20 красавiка 2024, Субота, 8:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кастусь Жукоўскі: Галоўны клопат Лукашэнкі - хакей і развядзенне свіней

6
Кастусь Жукоўскі: Галоўны клопат Лукашэнкі - хакей і развядзенне свіней

Незалежны журналіст высмеяў беларускі суд.

Суддзя суду Цэнтральнага раёна Аляксандр Піскуноў пакараў журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага штрафам 30 базавых адзінак за два сюжэты, якія выйшлі на тэлеканале «Белсат»: аб галодных свіннях у адной з гаспадарак Рагачоўскага раёна і аб магчымасці кампенсаваць запазычанасць у аплаце жыллёва-камунальных аплат шляхам здачы другаснай сыравіны (паперы і пластыка). Журналіста судзілі паводле арт.22.9 («незаконны выраб прадукцыі СМІ») КаАП РБ, паведамляе «Гомельская весна».

Падчас суда фрылансер у саркастычнай манеры паведаміў суддзі, што заўсёды глядзіць БТ і слухае беларускага дыктатара, які за галоўны свой клопат уважае «хакей і развядзенне свіней».

«Аднойчы, я даведаўся, што ў адной з гаспадарак у Рагачоўскім раёне галадаюць свінні, - распавядае ў судзе Кастусь Жукоўскі. - Іх кормяць толькі 3 разы на тыдзень. Я гэтаму шчыра не паверыў, такога ж быць не можа, Лукашэнка не даруе, бо свінні наша ўсё, не можа быць, каб яны галадалі. Я праверыў, інфармацыя пацвердзілася. Я не мог не зняць сюжэт пра гэта, пакінуць па-за ўвагай гэтую праблему».

Нягледзячы на актуальнасць узнятых журналістам-фрылансерам праблем, суддзя Піскуноў прызнаў Кастуся Жукоўскага вінаватым у працы на замежны СМІ без акрэдытацыі і нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ.

«Гэта чарговая спроба прымусіць мяне замаўчаць, не даць мне займацца журналістыкай, - пракаментаваў судовы вырак Кастусь Жукоўскі, - але, нягледзячы на ціск, я буду прадаўжаць праўдзіва асвятляць жыццё ў Беларусі і праблемы звычайных людзей».

Журналіст мае намер абскардзіць пастанову суддзі ў абласным судзе і падаць скаргу ў Камітэт ААН у правах чалавека.

Падтрымаць Кастуся Жукоўскага і выказаць з ім салідарнасць прыйшлі грамадскія актывісты і чальцы гомельскай філіі БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках