26 красавiка 2024, Пятніца, 1:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінздраў-гейт: што вядома пра затрыманага брата Шакуціна

5
Мінздраў-гейт: што вядома пра затрыманага брата Шакуціна
СЯРГЕЙ ШАКУЦІН
ФОТА: БЕЛТА

Кіраўнік «Іскамеда» падазраецца ў дачы хабараў чыноўнікам.

Стала вядома аб затрыманні бізнэсоўцаў, сярод якіх дырэктар кампаніі «Іскамед» Сяргей Шакуцін. Ён зводны брат бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна, які ўваходзіць у блізкае кола Лукашэнкі.

Паводле некаторай інфармацыі, затрыманых прадпрымальнікаў, якія займаліся пастаўкамі лекаў і медтэхнікі, падазраюць у дачы хабару чыноўнікам. «Салідарнасць» сабрала інфармацыю пра Сяргея Шакуціна.

У бізнэс яго прывёў брат

Браты Шакуціны скончылі Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут.

Пяць гадоў таму кіраўнік холдынгу «Амкадор» распавядаў пра брата: «Працаваў хірургам у 9-й ДКБ Менска. Калі я «адвёў» яго ў бізнэс, то зазнаў рэзкую крытыку ягоных сямейнікаў. Сяргей, у адрозненне ад мяне, вельмі перажываў развітанне з прафесіяй. Па-мойму, дагэтуль не змірыўся. Ягоная жонка, Ірына, працуе ў 9-й клініцы, яна лекар-эндакрынолаг».

Менавіта Аляксандр Шакуцін спрычыніўся да таго, каб ягоны брат узначаліў новы бізнэс.

- Калі стваралася кампанія «Іскамед», у яе было 7 заснавальнікаў. Ні для кога з нас гэты бізнэс не быў адзіным, а таму ўзнікла неабходнасць пошуку генеральнага дырэктара. Было прапанавана некалькі кандыдатур, я прапанаваў свайго брата і ў адказ пачуў, што ён мяккі і добры характарам, не зможа патрабаваць ад супрацоўнікаў руплівай працы... Я ж быў упэўнены, што ў Сяргея ёсць усе якасці, каб быць лідарам. У канчатковым выніку я быў вымушаны гарантаваць ягоныя будучыя поспехі сваёй доляй уласнасці ў кампаніі. Прайшло некалькі гадоў, і жыццё паказала, што я меў рацыю, - сказаў кіраўнік холдынгу «Амкадор».

Ягоная кампанія ўваходзіла ў лік тэндэрных чэмпіёнаў Беларусі

Некалькі гадоў таму «Ежедневник» пісаў, што значную частку свайго даходу кампанія «Іскамед» акумулюе на пастаўках медыцынскай прадукцыі і лекавых прэпаратаў у дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя. У 2014-2015 гадах яна ўвайшла ў топ-50 тэндэрных чэмпіёнаў Беларусі - кампаній, якія перамаглі на таргах або атрымалі найбольшую колькасць дзяржзамоваў.

Выбудаваў шырокую сетку аптэк

Сёння сетка аптэк «Іскамед» складаецца больш чым з 80 гандлёвых месцаў у розных рэгіёнах краіны. І ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых сетак гэтага сегмента рынка. Сяргей Шакуцін нярэдка асабіста браў удзел ва ўрачыстым адкрыцці новых аптэк.

Таксама, паводле звестак TUT.BY, кампанія ўваходзіць у тройку дыстрыб'ютараў і імпарцёраў лекаў.

На словах падтрымліваў стрымліванне коштаў лекаў

Многія беларусы скардзяцца на завышаныя кошты лекаў - за мяжой частка з іх значна таннейшая. У 2010 годзе прадстаўнікі аптэк падпісалі пагадненне ў стрымліванні раздробных коштаў лекаў. Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала ім выкарыстоўваць аптымальныя гандлёвыя надбаўкі.

Сярод тых, хто падпісаў пагадненне, быў дырэктар ТАА «Іскамед» Сяргей Шакуцін. Ён публічна выказаў згоду з пазіцыяй Міністэрства аховы здароўя: «Я думаю, што аптэкі прыватнага сектара змогуць знайсці рэзервы, каб не павышаць кошты лекавых сродкаў».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках