24 красавiка 2024, Серада, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лінас Лінкявічус: Свабода каштуе таго, каб за яе плаціць

Лінас Лінкявічус: Свабода каштуе таго, каб за яе плаціць
Лінас Лінкявічус

Літва гатовая павялічыць выдаткі на абарону.

У Брусэлі адкрыўся саміт NATO – на фоне рознагалоссяў паміж краінамі-хаўрусніцамі. Асноўныя пытанні, якія трэба развязваць, – павелічэнне фінансавання арганізацыі з боку еўрапейскіх краін і «ліквідацыя ўразлівасці на мяжы краін-хаўрусніц з РФ», то бок, у краінах Балтыі.

Як у Літве ўспрынялі абмеркаванні на саміце, «Настоящему времени» распавёў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

– Спадар міністр, як вы ўспрымаеце тое, што адбываецца ў NATO? Відавочна, што паміж хаўруснікамі ёсць бачны раскол. Можа альянс распасціся? Як гэта можа паўплываць на краіны Балтыі?

– Давайце пачнём з таго, што такі сцэнар малаімаверны. Напраўду ўсё досыць добра, таму што мы ўхвалілі важныя дакументы – вы можаце іх пачытаць. Яны вызначаюць пагрозы і прыярытэты, усё прапісанае. Так што дыскусіі, вострыя дыскусіі, здараюцца заўсёды. Нам не варта пераацэньваць іх значэнне, лепш факусавацца на тым, што мы робім разам.

– Што б вы сказалі спадару Трампу ў адказ на ягоныя заявы, зробленыя напярэдадні [аб неабходнасці павялічыць краінам-удзельніцам вайсковыя выдаткі – НВ]?

– Мы часта робім заявы, так што я не буду рэагаваць на ягоныя словы. Што сапраўды важна, дык гэта тое, што ўсе хаўруснікі сталі больш траціць на абарону. Гэта правільна. Цяпер восем краін дасягнулі 2%-й планкі. Гэтага ўсё яшчэ недастаткова, але астатнія пацвердзілі намер дасягнуць гэтага ўзроўню да 2024 года, як і было абяцана ва Уэльсе. Так што важна казаць не толькі пра лічбы – колькі мы павінны марнаваць, – але і пра эфектыўнасць гэтых выдаткаў і прабелы ў нашых магутнасцях.

Я вельмі задаволены тым, што ў зацверджаных дакументах вызначана, што з'яўляецца важным для нас: напрыклад, ліквідацыя прабелу ў паветранай абароне. Гэтыя дакументы і камюніке пазней спатрэбяцца тым, хто займаецца вайсковым планаваннем, для таго, каб размяркоўваць рэсурсы. І гэта менавіта тое, што нам было трэба для расстаноўкі нашых прыярытэтаў.

Вельмі важна паскоранае прыняцце пастановы – яго выпрабуюць падчас наступных вучэнняў. Сапраўды гэтак жа, як дакладнае вызначэнне пагроз і ролі Расеі. Калі хтосьці сумняваўся, што гэтага будзе недастаткова, то было выразна сказана, што Расея парушыла і што ад яго чакаецца. Мы таксама пацвердзілі прыпыненне практычнага супрацоўніцтва з Расеяй. Усё гэта ёсць у дакументах. Так што я не бачу тут ніякіх недаглядаў з боку альянсу. Дыскусіі, канфлікты і жорсткія размовы будуць і ў будучыні, але гэта не патрасе альянс.

– Чаму для вашай краіны важна марнаваць грошы на NATO і абарону?

– Наогул гэта не выдаткі на NATO, гэта наша ўласная абарона. Гэты 2%-ы стандарт, шчыра кажучы, не новаўвядзенне. Як былы міністр абароны я магу сказаць, што мы пагадзіліся на гэтую планку вельмі даўно, але ніколі яе не дасягалі. Магчыма, упершыню яе ўспрынялі сур'ёзна.

Шчыра кажучы, свабода не можа быць бясплатнай, свабода каштуе грошай, і нам пара гэта ўсвядоміць. Магчыма, умовы, якія выкарыстоўваецца прэзідэнтам ЗША, занадта жорсткія. Але ён мае рацыю, калі кажа, што больш за 70, 80 або 90% выдаткаў NATO не павінна аплачваць адна краіна. Гэтая нагрузка сапраўды павінна быць размеркаваная паміж іншымі чальцамі. Гэта факт, і я веру ў нашу гатоўнасць і здольнасць палепшыць эфектыўнасць альянсу і стаць больш прасунутымі.

– Але Літва – усяго толькі маленькая краіна. Вы гатовыя марнаваць больш?

– Так, гатовыя. Мы ўжо выдаткоўваем больш, і гэта падтрымліваюць усе палітычныя партыі. Гэта ўстойлівая пастанова, і кожная маленькая краіна можа зрабіць свой унёсак у агульную справу, як і адмоўна паўплываць на яго, прымаючы дрэнныя пастановы. Так што адказнасць маленькіх краін не меншая. Я не пагаджуся з тым, што да нас гэта не мае дачынення ці што для нас гэта ўсё адно.

– Нямеччына – не маленькая краіна. Вы згодныя з тым, што кажа спадарыня Мэркель?

– Нямеччына – важны гулец не толькі ў галіне бяспекі і абароны, але і ў эканоміцы і іншых сферах. Недаацэньваць ролю Нямеччыны было б вялікай памылкай. Ёсць некаторыя праекты, з якімі мы не згодныя, як, напрыклад, Nord Stream 2 [Паўночны струмень 2 – праект магістральнага газаправода з Расеі ў Нямеччыну праз Балтыйскае мора - НВ]. Мы думаем, што нам не варта падтрымліваць гэты праект. Ён супярэчыць энэргетычным прынцыпам Еўрапейскага Звязу і шкодзіць Украіне, што таксама не адпавядае нашай логіцы. Але мы крытыкуем толькі сам праект, а не агульную ролю Нямеччыны, якая вельмі важная, асабліва ў Літве. Дарэчы, Нямеччына з'яўляецца каардынуючай краінай NATO, так што нават не варта абмяркоўваць яе важнасць.

Саміт NATO праходзіць у Брусэлі 11-12 ліпеня. Яго асноўныя тэмы – «ліквідацыя ўразлівасці на мяжы краін-хаўрусніц з Расеяй", у першую чаргу ў краінах Балтыі і Усходняй Еўропе, а таксама барацьба з тэрарызмам і план дзеянняў міжнароднай кааліцыі, якая змагаецца з тэрарыстычнымі арганізацыямі ў Іраку, Сірыі і Афганістане.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг напярэдадні саміту заявіў, што марнаванні альянсу ў 2018 годзе ўсё ж павысяцца: восем краін-удзельніц павялічаць свае адлічэнні да 2% сёлета. Пры гэтым краіны Еўразвяза і Канада да 2024 года дададуць у бюджэт NATO дадатковых $266 млрд.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках