3 траўня 2024, Пятніца, 9:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што вядома пра міліцыянта, які перайшоў на бок абаронцаў Курапатаў

30
Што вядома пра міліцыянта, які перайшоў на бок абаронцаў Курапатаў

Міхаіл Грамыка цяпер знаходзіцца ў турме.

Паводле словаў актывістаў вахты ў Курапатах, 15 ліпеня з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску, павінен вызваліцца супрацоўнік міліцыі 44-гадовы Міхаіл Грамыка. Наглядчык адміністрацыйнай турмы, у якой cядзелі тысячы апазіцыянераў, 30 чэрвеня сам стаў у шэрагі абаронцаў Курапатаў. Пасля гэтага Міхаіл Грамыка трапіў у адну з камераў, якія раней сам ахоўваў, паведамляе «Радыё Свабода».

За ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, паводле непацверджанай інфармацыі ад абаронцаў Курапатаў, Грамыку асудзілі на 15 сутак арышту.

У турме на Акрэсціна і ў міліцыі інфармацыі пра Грамыку не даюць. У ходзе круглага стала 12 ліпеня, прысвечанага далейшай стратэгіі ў справе абароны Курапатаў, актывіст Леанід Кулакоў сказаў, што, хутчэй за ўсё, Міхаіл Грамыка быў асуджаны 2 ліпеня, у першы працоўны дзень пасля яго ўдзелу ў курапацкай вахце, альбо адразу пасля доўгіх выходных.

Шукаючы інфармацыю пра Грамыку, карэспандэнт "Свабоды" ў першую чаргу звязаўся з ізалятарам на вуліцы Акрэсціна ў Менску, дзе працаваў Міхаіл і дзе нібыта ён цяпер знаходзіцца.

Раней там называлі прозвішчы затрыманых. У гэтым выпадку дзяжурны ў турме на Акрэсціна перш за ўсё спытаў, хто цікавіцца інфармацыяй пра Грамыку. Пасля чаго сказаў, што ніякай інфармацыі праз тэлефон ягоная ўстанова не дае.

Прэс-сакратарка менскай міліцыі Наталля Ганусевіч выслухала пытанне карэспандэнта, запісала прозвішча Грамыкі і паабяцала праз 30 хвілінаў адказаць, ці працаваў у іх такі чалавек, ці быў ён звольнены і арыштаваны.

Пазней яна адказала карэспандэнту:

«Калі будзе нейкая інфармацыя з гэтай нагоды, то яна з'явіцца на сайце ГУУС Менгарвыканкама».

Надакучыла выконваць працу турэмшчыка

Тым не менш актывістам стала вядома, што Міхаіла Грамыку павінны вызваліць 15 ліпеня.

Паводле словаў кіраўніцы ініцыятывы "За ўратаванне мемарыялу Курапаты" Ганны Шапуцькі, з’явіўшыся нечакана для ўсіх 30 чэрвеня ля брамы рэстарана "Паедзем паямо", Міхаіл Грамыка прызнаўся, што яму "надакучыла" выконваць працу наглядчыка. Таму і далучыўся да вахты ў Курапатах, дапамагаў абаронцам мемарыялу, трапіў на агульны здымак удзельнікаў пікету.

Севярынец: Грамыка па-чалавечы ставіўся да зняволеных

За шмат гадоў працы турэмным наглядчыкам Міхаіл Грамыка ведаў многіх палітычных зняволеных, якія прайшлі праз турму на Акрэсціна, у тым ліку Леаніда Кулакова, Змітра Дашкевіча, Паўла Севярынца. Знаёмства з Севярынцам паўплывала на пастанову прыйсці ў Курапаты, мяркуе Ганна Шапуцька.

«Міхаіла ведаю дастаткова даўно – прынамсі ў апошнія гады Акрэсціна, – пацвярджае Павел Севярынец. – Добры і спагадлівы чалавек, адзін з нямногіх, хто ў той сістэме па-чалавечы ставіцца да зняволеных. Ён калісьці неяк мне тэлефанаваў, хоць я яго адразу папярэдзіў: мае размовы праслухоўваюцца і можа быць небяспечна. На што ён адказаў, што стаміўся працаваць на сістэму. Адзінае, стрымлівае сям'я, трэба зарабляць. І ўсё ж адважыўся на такі годны ўчынак».

Паводле словаў Паўла Севярынца, Міхаіл Грамыка родам з глухой палескай вёскі, гаворыць на добрай беларускай мове. І тое, што ён літаральна адзін год не дацягнуў, каб сысці на немалую міліцэйскую пенсію, сведчыць пра канфлікт паміж сумленнем і неабходнасцю выконваць загады.

Актывіст абароны Курапатаў Леанід Кулакоў, які не адзін раз быў у турме на Акрэсціна, таксама дабром успамінае Міхаіла Грамыку – падчас ягонай «адседкі» гэты наглядчык прыносіў яму цыгарэты.

Дашкевіч: Грамыка дзякаваў мне за абарону Курапатаў

Міхаіл Грамыка падтрымліваў актывістаў апазіцыі больш за год, кажа Зміцер Дашкевіч. Ён згадаў леташнюю курапацкую вахту, калі падчас ягонага знаходжання ў турме на Акрэсціна Міхаіл Грамыка ноччу прыйшоў да яго і падзякаваў за правільную справу, якую ён робіць у Курапатах.

«У сэнсе сумлення ў чалавека ўсё нармальна, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Ведаю, што калі я гэтым беспрэцэдэнтным фактам пра Грамыку падзяліўся на сваёй старонцы ў Facebook і потым гэта падхапілі СМІ, была ведамасная праверка – шукалі, хто з супрацоўнікаў такі лаяльны да абаронцаў Курапатаў. Мабыць, тады не знайшлі».

За леташні ўчынак Міхаіла Грамыку не пакаралі. На гэты раз усё выглядае больш жорстка, хоць пакуль невядома, ці звольнены ён ужо фармальна з міліцыі.

«Думаю, што будзе збольшага паказальнае пакаранне, – мяркуе Павел Севярынец. – У гэтай сістэмы выклікае проста лютасць, калі чалавек становіцца на бок праўды і сумлення. Нават адзін такі крок жудасна караецца. Успомніце: супраць людзей, якія выходзілі з сістэмы і выступалі супраць рэжыму – тыя ж Чыгір, Марыніч, Лявонаў, Казулін – пачыналася рэакцыя. Тут аналагічная сітуацыя: чалавек супрацьстаіць сістэме. І гэта надзвычай годны, знакавы ўчынак».

Павел Севярынец перакананы, што абавязак усіх неабыякавых грамадзянаў – сустрэць у нядзелю Міхаіла Грамыку з турмы, народная салідарнасць будзе прыкладам у тым ліку і для супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

За кратамі застаюцца і іншыя абаронцы Курапатаў: актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі павінен вызваліцца 13 ліпеня.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках