19 красавiка 2024, Пятніца, 4:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскіх аптэках сталі знікаць лекі

125
У менскіх аптэках сталі знікаць лекі

Адсутнасць лекаў у аптэках – не адзіная праблема ў медыцыне, якая ўзнікла за апошні месяц.

"А ў чым жа рэч, #Міністэрства аховы здароўя? А як лячыць шчытападобную залозу, калі асноўнага прэпарату няма??? Краіна перажыла Чарнобыль, блін..." – піша 13 ліпеня на сваёй старонцы ў Facebook карыстальніца Ірына Антонава, маючы на ўвазе нямецкія таблеткі "Тыразол".

"Калі змогуць закупіць, то закупяць у жніўні"

Сапраўды, аптэчны пошукавік выдае, што "Тыразолу" ў продажы няма. На ўсялякі выпадак тэлефануем у аптэкі. У адной з іх, на вуліцы Чырвонай, "Тыразол" усё ж знаходзіцца. Дзесяць упаковак са старых запасаў, паведамляе Еўрарадыё.

– Прэпарат у продажы адсутнічае, – кажуць у адной з аптэк "Белфармацыі".

– Дык а што рабіць хворым?

– Ёсць украінскі лекавы сродак "Мерказаліл. Здароўе". Ён ідзе ў якасці замены "Тыразолу".

– А даўно няма "Тыразолу"?

– Не, блізу месяца. А з’явіцца павінен у жніўні.

– Чаму так позна?

– Гэта пытанне не да нас, а да вытворцы.

Прыкладна такія адказы чуем у іншых аптэках Менска. Таксама фармацэўты вылучаюць версію, што прэпарат можа адсутнічаць у продажы, бо ёсць праблема з рэгістрацыяй. Але ў даведачнай службе 169 сітуацыю растлумачваюць:

"Яго няма ў продажы, бо няма пастаўкі ад вытворцы. Калі змогуць закупіць, то закупяць у жніўні".

У аддзеле лекавага забеспячэння "Белфармацыі" дадаюць:

"Запланаваная пастаўка ў Рэспубліку Беларусь у канцы жніўня – пачатку верасня".

Лекі ўсё ж ёсць, але не для ўсіх

Афіцыйная прычына адсутнасці "Тыразолу" ў беларускіх аптэках ну вельмі дзіўная: рэбрэндынг упакоўкі! Праўда, «для забеспячэння пацыентаў, якія знаходзяцца на адтэрмінаваным забеспячэнні, у аптэках РУП "Белфармацыя" на аптэчным складзе ў абмежаванай колькасці ёсць у наяўнасці лекавыя сродкі "Тыразол" таблеткі п/а 10 мг упакоўка №50 і "Тыразол" таблеткі п/а 5 мг упакоўка №50».

Гэта значыць, лекі ўсё ж ёсць, але не для ўсіх? У каментарах да паста Ірыны Антонавай прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун тлумачыць, што калі ў Ірыны ёсць рэцэпт, яна можа рэалізаваць яго ў аптэках "Белфармацыі" – прэпарат прывязуць з адмысловага склада. Але Еўрарадыё такіх прапановаў у аптэках "Белфармацыі" не рабілі.

"Такая сітуацыя склалася"

Адсутнасць лекаў у аптэках – не адзіная праблема ў медыцыне, якая ўзнікла за апошні месяц, якраз у час, калі пачаліся антыкарупцыйныя зачысткі ў шэрагах чыноўнікаў ад медыцыны. У паліклініках цяпер вельмі цяжка здаць аналізы на гармоны шчытападобнай залозы – няма рэактываў.

"Закупка рэагентаў за бюджэтныя сродкі для правядзення аналізаў на бясплатнай аснове праводзіцца праз стандартную працэдуру дзяржзакупкі – электронны аўкцыён, – адзначаецца ў лісце Міністэрства аховы здароўя. – На гэта часам патрабуецца значна больш часу, чым было запланавана праз не залежныя ад ўстановы прычыны. Такая сітуацыя склалася ў 2-м квартале 2018 года ва ўсіх названых вышэй установах аховы здароўя [Гарадскім эндакрыналагічным дыспансеры, 10-й лякарні і Менскім клінічным кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры]. Перш за ўсё ў такой сітуацыі арганізуецца выкананне гарманальных аналізаў пацыентам, якім нельга адтэрмінаваць іх выкананне праз медыцынскія паказнікі, у тым ліку цяжарным жанчынам".

Чаму ўзніклі праблемы са "стандартнай працэдурай дзяржзакупкі"? Ці не таму, што кіраўнікі ўсіх ключавых установаў, праз якія ажыццяўляюцца пастаўкі лекаў у Беларусь, знаходзяцца за кратамі? Нагадаем, у следчым ізалятары КДБ паводле "справы лекараў" цяпер знаходзяцца і кіраўнік "Белфармацыі" Вячаслаў Гніцій, і дырэктар Цэнтра экспертызаў і выпрабаванняў Аляксандр Сталяроў, і дырэктар буйной сеткі аптэк "Іскамед" Аляксандр Шакуцін, і кіраўнік фармацэўтычнага прадпрыемства "Экзон" Валерый Васкевіч, і намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі.

Напісаць каментар 125

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках