20 красавiка 2024, Субота, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь і Расея падпісалі «дарожную карту» па малаку

2
Беларусь і Расея падпісалі «дарожную карту» па малаку

Рассельгаснагляд адзначыў, што з нашай краіны працягвае паступаць «небяспечная малочная прадукцыя».

Расея і Беларусь дамовіліся аб зняцці ўзаемных абмежаванняў па пастаўках малочнай прадукцыі, паведаміла журналістам афіцыйная прадстаўніца Рассельгаснагляду Юлія Мелана. Адпаведную «дарожную карту» па працэдуры зняцця абмежаванняў у суботу, 9 чэрвеня, падпісалі Рассельгаснагляд і дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Беларусі, паведамляе РБК.

«Дарожная карта» падпісаная ў рамках дасягнутых раней урадамі дзвюх краін дамоўленасцей і разлічаная на 2018 год. У ёй прапісаны мерапрыемствы, якія будуць спрыяць «хутчэйшаму ўрэгуляванню сітуацыі» па зняцці ўзаемных абмежаванняў на пастаўкі прадукцыі.

Так, з 11 чэрвеня Рассельгаснагляд здымае часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў - вытворцаў мяса і камбікармоў: ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», ТАА «Вахавяк Плюс», ТАА «Гарадзенскі мясакамбінат», ТАА «Белэкатэхніка». З 11 чэрвеня Рассельгаснагляд зможа аднавіць права экспарту малочнай прадукцыі яшчэ для трох беларускіх прадпрыемстваў, калі будуць прадастаўленыя дакументы аб правядзенні лабараторнага маніторынгу па групах рызыкі, вызначаных расейскай службай.

Разам з тым прадстаўнік Рассельгаснагляду ўказвае, што Беларусь працягвае пастаўляць у Расею прадукцыю з шматлікімі парушэннямі патрабаванняў заканадаўства ЕАЭС. З 9 чэрвеня ведамства абмяжоўвае пастаўкі прадукцыі ААТ «Віцебскі мясакамбінат» (праз бактэрый кішэчнай палачкі ў ялавічыне) і віцебскага ААТ «Малако» (у пітным малаку з гэтага прадпрыемства быў выяўлены альбендазол). Для прадукцыі яшчэ шасці прадпрыемстваў уводзіцца рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю (спіс апублікаваны на сайце ведамства).

Акрамя гэтага Беларусь правядзе расследаванне прычын выяўлення нітратаў у малочнай прадукцыі шасці беларускіх прадпрыемстваў - пра гэта паведамлялася на гэтым тыдні. На час правядзення праверкі на прадукцыю гэтых прадпрыемстваў будзе ўзмоцнены лабараторны кантроль.

Часовыя абмежаванні на пастаўку некаторых відаў малака і малочнай прадукцыі з Беларусі Рассельгаснагляд увёў з 6 чэрвеня. З краіны працягвае паступаць «небяспечная малочная прадукцыя», тлумачыла неабходнасць увядзення абмежаванняў афіцыйная прадстаўніца ведамства Юлія Мелана. Больш за ўсё парушэнняў было выяўлена ў малаку і вяршках, пастэрызаваных і стэрылізаваных налівам, малаку і вяршках сухіх, канцэнтраваных, кансерваваных і згушчаных, сыроватцы, канцэнтраце сыроватачным і малочным бялку. Абмежаванні тычыліся ўвозу ўсёй пералічанай прадукцыі для перапрацоўкі і ў спажывецкай тары аб'ёмам звыш 2,5 л. Старшыня праўлення «Саюзмалака» Андрэй Даніленка запэўніваў, што гэтая мера не паўплывае ні на расейскіх перапрацоўшчыкаў, ні на спажыўцоў.

Сістэматычныя прэтэнзіі да якасці малака і малочных прадуктаў, што пастаўляюцца з Беларусі, у Рассельгаснагляду ўзнікаюць ужо даўно. У пачатку 2018 года служба мела намер абмежаваць увоз асобных відаў беларускай малочнай прадукцыі з суседняй краіны. Але тэрмін увядзення гэтай меры пераносіўся, а ў сакавіку Рассельгаснагляд зусім адмовіўся ад увядзення абмежаванняў. Тады Лукашэнка, каментуючы магчымае абмежаванне Расеяй паставак, заявіў, што малако «стала нахабным палітычным інструментам».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках