3 траўня 2024, Пятніца, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына назвала Грэцыі ўмову выплаты апошняга траншу дапамогі

2
Нямеччына назвала Грэцыі ўмову выплаты апошняга траншу дапамогі

Транш 15 мільярдаў еўраў часова заблакаваны.

Нямеччына ў чацвер, 12 ліпеня, на пасяджэнні Еўрагрупы – Рады міністраў фінансаў 19 краінаў еўразоны – заблакавала выплату апошняга траншу дапамогі Грэцыі памерам 15 млрд еўраў. Прычынай паслужыла пастанова Афінаў без згоды крэдытораў падоўжыць рэжым падатковых паслабленняў на пяці грэцкіх выспах: Лесбасе, Хіёсе, Самасе, Лерасе і Косе. Пра гэта паведаміла на сваім сайце грэцкая штодзённая газета Ekathimerini.

Паводле вынікаў пасяджэння міністр фінансаў Партугаліі Марыу Сентэну, які займае пасаду кіраўніка Еўрагрупы, патлумачыў журналістам: "Дазвол на выплату апошняга траншу памерам 15 млрд быў ратыфікаваны 18 краінамі".

"Канчатковая пастанова з нагоды фармальнага заканчэння разгляду перадумоваў і ўхвалення выплатаў можа быць прынятая пасля выканання ўсіх нацыянальных працэдураў. Чакаю, што гэта адбудзецца ў пачатку жніўня", – падкрэсліў Сентэну.

Як удакладняе агенцтва dpa, Афіны абяцалі падвысіць ПДВ на астравах да стандартнага ўзроўню 24 адсоткі. Пазней яны, аднак, перагледзелі гэтую пастанову, пакінуўшы стаўку на ўзроўні 17 адсоткаў мінімум да канца 2018 года. У якасці прычыны Грэцыя назвала павышаную нагрузку на гэтыя выспы праз прыбыццё ў рэгіён бежанцаў. Як адзначаюць грэцкія ўлады, з гэтай прычыны ў мясцовым бюджэце ўтварыўся дэфіцыт 28 млн еўраў, які спадзяваліся папоўніць за кошт паніжанай падатковай стаўкі.

Сродкі на стварэнне рэзервовага запасу

Паводле звестак Ekathimerini, міністр фінансаў Грэцыі Эўклідыс Цакалатас на пасяджэнні Еўрагрупы паабяцаў, што са студзеня 2019 года ПДВ будзе павялічаны.

Цяпер перад пералікам траншу камітэт бундэстага ў бюджэтных пытаннях павінен будзе зноў даць зялёнае святло гэтаму крэдыту, нягледзячы на тое, што ў чэрвені нямецкі парламент ужо ўхваліў вылучэнне апошняга траншу фінансавай дапамогі Афінам у межах Еўрапейскага стабілізацыйнага механізму (EMS).

Пасля заканчэння Берлінам працэдуры ратыфікацыі сродкі будуць пералічаныя. Чакаецца, што зрабіць гэта атрымаецца да 20 жніўня, калі праграма падтрымкі закончыцца. Значная частка вылучанай сумы павінна была пайсці на стварэнне Грэцыяй рэзервовага фінансавага запасу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках