20 красавiка 2024, Субота, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-кіраўнік СБУ пра Курапаты: Крытычная маса людзей прымусіць уладу пайсці на саступкі

4
Экс-кіраўнік СБУ пра Курапаты: Крытычная маса людзей прымусіць уладу пайсці на саступкі
ВАЛЯНЦІН НАЛІВАЙЧАНКА

За сітуацыяй вакол урочышча Курапаты пільна сочаць і ва Украіне.

Пры гэтым украінскія гісторыкі і праваабаронцы праводзяць паралелі паміж цяперашнім супрацьстаяннем у Курапатах і сітуацыяй, якая была ў часы УССР вакол урочышча Быкоўня, што пад Кіевам, якая з'яўляецца месцам масавага пахавання ахвяр камуністычнага рэжыму, паведамляе «Радыё Рацыя».

Тагачасныя ўкраінскія ўлады таксама адмаўлялі сам факт масавых рэпрэсіяў, а знойдзеныя парэшткі расстраляных НКВД спісвалі на «зверствы фашыстаў».

Сітуацыя кардынальна змянілася з адкрыццём архіваў былога КДБ. Адным з ініцыятараў «архіўнай рэвалюцыі» стаў Валянцін Налівайчанка, у той час - кіраўнік Службы Бяспекі Украіны:

- Я рассакрэціў усе архівы КДБ УССР ва Украіне. Я, у тым ліку, арганізаваў і скончыў следства паводле ўсіх злачынстваў камунізму і камуністаў супраць украінскага вызвольнага руху, у тым ліку злачынстваў генацыду Галадамору, і ўкраінскі суд з нашымі довадамі прыняў адпаведныя пастановы і асудзіў кіраўніцтва бальшавікоў за арганізацыю Галадамору ў 1932-1933 гадах ва Украіне.

- Яны асуджаныя на заканадаўчым узроўні?

- Ва ўкраінскім судзе была агучаная ўся абвінаваўчая база. Я, у тым ліку, адкрыў у кожнай вобласці Украіны ў памяшканнях СБУ свабодныя залы са свабодным доступам да ўсіх засакрэчаных архіваў і дакументаў. Чаму я гэта цяпер успомніў? Таму што я шчыра перакананы, што так можна і трэба зрабіць і ў Беларусі, і ў Расеі.

- Колькі не гаварылася пра магчымае адкрыццё архіваў былога савецкага КДБ у Беларусі, але дазволу няма, гэта матывуецца тым, што, па-першае, можа быць помста з боку, напрыклад, праўнукаў ахвяр, а таксама тое, што справы маюць нейкую аператыўную каштоўнасць. Як вы гэта пракаментуеце?

- Грамадзяне, і Беларусі, і Украіны, маюць поўнае права на атрыманне і доступ да ўсёй праўды, якой бы яна ганебнай або горкай не была. І я перакананы, што няма чаго нам абараняць КДБ, НКУС, ГПУ, ці нейкія іншыя карныя органы, бо я перакананы, што і КДБ, і НКВД, і ГПУ працавалі супраць украінскага вызвольнага руху і супраць вызвольнага руху Беларусі. Таму я за тое, каб былі рассакрэчаныя архівы, а пакуль што карыстайцеся нашымі.

- Вы, напэўна, ведаеце, што такое Курапаты?

- Так.

- Вы, як былы кіраўнік СБУ, што б параілі, што тут можна рабіць?

- Тое, што мы рабілі ў Быкоўні. Там таксама расстрэльвалі. Разам з палякамі мы тады ўтварылі супольныя камісіі і пачалі сур'ёзныя вывучэнні, эксгумацыі. У выніку выяўленыя месцы масавых расстрэлаў ад Кіева да Харкава. Больш за тое, мы далі магчымасць гісторыкам і архівістам вывучыць гэтыя справы, паставілі памятныя дошкі, пачалі нармальны гуманітарны працэс. Я думаю, што так можна і трэба зрабіць і ў Беларусі.

- Але на гэта няма волі ўлады. Улада не хоча гэта рассакрэчваць і наогул не прызнае, што там расстрэльвалі.

- Па праўдзе, у тагачаснай украінскай улады таксама не было дастаткова свабоды. Перакананы, што пытанне палягае ў тым, каб была крытычная маса людзей, якія Курапаты абараняюць. Гэтыя людзі, грамадскасць, і павінны ўплываць на ўладу і прымусіць яе ісці на саступкі. Гэта маё ўнутранае перакананне. Магчыма, украінцам было прасцей [з Быкоўняй], але гэта правільны шлях, і трэба так рухацца...

Нагадаем, што ўсе ахвяры камуністычнага рэжыму ва Украіне даўно рэабілітаваныя, а самі злачынствы асуджаныя на заканадаўчым і судовым узроўні.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках