25 красавiка 2024, Чацвер, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым беларусы адрозніваюцца ад расейцаў?

40
Чым беларусы адрозніваюцца ад расейцаў?

Беларус – зусім не імперскі чалавек, яму ніколі і ў галаву не прыйдзе ідэя Трэцяга Рыма.

У 2005 годзе ў Беларусі былі апублікаваныя вынікі аналагічных даследаванняў. Выдавецтва «Тэхналогія» апублікавала кнігу Аляксея Мікуліча «Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу». Высновы аўтара вельмі падобныя да меркавання расейскіх калегаў. Кожны з трох усходнеславянскіх этнасаў, згодна з антрапалагічнымі звесткамі, мае сваю ўнікальнасць. Яны фармаваліся ў рознай геаграфічнай прасторы, на асаблівых субстратных праасновах, піша сайт melom.by.

Змешчаная ў кнізе графічная інтэрпрэтацыя абагульненых характарыстык іх генафондаў дазваляе наглядна ўбачыць ступень падабенства і адрознення. «Этнічныя воблакі» [этнас кожнага народа быў паказаны воблакам і ў залежнасці ад падабенства датыкаўся з «іншымі аблокамі»] беларусаў і ўкраінцаў даволі кампактныя і на прыкладзенай дыяграме часткова перакрываюцца.

Расейскае ж «воблака» вельмі размытае, і толькі нязначная яго дзель перакрываецца з першымі двума. У той час як украінскае «этнічнае воблака» ўвогуле не мяжуе з фіна-вугорскімі, а беларускае толькі кранае іх – цэнтр «этнічнага воблака» расейскіх папуляцый знаходзіцца ў адным кластары з фіна-вугорскімі, а не славянскімі этнасамі.

«З кім быць Літве – адвечная спрэчка славянаў». Адрозненні этнасу беларусаў і расейцаў

Калі верыць энцыклапедыі «Беларусь», беларускі этнас сфармаваўся ў 13–16 стагоддзях, прайшоўшы стадыі ад аб'яднання племянных хаўрусаў праз народнасць да нацыі.

Гэта значыць, ён сфармаваўся яшчэ да агрэсіяў цароў Івана Жахлівага і Аляксея Міхайлавіча, а да часу расейскай акупацыі ВКЛ 1795 года гэта быў даўно сфармаваны этнас са сваёй шматвяковай гісторыяй нацыянальнай дзяржаўнасці. Бо ў Рэчы Паспалітай ВКЛ валодала ўсімі дзяржаўнымі атрыбутамі: сваёй уладай, сваёй нацыянальнай беларускай арміяй, сваімі законамі краіны, сваёй нацыянальнай валютай (беларускія талеры чаканіліся некалькі стагоддзяў аж да 1794 года, калі апошні беларускі талер быў адчаканены на Гарадзенскім манетным двары) і г. д.

Блізу 1840 года адбыўся шэраг рэпрэсій царызму супраць захопленага народа, які насмеліўся другі раз паўстаць. Была знішчаная ўказам цара Уніяцкая царква ў Беларусі, забароненае богаслужэнне на беларускай мове і кнігавыданне, скасаванае дзеянне Статута ВКЛ.

Гэта значыць, з гледзішча навукі, кажучы пра беларусаў і расейцаў, мы гаворым ужо не пра народы і этнасы, а пра нацыі суседзяў. Гэта зусім іншая катэгорыя, дзе ўжо недарэчныя думкі пра «зліццё народаў» нібыта на падставе іх нейкай «этнічнай супольнасці». Нацыі ніколі не могуць зліцца адна з адной, бо паводле вызначэння не схільныя да гэтага.

Мы заўсёды належалі да еўрапейскай культуры. Адрозненні менталітэту

«Беларус – зусім не імперскі чалавек, яму ніколі і ў галаву не прыйдзе ідэя сусветнай рэвалюцыі ці Трэцяга Рыму» – сцвярджае філосаф, эсэіст і літаратурны крытык Валянцін Акудовіч. Са словамі вядомага беларускага прадстаўніка культуры можна лёгка пагадзіцца. Уладзімір Арлоў, дарэчы таксама вядомы беларускі пісьменнік і гісторык, у адным з інтэрв'ю сказаў «Беларусы гістарычна і ментальна – еўрапейцы. Гэта вельмі шакуе ўсіх, хто спрабуе бліжэй пазнаёміцца з краінай. Людзі дзівяцца таму, што ў беларускіх гарадоў было магдэбургскае права, што ў Беларусі таксама быў свой Рэнесанс. Мы заўсёды належалі да еўрапейскай культуры, тут праходзіла мяжа паміж Еўропай і Азіяй. Мы жылі ў імперыі – Вялікім Княстве Літоўскім, – якая распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора, але гэта была не імперыя. Былі зусім іншыя прынцыпы пабудовы дзяржавы, усе былі адным народам, былі талерантнасць і памяркоўнасць. На плошчах беларускіх гарадоў мірна ўжываліся праваслаўная, каталіцкая і ўніяцкая цэрквы, сінагога і мячэць. Тут мы адрозніваемся і ад Заходняй Еўропы, у нас ніколі не было рэлігійных сутыкненняў і такіх падзей, як Варфаламееўская ноч».

«Нягледзячы на ўсе намаганні расейскіх гістарыёграфаў, Маскоўскае княства стагоддзямі было пад ярмом Залатой Арды. У сутнасці, потым яны так і не вызваліліся ад гэтага прыгнёту – ментальна, зразумела. Нават пасля сыходу Арды ўсё засталося тое самае: і пабудова дзяржавы, і ваенная дактрына, ідэя дамінавання калі не ва ўсім свеце, то на значнай яго частцы. Адтуль захавалася ў расейцаў думка, што “калі гэтыя землі не захопім мы, то захопяць нашы ворагі і адтуль будуць пагражаць нам”. Падзеі ва Украіне сведчаць, што такая ментальная сітуацыя існуе і цяпер» – таксама мяркуе Валянцін Акудовіч.

«Працуй пільна – ды будзе Вільня!». Розны казачны герой

Самы звычайны герой расейскіх казак – Ямеля, які сядзіць на печы і хоча, каб на шчупаковы загад яму ўсё дасталася. Або Іван-дурань, які мае тату-цара і займаецца не зразумела чым. Герой жа беларускіх казак: «працавіты ды мужны Янка», які працуе цэлымі днямі і церпіць здзекі «паноў ды ўлады». Гультай у беларускіх казках высмейваецца, дзяцей вучаць, што сапраўдны герой той, хто доўга і ўпарта працуе, нягледзячы на ўдары лёсу. Увогуле “Працуй пільна – ды будзе Вільня!”».

У расейскіх казках усё абсалютна наадварот. Існуе цікавае даследаванне беларускіх казак, напісанае культуролагам Юліяй Чарняўскай. У нашых казках ёсць іншая траўма: напрыклад, тое, што ў нас няма шчаслівага героя, у якога ёсць усё, а яму за гэта нічога дрэннага не будзе. Усе беларускія казкі – пра цяжкую працу, а калі пры гэтым ты знаходзіш нейкі скарб, то цябе вельмі сурова пакараюць. Нашы казкі не пра ляноту, а пра працу.

Зусім розныя. Беларуская і расейская мова

Апошнім часам галоўная адметнасць беларусаў ад расейцаў набірае папулярнасць у нашай краіне. Праводзяцца беларускамоўныя спартыўныя мерапрыемствы, адкрываюцца бясплатныя курсы вывучэння «роднай мовы». Вядома, беларуская мова даволі падобная на расейскую, але ведаючы тую самую ўкраінскую або польскую, можна ўбачыць, што з імі мова падобная нашмат больш.

Даказаць жа тое, што беларуская – самастойная мова і ўжо ніяк не прыдатак расейскай, можна прааналізаваўшы некалькі базавых словаў. «Благо» ў расейскай мове азначае «добра». У беларускай жа «блага» азначае «дрэнна». Калі каранёвыя базавыя словы маюць зусім розныя сэнсы, гэта і гаворыць пра тое, што мовы зусім розныя.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках