3 траўня 2024, Пятніца, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што важней, чырвонае святло або здароўе пацыента «хуткай дапамогі»?

18
Што важней, чырвонае святло або здароўе пацыента «хуткай дапамогі»?

У Берасці інспектар ДАІ спыніў аўтамабіль хуткай дапамогі, які вёз пацыента ў лякарню.

На высвятленне стасункаў спатрэбілася некалькі хвілін. Мяркуючы з відэа, якое зняў відавочца, на кіроўцу хуткай дапамогі быў складзены пратакол, паведамляе «Еўрарадыё».

"Учора прыйшоў запыт з ДАІ, мы ім адправілі ўсю інфармацыю. Пакуль яны афіцыйна ніякай пастановы паводле гэтай справы не вынеслі, таму я каментаваць больш нічога не магу", - распавядае загадчыца філіяла "Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі" берасцейскай БСМП Валянціна Пашкевіч.

Паводле ейных слоў, інцыдэнт не паўплываў на здароўе пацыента, якога везла "хуткая дапамога".

"Няўжо вы думаеце, што жыццё гэтага чалавека хтосьці б ставіў у небяспеку? Калі б было патрэбна, выклікалі б яшчэ адну брыгаду хуткай дапамогі на сябе для транспартавання", - працягвае Валянціна Пашкевіч.

Яна запэўнівае нас, што гэта першы на яе памяці выпадак, калі супрацоўнік ДАІ спыняе "хуткую дапамогу".

Са звестак журналістаў, прычынай спынення стала тое, што кіроўца "хуткай дапамогі" праехаў на чырвонае святло. Інспектар ДАІ не мог загадзя ведаць, у якім стане знаходзіцца пацыент, але ўсё ж надумаў спыніць аўтамабіль.

Але што важней, чырвонае святло або здароўе пацыента "хуткай дапамогі"?

"Закон для ўсіх адзіны. Іншая справа, што нам заўсёды робяць зніжку. Што там насамрэч адбылося, невядома", - рэзюмуе Валянціна Пашкевіч.

Супрацоўніца менскай "хуткай дапамогі" Алена Стральцова распавядае, што кіроўца медыцынскага аўтамабіля можа ехаць на чырвонае святло, але толькі з мігалкамі.

"З мігцелкай на чырвонае святло можна ехаць, калі экстраны выпадак. А без мігалак - не, ніхто ў нас так не ездзіць. Я б сама не хацела ехаць з такім кіроўцам, з такой брыгадай, якая без папераджальных знакаў, без мігцелкі едзе на чырвонае. Думаю, вы таксама не пагадзіліся б, калі б былі пацыентам", - расказвае Алена.

Мабыць, самае рэзананснае ДТЗ з удзелам машыны хуткай дапамогі адбылося 6 лістапада 2016 года. Тады "хуткая дапамога", якая везла пацыентку ў крытычным стане, сутыкнулася з аўтамабілем Lada на скрыжаванні вуліц Багдановіча і Камуністычнай у Менску. У выніку сутыкнення медыцынскі аўтамабіль адкінула на Citroen, ён перакуліўся на дах. Кіроўцы і медыкі атрымалі траўмы і былі дастаўленыя ў лякарню, а пацыентка памерла на месцы.

Тады кіроўцы "хуткай" распавядалі, што час ад часу сапраўды вымушаныя карыстацца правам праехаць на чырвонае святло - такія магчымасці спецтранспарту прапісаныя ў Правілах дарожнага руху. Але не ўсе ўдзельнікі дарожнага руху ведаюць пра гэта, а некаторыя дык прынцыпова не прапускаюць "хуткую дапамогу".

Таму здарэнні з аўтамабілямі хуткай дапамогі ў Беларусі, на жаль, не рэдкасць. Зусім нядаўна, падчас рэпетыцыі параду ў Менску калона вайсковай тэхнікі не прапусціла "хуткую дапамогу" з уключанымі маячкамі. За месяц да таго ў Гародні ў аварыі з удзелам "хуткай дапамогі" пацярпела фельчарка. Крыху раней медыцынскі аўтамабіль сутыкнуўся з легкавіком ў Магілёве, двое медыкаў атрымалі траўмы.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках