29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гульня з лічбамі

3
Гульня з лічбамі

Як маніпулююць заробкамі беларусаў.

Міністэрства аховы здароўя і Мінпрацы паабяцалі «падвоіць» заробкі медработнікаў.

«Напраўду рэальны заробак не вырасце», - мяркуюць апытаныя zautra.by экспэрты.

Эканаміст Уладзімір Кавалкін мяркуе, што рост заробкаў работнікаў аховы здароўя не створыць дадатковай нагрузкі для бюджэту. У рэальнасці ён не будзе такім адчувальным, як абяцае Міністэрства аховы здароўя.

- Калі мэта стаіць падвысіць заробкі цягам сямі гадоў, то ў сярэднім у год іх трэба падвышаць на 10%. Пры ўмове інфляцыі на ўзроўні мінулага года (7%) эфектыўны рост будзе складаць усяго толькі блізу 3% на год. Гэта значыць рэальныя заробкі да 2025 года павялічацца не ўдвая, а прыблізна на 23%, - тлумачыць эканаміст.

Калі ж рэальная інфляцыя будзе дасягаць 9-10%, то атрымаецца, што медыкам заробак наогул не падвысяць - іх пакупніцкая здольнасць застанецца на тым жа ўзроўні.

- У апошнія гады два аналітыкі крытыкуюць афіцыйны індэкс спажывецкіх коштаў (яна ж інфляцыя), таму што кошык не цалкам улічвае паводзіны спажыўцоў, значыць, не адпавядае рэальнасці. Гэта значыць тыя прадукты, якія ідуць у індэкс спажывецкіх коштаў і рэальнае спажыванне людзей даволі моцна адрозніваюцца. Можна сказаць, што рэальная інфляцыя цяпер вышэйшая за 7%, - адзначае экспэрт.

Паводле звестак Нацбанка, узровень інфляцыі, які адчуваецца, у траўні гэтага года склаў 12,9%.

Лекараў задаволілі б даходы ўдвая вышэйшыя за сярэднія

Для пачатку сярэдні заробак у ахове здароўя можна давесці да ўзроўню даходаў у прамысловасці, мяркуе лекар-рэаніматолаг Андрэй Вітушка. Бо ў апошнія гадоў дзесяць работнікі медыцыны зарабляюць на траціну менш «сярэдніх» прамыслоўцаў.

Акрамя ўласцівай усім грамадзянам патрэбы - карміць сваю сям'ю, каб быць добрымі прафесіяналам і не адставаць ад развіцця медыцыны ў цэлым, лекары ўвесь час знаходзяцца ў стане навучання і падвышэння сваіх кампетэнцый. Самаразвіццё, паездкі на розныя семінары і канферэнцыі, у тым ліку міжнародныя, купля літаратуры і магчымасць сачыць за навуковымі адкрыццямі каштуюць не танна.

- Зараз беларускія лекары не могуць сабе дазволіць з’ездзіць за свой кошт нават на канферэнцыю ў Польшчу, - канстатуе Андрэй Вітушка.

Прафесійны рост патрабуе нямала часу. Але большасць беларускіх лекараў працуюць больш, чым на стаўку. Праз празмерную занятасць у іх можа не быць часу нават на чытанне спецыялізаванай літаратуры.

Істотнае падвышэнне заробку лекарам стала б добрай дапамогай для сістэмнага паляпшэння прафесійных навыкаў, якасці паслуг, якія выконваюцца, а таксама стала б стымулам для моладзі ісці ў медыцыну.

У далёкай перспектыве беларускім лекарам можна было б давесці даходы (у пераліку на 1 стаўку занятасці) удвая вышэйшыя за сярэднія ў краіне, як гэта прынята ў развітых краінах, улічваючы ўзровень адказнасці лекараў, сілы і час, якія яны выдаткоўваюць на падрыхтоўку і падтрыманне свайго прафесіяналізму, адзначае прадстаўнік аховы здароўя.

- Калі глядзець на тое, як працуе сістэма ў іншых краінах, то прыстойны заробак лекараў мае быць хаця б удвая большым, чым сярэдні ў краіне. Нават у Расеі прынялі праграму, згодна з якой лекары мусяць зарабляць удвая больш, чым у сярэднім у рэгіёне, дзе яны працуюць. На гэта можам арыентавацца і мы, канешне, апіраючыся на магчымасці эканамічных рэалій, - адзначае Андрэй Вітушка.

Рост даходаў работнікаў медыцыны паспрыяе памяншэнню бытавой карупцыі ў лякарнях і паліклініках, адзначае лекар. Але яно наўрад ці адаб'ецца на карупцыі ў кіраўніцкім асяроддзі - для гэтага варта шукаць іншыя выйсці.

- Хаця факты карупцыі і не даведзеныя, але калі меркаваць з агучаных сум кампенсаваных стратаў, я не ведаю, да якой ступені трэба падвышаць заробкі, каб нейкім чынам кампенсаваць «карупцыйныя спакусы» сярод медычных чыноўнікаў, - кажа Андрэй Вітушка.

Карупцыйныя скандалы, пра якія стала вядома апошнім часам, не маюць нічога агульнага з 90% работнікамі медыцыны, большасць з якіх працуюць добрасумленна і часта больш чым на стаўку, адзначае рэаніматолаг. Але іх цень шкодзіць прэстыжу медработнікаў і даверу да лекараў, на якіх пацыенты будуць пераносіць сітуацыю ў мэнэджмэнце галіны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках