пабудаваны генеральным падрадчыкам кітайскай карпарацыяй «CAMCE». Ён павінен забяспечваць безадкідную перапрацоўку драўніны і прыносіць 150 мільёнаў даляраў чыстага прыбытку на год. Укладзена ж у праект больш за 800 мільёнаў. Большасць грошай даў Кітай. У крэдыт.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках