Беларусы занялі першае месца ў рэйтынгу сімпатый украінцаў
8- 12.07.2018, 16:20
- 16,234
На другім месцы размесцілася Канада.
Сацыялагічная група "Рэйтынг" апублікавала сацапытанне ўкраінцаў, якое ўмоўна можна падзяліць на тры часткі. Апытанне правялі з 22 чэрвеня да 5 ліпеня гэтага года, апыталі 3200 поўнагадовых рэспандэнтаў. Пытанні тычыліся стаўлення насельніцтва да іншых краінаў, Еўразвязу і NATO, моўнай палітыкі Украіны, а таксама ў якім кірунку рухаецца краіна, піша kp.ua.
Еўразвяз, NATO і Расея
Паводле звестак даследавання, за ўступленне ў Еўразвяз выступаюць 50% апытаных, 28% – супраць.
За ўступленне краіны ў NATO выступаюць 42% насельніцтва супраць – 35%.
За ўступленне краіны ў Еўразвяз, пры ўмове выбару эканамічнага звязу, выступаюць 42% апытаных, за Мытны звяз – 11%, за адмежаванне ад таго і другога – 36%, 11% не вызначыліся з адказам.
Больш за ўсё любяць Беларусь і Канаду
Украінцы больш за ўсё сімпатызуюць Беларусі – 74%, Канадзе – 68%, і Еўрапейскаму Звязу – 68%.
Да ЗША добра ставяцца 58% апытаных, негатыўна – 27%.
Да Расеі адчуваюць сімпатыі 35% рэспандэнтаў, а негатыўна ставяцца 52%.
Больш за ўсё ўкраінцы давяраюць ААН – 58%, АБСЕ – 50%, NATO – 49%, МВФ – 39%.
Украінская – дзяржаўная, расейская – агульнаўжываная
61% выступілі за ўкраінскую мову як дзяржаўную. Пры гэтым 17% мяркуюць, што расейскую трэба зрабіць афіцыйнай у некаторых рэгіёнах краіны, захаваўшы статус украінскай як дзяржаўнай.
19% украінцаў мяркуюць, што расейскую мову трэба зрабіць дзяржаўнай, як і ўкраінскую.
– Паводле звестак апытання, найбольшая колькасць прыхільнікаў надання расейскай мове пэўнага статусу – на поўдні і ўсходзе Украіны. У той самы час нават у гэтых рэгіёнах колькасць тых, хто выступае за захаванне статус-кво дзяржаўнай моўнай палітыкі – 40–45% – сказана ў даследаванні.