23 красавiка 2024, aўторак, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пілуйце, Шура, яны залатыя

36
Пілуйце, Шура, яны залатыя

Эканоміку могуць чакаць такія праблемы, што і ЗВР не выратуюць.

На мінулым тыдні стала вядома, што золатавалютныя рэзервы Беларусі за чэрвень знізіліся на 108,2 млн даляраў. Высвятляецца, што за першыя паўгода рэзервы зменшыліся амаль на паўмільярда даляраў ($483,9 млн). Даволі значная сума, ці не праўда?

У гэтым жа паўгоддзі беларусы здалі ў абменнікі $1 мільярд. Ва ўрада з'явіўся шанец нарасціць рэзервы і падлатаць дзіркі. Высокія кошты нафты, насельніцтва само нясе валюту ў банкі.

Але нават пры гэтых, здавалася б, спрыяльных умовах улады вымушаныя звяртацца да маніпуляцый з ЗВР, бо бюджэтных грошай проста недастаткова. Атрымліваецца, што не ўсё так добра, як нам малююць чыноўнікі.

Чаму ЗВР скараціліся? Якія вонкавыя і ўнутраныя фактары могуць прывесці да магутнага падзення беларускай эканомікі? Ці можна было іх пазбегнуць?

Сайт Сharter97.org задаў гэтыя пытанні эканамістк Барыск Жалібу, экс-кіраўніку Нацбанка Станіславу Багданкевічу і першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу.

Пазыковая дыета

Эканамісты звязваюць зніжэнне ЗВР з вялікімі выплатамі, якія Беларусь была вымушаная зрабіць за дзяржаўную завінавачанасць:

- Вялікія сумы былі выплачаныя ў студзені. Таксама Беларусь своечасова не атрымала вялікія раты ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Два разы па $200 мільёнаў. Гэта адбілася на ЗВР. Нам давялося наблізіцца да крытычнай рысы 6,5 мільярда даляраў, якая была ўстаноўленая ўрадам - адзначае Барыс Жаліба.

Станіслаў Багданкевіч звяртае ўвагу на тое, што калі б Менску ўдалося атрымаць крэдыт ад МВФ, то не давялося б звяртацца да «агалення» золатавалютнага рэзерву:

- Мы расплачваемся і на заходнім кірунку, і на ўсходнім. Беларусь спадзявалася атрымаць крэдыт ад МВФ. Гэта дапамагло б рэфінансаваць пазыкі і трошкі раздаць іх. Але перамовы зазналі крах. Крэдыт на Захадзе нам ніхто не дае. І на гэта ёсць свае прычыны. Міжнародныя арганізацыі патрабуюць сістэмных рэформаў, а беларускія ўлады проста не гатовыя іх праводзіць.

«Прывітанне» ад Пракаповіча?

Яшчэ адзін чыннік, які можа негатыўна паўплываць на беларускую эканоміку - спроба ўладаў «прыцягнуць за вушы» сярэдні заробак. Лукашэнка ўжо дзесяць гадоў паўтарае мантру «папіццот». Станіслаў Багданкевіч запэўнівае, што гэта можа прывесці да ваганняў курсу нацыянальнай валюты і ўдарыць па ЗВР:

- На жаль, рост заробку ў Беларусі адарваны ад прадукцыйнасці працы. Гэта стварае пагрозу для інфляцыі і дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Калі ўлады дапусцяць такое штучнае падвышэнне росту заробкаў, асабліва бюджэтнікаў, то гэта моцна ударыць па нашай эканоміцы.

Экс-кіраўнік Нацбанку мяркуе, што сапраўдная праблема ў тым, што ўлады замест капітальнага рамонту эканомікі толькі пафарбавалі фасад:

- Улады вымушаныя ісці на паслабленні і некаторыя саступкі для бізнэсу, бачачы сістэмныя праблемы эканомікі. У гэтым ёсць заслуга і апазіцыйнага руху. Але варта адзначыць, што гэта вымушаныя паслабленні, а не сістэмныя рэформы.

Ніхто не рэфармуе дзяржаўныя прадпрыемствы, якія з'яўляюцца нашай галоўнай праблемай. Бо можна пакуль не прыватызаваць дзяржаўную ўласнасць, а проста скасаваць ручное кіраванне, камандна-адміністрацыйную сістэму. Буйная вытворчасць захаваная, а кіраванне не рэфармаванае. Гэта прыводзіць да велізарных выдаткаў бюджэтных сродкаў.

Станіслаў Багданкевіч адзначае, што ёсць шмат іншых выдаткаў, якія зменшаныя, можна знайсці грошы для падвышэння заробкаў:

- Розныя парады, якія не патрэбныя міралюбівай Беларусі, будаўніцтва палацаў і правядзенне святаў для адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта сапраўдная безгаспадарчасць. Беларусы бяднеюць. У людзей няма рэальных грошай.

Барыс Жаліба прапануе звярнуць увагу на тое, што штучнае падвышэнне заробкаў нясе за сабой пагрозу «ўключэння друкаванага станка».

- Мы назіраем заганную практыку ўладаў, калі ставяцца нейкія планкі. У цывілізаваных краінах гэта не робяць. Дайце вялікую свабоду бізнэсу і прыватнаму сектару - атрымаеце рост сярэдняга заробку.

Што да штучнага падвышэння заробку, то гэта нясе наўпроставыя рызыкі. Мы ўсе цудоўна бачылі, якую грашовую палітыку ўлады выбралі ў 2011 годзе і чым гэта абярнулася.

Дамоклаў меч нафтавага рынку

Эканамісты падкрэсліваюць, што самыя сапраўдныя праблемы для беларускай эканомікі могуць прыйсці з Усходу, дзе Масква рыхтуецца закончыць «падатковы манеўр» і звесці даходы Менска ад мытаў на нафту - да нуля. Барыс Жаліба мяркуе, што гэта можа прывесці да таго, што мы адчуем, наколькі слабая падушка ЗВР:

- Расея рыхтуецца закончыць падатковы манеўр, гэта вельмі важны вонкавы чыннік, які можа наўпрост паўплываць на эканоміку Беларусі.

Рэч у тым, што пры абнуленні экспартных мытаў на нафту, Беларусь будзе атрымліваць сыравіну сусветнымі коштамі. Тады мы ўспомнім аб праблемах нашай фінансавай сістэмы, бо нафта - гэта даволі вялікія паступленні ў наш бюджэт. Успомнім і аб малой падушцы бяспекі. Бо агульнапрыняты ўзровень бяспекі ЗВР - тры месяцы забеспячэння экспарту. А ў нас - толькі два.

Вонкавыя чыннікі вельмі важныя, нашая эканоміка вельмі ўразлівая перад імі.

Акрамя таго, лішкі валюты на ўнутраным рынку таксама скарачаюцца. Калі ў мінулым годзе продаж валюты насельніцтвам, прадпрыемствамі быў большы за мільярд даляраў, то ў гэтым годзе – блізу 400 мільёнаў.

Экс-кіраўнік Нацбанку кажа пра рызыкі інфляцыі і дэвальвацыі, што можа ўтойваць праблемы беларускіх уладаў у нафтавай галіне:

- Безумоўна, ёсць рызыкі росту інфляцыі і дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Гэта звязана з сітуацыяй на рынку нафты. «Падатковы манеўр» можа прывесці да таго, што мы будзем недаатрымліваць нафту для нашых НПЗ. І вось тады пачнуцца сапраўдныя праблемы.

Рызыкі ёсць і калі наш урад не будзе варушыцца, то яны стануць фатальнымі.

Магло быць інакш

Як мы бачым, беларуская эканоміка вельмі ўразлівая да праблем звонку. Асабліва праблемным бачыцца «расейскі вектар». Малочныя, газавыя, нафтавыя ды іншыя гандлёвыя войны - усе гэтыя чыннікі не раз заганялі беларускую эканоміку ў ступар.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч адзначае, што краіна магла развівацца зусім па-іншаму, а татальная залежнасць Беларусі ад Расеі - вынік кіравання Лукашэнкі:

- У пачатку 90-х мы ішлі зусім іншым шляхам. Думалі аб дыверсіфікацыі нашай эканомікі. Лукашэнка, дзеля сваіх крамлёўскіх амбіцый, быў гатовы аддаць Расеі ўсё і ўсіх.

Таму ўсе нашы пазіцыі былі здадзеныя. Крэмль змог дыктаваць такія ўмовы, якія ён хоча. Усе козыры сёння ў руках Масквы. Пуцін лёгка можа паставіць дыктатара на месца.

Тое, што Лукашэнка не здолеў дыстанцыявацца ад Расеі, адаб’ецца на простых беларусах. У нас і так фантастычная дзяржаўная запазычанасць. Крэдыты бяруцца і бяруцца. А за гэта давядзецца плаціць будучым пакаленням.

Людзям, якія прыйдуць пасля Лукашэнкі да ўлады, давядзецца рабіць тое, што рабілася ў 90-х - вяртаць нашу незалежнасць. Таму што Лукашэнка быў гатовы на ўсялякія знявагі, толькі б застацца ва ўладзе, - рэзюмаваў суразмоўца Сharter97.org.

Пілуйце, Шура, яны залатыя

Чытачы Сharter97.org таксама адрэагавалі на навіна аб зніжэнні ЗВР і прапанавалі свае метады іх папаўнення:

«І так дваццаць з гакам гадоў - дайце мне ў пазыку, потым дайце мне ў пазыку мне трэба аддаць пазыку...»

«Як у Ільфа і Пятрова: «Пілуйце, Шура, яны залатыя». Калі пры кожнай цяжкасці улады залазяць у золатасховішча - значыць, што не ўсё так спакойна ў дацкім каралеўстве»

«Я б прапанаваў прайсціся з металашукальнікам па Драздах. Адзінае высакароднае, што там можа быць - гэта высакародныя металы»

«Успамінаецца «Вяселле ў Малінаўцы»: У атамана няма залатога запасу і хлопцы пачынаюць разбягацца», - падзяліліся сваім меркаваннем чытачы Сharter97.org.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках