26 красавiка 2024, Пятніца, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафесар, які прыдумаў збіраць агуркі лежачы: Робаты на гэта не здольныя

11
Прафесар, які прыдумаў збіраць агуркі лежачы: Робаты на гэта не здольныя

Аляксандр Аутко не запатэнтаваў платформу для збору агуркоў.

У беларусаў ёсць фантастычнае ноў-хаў - платформа для збору агуркоў. Уявіце сабе: да трактара ззаду чапляюць нешта накшталт ложкаў на колах, паведамляе «Еўрарадыё».

На «ложках» ляжаць мяккія матрацы, на якіх знаходзяцца жанчыны. Яны рукамі абрываюць агуркі з кустоў і кідаюць іх на транспарцёр, а зелле складаюць побач.

Аўтаматызацыя 80-га ўзроўню! Але лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць:

Журналістам стала цікава, хто ж сканструяваў гэты дэвайс. Яны пагаварылі з гэтым чалавекам.

Яго завуць Аляксандр Аутко. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, 71 год, ён і не думае сыходзіць на заслужаны адпачынак. Аляксандр Аляксандравіч - прафесар, працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

Да таго ён доўгі час ён узначальваў Інстытут агародніцтва Акадэміі навук. Менавіта працуючы там, ён і прыдумаў платформу для збору агуркоў.

«Матрацы, на якіх ляжаць работніцы, мяккія. Але трэба, каб на такіх платформах працавала моладзь, і перш за ўсё хлопцы, - распавядае распрацоўшчык платформы. - Трэба ж энэргічна працаваць, бо платформа рухаецца, і збіраць агуркі трэба вельмі хутка. Трэба ўсё паспець убачыць і сарваць».

Платформа распрацаваная разам з заводам «Тэхмаш» больш за дзесяць гадоў таму. З тых часоў не было лета, каб яна не трапіла ў навіны.

«Мы распрацоўвалі розныя тэхналогіі апрацоўкі культур, у тым ліку і агурка, - успамінае Аутко. - Заўсёды была праблема, як яго збіраць. Таму што гэтыя расліны пакрываюць усю паверхню. І калі людзі ходзяць і іх збіраюць, то пашкоджваюць канчукі. Гэта значыць, перадушваюць іх, і агурок спыняе рост. Так гублялася вельмі шмат ураджаю. Таму ў мяне з'явілася думка стварыць платформу, дзякуючы якой людзі будуць збіраць агуркі і не траўмаваць расліну. Ураджайнасць павялічылася ўтрая».

Пры стварэнні платформы Аляксандр Аутко карыстаўся «сусветнай інфармацыяй». Але ўдасканальваць прыладу або тым больш рабатызаваць яе прафесар не збіраецца. Ён кажа, што гэта немагчыма, бо агурок павінен быць бачны:

«Няма такіх робатаў, якія б вызначалі памер агурка. Гэта праца выключна для людзей».

Агрэгат для ўборкі агуркоў на грунтавых палях - не адзінае вынаходніцтва Аляксандра Ауткі. Прафесар стварыў больш за 20 машын для агародніцтва. Напрыклад, ён прыдумаў тэхналогію для апрацоўкі морквы на вузкапрофільных градках і камбінаваны пасяўны агрэгат, які шырока выкарыстоўваецца гаспадаркамі Беларусі.

«У мяне нават патэнт на гэтую тэхналогію ёсць, - кажа Аутко аб камбінаваным пасяўным агрэгаце. - А вось на платформу збору агуркоў, на жаль, няма. Відавочна, і не буду яе рабіць. Тэхналогія ўжо занадта распаўсюдзілася, і сэнсу няма».

Уласнага лецішча, на якім Аляксандр Аляксандравіч мог бы эксперыментаваць з тэхнікай, у прафесара няма. Ён кажа, што ўсё сваё жыццё прысвяціў навуцы, і яму зусім не да прысядзібных надзелаў. Нядаўна прафесар Аутко сканструяваў машыну для апрацоўкі кавуна! А цяпер працуе над экалагічнай тэхналогіяй апрацоўкі бульбы.

Праўда, вынаходкі карыстаюцца папулярнасцю не заўсёды. Напрыклад, не знайшоў выкарыстання комплекс для апрацоўкі часнаку:

«На жаль, у Беларусі часнок як культура не атрымаў развіцця. Існуе стрымальны фактар: вельмі шмат імпарту ідзе ў Беларусь, і запыт на сваю прадукцыю значна падае. Мы не можам рэалізаваць тое, што мы вырабляем».

Што да самай папулярнай вынаходкі Аляксандра Аутко, то на гэты момант выпушчана 17 платформаў для збору агуркоў лежачы. 12 з іх працуюць у гаспадарках Расеі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках