Пад Рэчыцай ДАІшнікі са стральбой спынялі п'янага кіроўцу
2- 16.07.2018, 17:35
- 13,701
Міліцыянты зрабілі тры стрэлы ў паветра, але кіроўца не адрэагаваў.
У Рэчыцкім раёне экіпаж ДАІ быў вымушаны адкрыць стральбу, каб спыніць п'янага кіроўцу, паведамляе БелТА.
Здарэнне адбылося 14 ліпеня а 23.30. ДАІшнікі звярнулі ўвагу на аўтамабіль «Дэу», які, віляючы з боку у бок, ехаў насустрач ім з боку вёскі Заходы па аўтадарозе Акцябрскі-Парычы-Рэчыца. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі запатрабавалі ў яго спыніцца і ўключылі светлавую і гукавую сігналізацыю. Аднак кіроўца праігнараваў іх сігналы і працягнуў рух. Міліцыянты наважылі выкарыстаць агнястрэльную зброю, каб спыніць машыну парушальніка.
Міліцыянты зрабілі тры папераджальныя стрэлы ў паветра, але кіроўца не адрэагаваў на іх. Пасля гэтага ДАІшнікі некалькі разоў прыцэльна стрэлілі па колах аўтамабіля, але мужчына і не думаў спыняцца. Каля павароту на вёску Васількова ён спыніўся, а потым паехаў заднім ходам на аўтамабіль ДАІ. «Пасля наезду на службовае аўто парушальнік, пераключыўшы перадачу, працягнуў рух наперад», - кажуць ва УДАІ.
Затрымаць яго ўдалося толькі каля лесу. Высветлілася, што 47-гадовы жыхар Рэчыцкага раёна ўцякаў ад экіпажа ДАІ, бо ад яго зыходзіў рэзкі пах алкаголю. У ДАІ кажуць, што мужчына адмовіўся прайсці медагляд. Пазней ён прызнаўся, што не хацеў, каб яго пакаралі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.
На кіроўцу склалі восем адміністрацыйных пратаколаў за парушэнне правілаў дарожнага руху. Таксама на яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі.