29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыхтуецца новы дэкрэт і «пашпарт дармаеда»?

74
Рыхтуецца новы дэкрэт і «пашпарт дармаеда»?
ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

Улады зацікавіліся працоўнай міграцыяй.

Блізу паўтара мільёнаў беларусаў вымушаныя працаваць за мяжой. Беларускія ўлады ўжо не могуць хаваць маштабаў працоўнай міграцыі.

Аднак увага да гэтай праблемы была выказаная завуалявана: афіцыйная федэрацыя прафзвязаў прапанавала кантраляваць «адчувальную» працоўную міграцыю.

Што гэта можа азначаць на практыцы? Беларусам абмяжуюць выезд за мяжу? Гастарбайтэраў прыраўняюць да «дармаедаў»?

На пытанні Charter97.org адказваюць экс-міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў і грамадскі актывіст, прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме Віктар Марчык.

«Дзевяць мільёнаў душ памешчыцы Каробачкі»

Цяжка сказаць, што ўлады яшчэ прыдумаюць, але зразумела, чаму яны гэта зробяць, мяркуе Аляксандр Сасноў:

- Як раней вызначалася багацце прыгоннікаў-феадала? Паводле колькасці прыгонных. Памятаеце, як у Гогаля памешчыца Каробачка не адразу згаджаецца прадаць нават «мёртвыя душы»: а можа, яны больш каштуюць? А ў нашай Каробачкі ў Драздах - дзевяць мільёнаў прыгонных душ. Ну вось яна і ўстурбавалася, што прыгонных стала мала, не стае сродкаў, каб ездзіць на «Майбаху» і ўсталёўваць залатыя ўнітазы. Вось гэта і прымусіла ўлады задумацца: як павялічыць колькасць душ у маёнтку? Што яны будуць рабіць, якія законы прымаць - гэта іх праблемы, я ім тут не дарадца.

Але, вядома, такія заявы проста так не робяцца. Магчыма, распрацоўваецца новы падыход да кантролю над перамяшчэннем беларусаў. Не выключана, што на ўзбраенне могуць быць узятыя нейкія метады з арсенала СССР. Але, упэўнены, зрабіць «жалезную заслону», як тады, у рэжыму ня выстарчыць сіл. Да таго ж, самы вялікі адцінак мяжы, усходні, ніяк не кантралююцца, а туды акурат і з'язджаюць на заробкі.

Самае галоўнае для ўладаў - гэта грошы, канстатуе Віктар Марчык:

- Увага да працоўнай міграцыі сігналізуе пра жаданне зарабіць на гэтай катэгорыі беларусаў. Натуральна, улады пачнуць кантраляваць, хто куды выязджае, ставіць іх на ўлік, а потым - народзіцца новы ўказ прэзідэнта Беларусі. І проста з гэтых людзей пачнуць браць другасныя падаткі. У нас жа двайное падаткаабкладанне - у парадку рэчаў. А закон і дэкрэт могуць прыняць нават «прамінулай датай», калі «цар» пажадае. І ў справе ўліку працоўных мігрантаў фантазія таксама не будзе абмяжоўвацца: падключаць створаную з 1 верасня базу «дармаедаў» і адаптуюць яе для памежнага кантролю. Не здзіўлюся, калі з часам увядуць і спецыяльны "пашпарт дармаеда» - каб зусім ужо непанадна было.

Я пачынаю разумець словы Лукашэнкі пра тое, што ў нас «няма крызісу». Сапраўды, які можа быць крызіс у рабаўладальніцкім грамадстве? А ў нас акурат і адбываецца мэтанакіраванае знішчэнне працоўнага класа і ператварэнне яго ў рабоў.

«Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала»

Уражвае тое, з якой зацятасцю ўлады спрабуюць стаць на шляху ў натуральных працэсаў, разважае Аляксандр Сасноў:

- Развітыя краіны будуць станавіцца ўсё больш прывабнымі для беларусаў, ахвочых зарабіць. Асабліва Польшча. Дастаткова зірнуць на яе эканоміку і дасягненні за апошнія 24 гады, пакуль у нас кіруе адзін клан. Таму Польшча і краіны ЕЗ будуць заставацца магнітам для выцягвання ўсяго найлепшага з прыгоннай гаспадаркі «хутарок Дразды». А нашыя прыгоннікі будуць бяднець і нашываць новыя латкі сабе на адзенне. Як вядомы персанаж усё таго ж Гогаля памешчык Плюшкін, якога назвалі «залатаным». Дрэнна тут адно: будуць бяднець не толькі прыгоннікі, але і ўсё насельніцтва Беларусі.

«Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала», - цытуе Віктар Марчык класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапіву.

- Недарэчна выглядае жаданне ўладаў злавіць рэшатам ваду. Перспектыўныя людзі, асабліва моладзь з вышэйшай адукацыяй, пры такой сітуацыі ў эканоміцы ўсё адно будуць з'язджаць вучыцца за мяжу. Уцечка мазгоў прадоўжыцца. А як інакш, калі ўсе працоўныя месцы занятыя «па знаёмстве» дзецьмі чыноўнікаў?

«Дзяржава - гэта мы»

Створаная Лукашэнкам дзяржава не здольная адказваць за сваіх грамадзян, упэўнены Аляксандр Сасноў:

- 24 гады таму прыйшлі людзі не для таго, каб будаваць дыхтоўную, еўрапейскую краіну, а для таго, каб з размахам набіваць свае кішэні. Таму ўлада не будзе дапамагаць беларускім рабочым, якія трапілі ў бяду за мяжой. Клопат пра людзей - гэта словазлучэнне, якое адсутнічае ў лексіконе нашага правадыра. Зрэшты, каго будуць на дзяржаўным узроўні хваляваць праблемы беларускіх гастарбайтэраў у Расеі? Калі ў нас тут ёсць рабаўладальнікі, якія ператвараюць сваіх супляменнікаў у рабоў.

Дзяржава - гэта і ёсць мы, кажа Віктар Марчык:

- Рэжым Лукашэнкі не мае права прадстаўляць наш народ. Што ён і давёў, адгарадзіўшыся ад праблем беларускіх працоўных за мяжой. Паглядзіце, колькі людзей выязджаюць на заробкі ў тую ж Расею і трапляюць там у працоўнае рабства! Гэтая ўлада не зацікаўленая ў тым, каб дапамагаць нашым грамадзянам за мяжой: бо гэта лішнія фінансавыя выдаткі. Паехаў - і Бог з ім, хай сам выкручваецца. Бо галоўная ідэя ўлады: узяць пабольш і пакласці сабе як мага далей.

«Хочаш зарабляць - мяняй уладу»

Сітуацыя падыходзіць да мяжы, за якой пачынаецца сацыяльны выбух, мяркуе Віктар Марчык:

- Калі гэта адбудзецца, не ведаю, але гэта ўжо не за гарамі. Пакуль не зменіцца наша сістэма, будзе існаваць рызыка патрапіць у рабства - і ў сябе на радзіме, і за мяжой. А сістэму можна змяніць, толькі змяніўшы ўладу. Таму што прасвятленне на нашага правадыра і ягоных чыноўнікаў не сыдзе. Гэта з вобласці фантастыкі. Толькі змена кіраўніцтва краіны створыць умовы, каб спакойна і годна працаваць. Як той казаў: хочаш зарабляць - мяняй уладу.

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках