24 красавiка 2024, Серада, 10:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчанка - чыноўнікам: Чаму вы не любіце наш народ?

15
Мянчанка - чыноўнікам: Чаму вы не любіце наш народ?

Жыхары супраць чарговага ўшчыльнення ля Батанічнага саду.

У Менску пачалося грамадскае абмеркаванне рэканструкцыі квартала паміж Батанічным садам, праспектам Незалежнасці і вуліцай Сурганава, паведамляе «Радыё Свабода». Там збіраюцца пабудаваць шматфункцыянальны комплекс з паркінгам на 560 месцаў, гатэль на 250 месцаў і медыка-аздараўленчы цэнтр для спартоўцаў. Мясцовыя жыхары пратэстуюць.

Прэзентацыя праекта адбылася 11 ліпеня ў актавай зале адміністрацыі Першамайскага раёна, куды прыйшлі некалькі сотняў чалавек. З праектам можна азнаёміцца да 2 жніўня ў фае раённай адміністрацыі і на сайце райвыканкама, цягам трох тыдняў можна падаваць свае заўвагі і прапановы.

Чыноўніка і архітэктара асвісталі

«Праект забудовы зрабіў «Мінскград», праект дэталёвай планіроўкі распрацаваны на замову Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама з мэтай рэалізацыі Генеральнага плана горада Менска», - пачаў прэзентацыю намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Васіль Касавец.

Яго абарвалі:

«А чаму наогул узяліся забудоўваць? Тут і так няма месца, каб зрабіць ушчыльненне, усе двары забітыя аўтамабілямі», - пасыпаліся пытанні жыхароў. Чыноўнік папрасіў прысутных усё ж паслухаць аўтара праекта.

«Праектаваная тэрыторыя - вядомая, размешчаная на гістарычнай восі горада - праспекце Незалежнасці каля Батанічнага саду. На тэрыторыі спартовыя збудаванні: Палац воднага спорту, цэнтр «Фрыстайл» са спартовым комплексам, Аб'яднаны інстытут інфарматыкі, жылыя дамы. Усяго ў гэтым квартале пражывае 1400 чалавек, агульная плошча праектавання 28,5 гектара. Гатэль будуецца на перспектыву. На месцы аўтастаянкі будзе пабудаваны паркінг на 560 месцаў, замест гаражоў - медцэнтр» - пачала галоўная архітэктарка праекта Ірына Абуховіч.

«А чаму наогул узяліся забудоўваць?», - пачулася з залы.

Архітэктарка казала, што пляма забудовы кладзецца на боксавые гаражы, якія знясуць, што забяспечанасць зялёнымі насаджэннямі тут вышэйшая за норму: 14 квадратных метраў на чалавека пры норме 9, што ўсе санітарныя нормы разлічаныя і выконваюцца.

І тут у зале пачалі свістаць.

Прагучала пытанне, чаму колькасць парковачных месцаў памяншаецца: было 488 - стане 419.

«Я не бачу ніякай праблемы. Памяншаецца колькасць парковачных месцаў, але будуецца падземны паркінг, стаянка на 560 месцаў». Да таго ж, жыхары кажуць, што наведвальнікі Батанічнага саду паркуюцца ў двары. А калі будзе пабудаваны медыцынскі цэнтр, запаркаванных у двары аўтамабіляў стане яшчэ больш.

«Я не буду цяпер нічога вам адказваць, усе пытанні падавайце ў пісьмовым выглядзе. Прэзентацыя наогул не прадугледжвае адказы на пытанні», - заявіла архітэктарка.

На іншыя канкрэтныя пытанні Ірына Абуховіч адказвала: «Гэта інфармацыя для службовага карыстання».

Аздараўленчы цэнтр сярод паркоўкі і выхлапных газаў

«Медыка-аздараўленчы цэнтр у шумным месцы, на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і Сурганава - гэта ўвогуле абсурд, з цыклу «Знарок не прыдумаеш», тут такі рух транспарту, гэта ж здзек!» - кажа ўдзельнік слуханняў.

«Ёсць пастанова Міністэрства аховы здароўя: размяшчэнне лячэбных устаноў у густанаселеных раёнах будаваць забаронена», - прадаўжае іншая жанчына. І пытаецца: «А каго там наогул будуць рэабілітаваць?»

«Спартоўцаў», - адказала Ірына Абуховіч.

Пры гэтым паліклініка №34 для жыхароў навакольных дамоў размяшчаецца на вуліцы Кульман, а стаматалогія - на вуліцы Някрасава.

«Сёння, ідучы сюды, я налічыла 120 аўто ў двары дома нумар 5 па вуліцы Сурганава, усе аўтамабілі чужыя. Машыны ездзяць па тратуарах. З дзецьмі страшна выйсці. 16 гадоў я пішу скаргі - як нам жыць? А выканкаму на людзей напляваць! Гідкае кіраўніцтва, гідкі выканкам!» - эмацыйна выступае Валянціна Вербжыцкая.

З залы раздаваліся воклічы да чыноўніка: «Чаму вы не любіце наш народ?», «Пляцоўка - здзек з народа», «Нам трэба палепшыць якасць жыцця, а вы нам яго псуяце», «А дзе наш «дэпутат», які восенню балбатаў, як будзе абараняць?» Прысутныя пляскалі ў далоні.

«Мы вас сюды паклікалі для таго, каб праінфармаваць, як вы сваё меркаванне аб канкрэтным праекце можаце выказаць. А тут нікога не цікавіць, што вы думаеце. Вас сюды паклікалі толькі для таго, каб вы пазнаёміліся з праектам. І выказалі сваё меркаванне. Мы тут не разглядаем сёння працу выканаўчай улады», - перапыніў людзей чыноўнік Васіль Касавец.

Ірына Абуховіч таксама спрабавала пераканаць народ, што тут не зносіцца ніякіх каштоўных збудаванняў, акрамя гаражоў, маўляў, «аб'ём забудовы невялікі - да 3 паверхаў, пляма забудовы будзе на зносе гаражоў».

Намеснік старшыні райвыканкама не азнаёміўся з праектам

Удзельнік слуханняў задаў пытанне намесніку старшыні райвыканкама Васілю Касаўцу, ці вывучаў ён праект забудовы? «Не, не вывучаў», - шчыра прызнаўся Касавец. Яго проста асвісталі.

Тады мужчына пачаў зачытваць лічбы з праекта: аб'ём водаспажывання - паказчыкі адны і тыя ж цягам 10 гадоў. «Наведвальнікі што, па кустах будуць бегаць?», - жартуе ён. «Аб'ём спажывання электраэнэргіі - лічбы таксама адны і тыя ж, што цяпер, што ў 2023, што ў 2030 годзе. Як такое можа быць? Гэта праект або вясёлыя карцінкі?» - пытаецца ён.

«Рост нагрузак неістотны, лічбы акругленыя, тут будуць нізкія наведвальныя плыні», - адказвае галоўны архітэктар праекта Ірына Абуховіч. І суцяшае прысутных: больш дакладныя лічбы будуць на наступных стадыях праектавання, пазней будзе больш дакладны пашпарт, да таго ж, праект будзе праходзіць тры экспэртызы.

Тут народ ажывіўся яшчэ больш: «Выяўляецца, будуць яшчэ іншыя стадыі, як высветлілася!» У вас няма ні эскізаў, нічога - вы прынеслі нейкі архітэктурны цуд! Нам паказваеце нейкую «фількіну грамату».

Апошні аргумент жыхароў быў такі: ці ведаюць праекціроўшчыкі і чыноўнікі, што пасля мітынгаў, якія прайшлі ва Уруччы супраць ушчыльнення, выступаў Лукашэнка і гучна, публічна заявіў, што ніякіх ушчыльненняў у цэнтры Менска больш не будзе.

«Яшчэ раз кажу: гэты праект распрацаваны на замову Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва з мэтай рэалізацыі Генеральнага плана горада Менска, зацверджанага ўказам Лукашэнкі», - адказаў Касавец.

Людзі эмацыйна пыталіся і ў чыноўніка Васіля Касаўца, і ў Ірыны Абуховіч: «Колькі вам заплацілі?»

Людзі пачалі актыўна збіраць подпісы супраць праекту ўшчыльнення і маюць намер перадаць іх у райвыканкам, Міністэрства архітэктуры, Менгарвыканкам і адміністрацыю дыктатара.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках