28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Магчымыя значныя ваганні курсаў валют

Экспэрт: Магчымыя значныя ваганні курсаў валют

Прагноз курсу рубля на тыдзень.

Магчымыя значныя ваганні курсаў валют на Беларускай валютна-фондавай біржы, але агулам за тыдзень курс даляра ў дачыненні да беларускага рубля павінен захавацца прыкладна на існым узроўні, піша экспэрт Уладзімір Тарасаў для belrynok.by.

Чаканні павелічэння сярэдняўзважанага курсу даляра на мінулым тыдні не апраўдаліся, курс даляра знізіўся на 0,4% - да 2,0016 рублёў за даляр. Але прадбачыць гэта наўрад ці было магчыма, бо паслабленне даляра было выкліканае ў значнай ступені ўмацаваннем еўра з прычыны выказванняў шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў Еўрапейскага Цэнтрабанка аб магчымым хуткім прыняцці пастановы аб узмацненні жорсткасці палітыкі ЕЦБ.

Сярэднеўзважаны курс еўра на БВФБ у сувязі з гэтым павялічыўся на мінулым тыдні на 0,4% і дасягнуў 8 чэрвеня 2,3552 рублёў.

Сярэднеўзважаны курс расейскага рубля за мінулы тыдзень знізіўся на 1,2% і склаў 3,1927 беларускіх рублёў за 100 расейскіх.

Кошт валютнага кошыка з даляра, еўра і расейскага рубля не вырас, як чакалася, а скараціўся на 0,6%. А сярэднядзённы аб'ём таргоў на БВФБ падняўся да 59,8 млн рублёў з 53,7 млн рублёў на папярэдняй тыдні.

Курс беларускага рубля ў дачыненні да кошыка валют

Зніжэнне кошту валютнага кошыка выглядае нечаканым, бо ідзе ўразрэз з сусветнай тэндэнцыяй паслаблення валют развіваных краін.

Зрэшты, умацаванне рубля ў дачыненні да кошыка мае аб'ектыўную аснову. У траўні на ўнутраным валютным рынку РБ прапанова валюты перавышала попыт на яе. Так, фізічныя асобы прадалі валюты на 207,3 млн даляраў больш, чым набылі, а суб'екты гаспадарання - нерэзідэнты РБ - на 29,3 млн даляраў. Суб'екты гаспадарання - рэзідэнты, праўда, набылі валюты больш, чым прадалі, на 78,3 млн даляраў, але агулам баланс застаўся на карысць продажаў валюты. У сувязі з гэтым Нацбанк у траўні скупляў валюту на ўнутраным рынку, гэта значыць, ён яшчэ і ўтрымліваў беларускі рубель ад залішняга ўмацавання.

Уся гэтая сітуацыя выглядае крыху вар'яцкай. Калі справа так пойдзе і надалей, то беларускі рубель зможа прэтэндаваць на званне «самай моцнай валюты ў свеце», што ніяк не адпавядае стану яе эканомікі, і, у канчатковым выніку, дрэнна скончыцца для краіны. Не выключана, што маюць месца спекулятыўныя фактары. Аб'ём таргоў на БВФБ на мінулым тыдні быў трохі вышэйшым, чым звычайна ў пачатку месяца, відавочна, што некаторыя ўладальнікі валюты ўважаюць за неабходнае прадаваць валюту, скарыстаўшыся высокім курсам.

Як паведаміў Нацыянальны банк РБ, міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі ў траўні скараціліся на 98,5 млн даляраў - да 6.939,6 млн даляраў. Але гэта звязанае з вяртаннем дзяржаўных пазык (на 331 млн даляраў за месяц).

У той жа час, у РБ узмацняюцца прыкметы фармавання дэфіцыту валюты. Напрыклад, на аўкцыёне ў размяшчэнні дзяржаўных аблігацый у далярах ЗША 250-га выпуску, які адбыўся 6 чэрвеня 2018 года, Мінфінансаў рэалізавала аблігацыі толькі на 23,3 млн даляраў. Стаўка размяшчэння склала 5,7% гадавых, а аб'ём эмісіі - 50 млн даляраў.

Курс даляра ў дачыненні да еўра

Падтрымку еўра на мінулым тыдні надало развязанне палітычнага крызісу ў Італіі. Там распачаў працу новы ўрад, сфармаваны еўраскептыкамі. Але ў перспектыве ён можа даставіць сур'ёзныя непрыемнасці еўрапейскай валюце, бо збіраецца праводзіць грашовую палітыку, якая не адпавядае патрабаванням ЕЗ. Новы прэм'ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ паведаміў пра новую праграму бюджэтнага стымулявання эканомікі краіны аб'ёмам 126 млрд еўра за першы год яе рэалізацыі.

На наступным тыдні чакаецца шмат падзей, якія могуць паўплываць на курс еўра ў дачыненні да даляра на рынку форэкс. На 12 чэрвеня прызначаная сустрэча Дональда Трампа з лідарам КНДР Кім Чэн Ынам у Сінгапуры. Але прэзідэнт ЗША ўжо папярэдзіў, што асаблівага плёну ад гэтай сустрэчы чакаць не варта, таму яна не павінна значна паўплываць на валюты.

13 чэрвеня ФРС павінна прыняць пастанову аб падвышэнні сваёй стаўкі. Гэта чакаецца, таму не павінна паўплываць на курс еўра супраць даляра, хоць можа прывесці да ўмацавання амерыканскай валюты ў дачыненні да валют развіваных краін.

Большае значэнне можа мець пасяджэнне ЕЦБ, прызначанае на 14 чэрвеня. На ім павінна абмяркоўвацца пытанне пра перспектывы ўзмацнення жорсткасці грашовай палітыкі банка. Але не выключана, што яго пастанова не апраўдае чаканні рынку, бо на мінулым тыдні адны размовы пра такія абмеркаванні прывялі да росту курсу еўра, што наўрад ці задавальняе кіраўніка ЕЦБ Марыё Драгі.

Курс расейскага рубля ў дачыненні да даляра

Да паслаблення расейскага рубля на гэтым тыдні прывялі тры прычыны. Па-першае, знізіліся кошты нафты на сусветным рынку ў сувязі, напрыклад, са з'яўленнем інфармацыі аб просьбе ЗША да краін АПЕК аб павелічэнні здабычы нафты на 1 мільён барэляў за дзень. Акрамя таго, з'явіліся паведамленні аб тым, што Саудаўская Арабія і Расея ўжо дамовіліся прыняць пастанову аб паступовым павелічэнні здабычы нафты на сустрэчы ў Вене 21-23 чэрвеня.

Па-другое, замежныя інвестары працягвалі выводзіць сродкі з Расеі, як, зрэшты, і з іншых развіваных краін, што прывяло да зніжэння попыту на расейскія аблігацыі федэральнай пазыкі.

Па-трэцяе, Міністэрства фінансаў РФ паведаміла аб павелічэнні сродкаў, што накіроўваюцца на куплю замежнай валюты ў перыяд з 7 чэрвеня да 5 ліпеня да 380 млрд расейскіх рублёў.

15 чэрвеня Банк Расеі прыме пастанову аб сваёй ключавой стаўцы. Як мяркуюць аналітыкі Bank of America Merrill Lynch, імавернасць паніжэння стаўкі на 0,25% да 7% вышэйшая, чым яе захаванні, бо тэмпы росту ВУП Расеі застаюцца нізкімі, а прыкмет паскарэння інфляцыі не відаць. Паводле апытання, праведзенага агенцтвам Reuters, 15 з 20 апытаных эканамістаў мяркуюць, што стаўка застанецца без змен.

Пакуль многія экспэрты чакаюць далейшага паслаблення рубля. Напрыклад, у Райффайзенбанку падлічылі, што ў найбліжэйшы месяц з расейскага рынка сыдзе блізу 10,5 млрд даляраў на выплату вонкавай пазыкі карпарацый і за кошт куплі валюты Мінфінам, тады як па існым рахунку паступіць не больш за 8,6 млрд даляраў. Гэта абяцае рублю паслабленне. Таму на наступным тыдні будзем чакаць росту курсу даляра на Маскоўскай біржы прыкладна на 0-0,5%.

Курс беларускага рубля ў дачыненні да даляра

У выніку ўмацаванне даляра супраць еўра і расейскага рубля будзе кампенсаванае ўмацаваннем беларускага рубля ў дачыненні да кошыка валют. Гэта значыць, у выніку змяненне курсу даляра ЗША на Беларускай валютна-фондавай біржы можа быць нулявым. Але не выключаныя значныя ваганні курсаў у сувязі з важнымі падзеямі.

Прагноз на панядзелак 11 чэрвеня

У другой палове пятніцы, 8 чэрвеня, курс даляра на Маскоўскай біржы пад уплывам заявы Дональда Трампа аб уключэнні Расеі ў G7 знізіўся прыкладна на 0,7% і склаў 62,5125 рублёў.

Курс еўра на рынку форэкс у другой палове тарговага дня 8 чэрвеня вырас на 0,2% - да 1,1767 даляраў.

У Расеі субота, 9 чэрвеня, працоўны дзень, таму магчымае значнае змяненне курсу расейскага рубля на Маскоўскай біржы, у сувязі з чым рабіць прагнозы курсаў на БВФБ на 11 чэрвеня не мае сэнсу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках