17 траўня 2024, Пятніца, 16:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыроўкі ў менскіх інтэрнатах выраслі ў тры разы

11
Жыроўкі ў менскіх інтэрнатах выраслі ў тры разы

Жыхары інтэрнатаў скардзяцца на нелагічны разлік тарыфаў.

Жыхары двух сталічных інтэрнатаў сутыкнуліся з тым, што за апошнія месяцы іхнія жыроўкі выраслі ў тры разы. Адбылося гэта пасля таго, як у іх з'явіўся новы балансатрымальнік – прадпрыемства «Менскія гарадскія інтэрнаты». Tut.by высвятляў, у чым прычына.

Прадпрыемства «Менскія гарадскія інтэрнаты» стварылі ў лістападзе 2017 года. Планавалася, што існаванне аднаго балансатрымальніка скароціць выдаткі на абслугоўванне інтэрнатаў, а таксама знізіць эканамічную нагрузку на прадпрыемствы, за якімі яны замацаваныя.

Паводле жыровак жыхары інтэрнатаў павінны аплачваць ЖКП паводле тых самых тарыфаў, што і для ўсяго жыллёвага фонду, плюс некаторую суму за карыстанне жылым памяшканнем. Апошняя паслуга вылічваецца паводле адмысловай формулы, прывязанай да памеру базавай велічыні і розных каэфіцыентаў у залежнасці ад тыпу інтэрната (кватэрны, блочны, калідорны). Напрыклад, пакой 34 «квадраты» ў інтэрнаце калідорнага тыпу за месяц каштуе 50 рублёў.

А вось за ваду і электраэнэргію жыхары плацяць паводле звестак групавых лічыльнікаў. І разбежка ў гэтых звестках за сем месяцаў не задавальняе жыхароў інтэрнатаў на вуліцы Авангарднай, 58 і 60.

Алена жыве ў інтэрнаце на Авангарднай, 60 некалькі гадоў. Жанчына апавядае, што з лістапада 2017 года ў жыхароў сумы ў жыроўках выраслі амаль у тры разы. Больш за ўсё – паказанні за спажытую ваду і электраэнэргію.

Так, за лістапад 2017 года жанчына заплаціла за ЖКП 104 рублі. Ужо ў лютым за камунальныя паслугі Алене налічылі 250 рублёў, а ў сакавіку гэтая колькасць вырасла да 299. З такой самай праблемай сутыкнуліся і іншыя жыхары інтэрнатаў. Таму людзі пачалі звяртацца ў розныя інстанцыі, каб ім патлумачылі, з чым звязаны рост выстаўленых плацяжоў за ЖКП.

– Электраэнэргія ў нас была 500 кВт, а стала ў наступным месяцы – 1000. Гэта ў пакоі на 34 квадратныя метры, дзе зарэгістраваныя 4 чалавекі. Яны нам павялічылі норму электраэнэргіі, але гэта ж нерэальна столькі спажываць! Ваду нам таксама павялічылі. Пасля таго як мы напісалі заявы ў Менгарвыканкам, пракуратуру, КДК, Міністэрства ЖКГ і ў іншыя інстанцыі, нам прыйшла жыроўка са святлом зноў на 500 кВт. Пытанне: у сувязі з чым?

Пасля зваротаў у кантралявальныя органы выніковая сума ў жыроўках на адзін месяц разам са звесткамі знізілася. У траўні Алена атрымала квітанцыю за красавік на 216 рублёў. Глядзіце, як мяняліся сумы ў жыроўках з лютага да сакавіка 2018 года:

Іншыя жыхары інтэрнатаў скардзяцца на такі ж нелагічны разлік і кажуць, што іх нават не папярэджвалі, калі ў аб'ектаў памяняўся балансатрымальнік.

– Нам ніхто не паведаміў, у нас да гэтага часу нават дакумента ніякага няма акрамя дамовы, якую з намі заключаў у ліпені 2017 яшчэ былы балансатрымальнік – ЖРЭА.

Алена кажа, што адказу на свае пытанні пра разлікі жыхары так і не атрымалі. Людзей сабралі на сустрэчу ў актавай зале інтэрната з намеснікам дырэктара КУП «Менскія гарадскія інтэрнаты» Віталём Быхаўцовым.

– Эканоміі практычна ніякай няма. Вада цячэ з крана, ніхто не паведамляе, святло не выключаюць у калідоры, увагі ніякай няма, – тлумачыць ён адну з прычынаў такіх высокіх паказнікаў на лічыльніках.

Высокія сумы аплаты за электраэнэргію людзям растлумачылі таксама тым, што ў сакавіку працавалі дзве помпы для ацяплення, за кошт чаго выйшла высокая сума ў жыроўках.

Але галоўнае ў тым, што ў сакавіку сёлета змяніўся сам алгарытм разліку. Так, калі раней агульныя паказанні лічыльнікаў вады і электраэнэргіі дзялілі на ўсіх, хто жыве ў інтэрнаце, то цяпер – толькі на афіцыйна зарэгістраваных.

– Да гэтага разлікова-даведачны цэнтр налічваў плату на ўсіх людзей, унесеных у дамову найму, незалежна ад таго, зарэгістраваны або не чалавек. А згодна з пастановай 571 (пастанова дзейнічае з 2014 года – заўв.) пункт 56-57 электраэнэргія і вада налічваюцца выключна на людзей, зарэгістраваных паводле месца жыхарства або паводле месца знаходжання. Я не магу сказаць, чаму гэтае пытанне паўстала менавіта ў сакавіку – гэта РДЦ робіць.

Паводле словаў Быхаўцова, на сакавік колькасць незарэгістраваных жыхароў складала прыкладна 40% ад колькасці пражывалых у інтэрнаце. Таму аплата за высокія паказанні лічыльнікаў за святло легла на астатнія 60%. Але індывідуальныя лічыльнікі ў пакоі людзям пакуль ставіць не будуць.

– Тэхнічна, можа, магчыма, але немэтазгодна зыходзячы з нарматыўна-прававой базы, якая рэгламентуе налічэнне гэтых паслуг. Чалавек жа карыстаецца і іншымі месцамі, ходзіць і ў прыбіральню, і ў агульныя пакоі.

Фото: tut.by

Такімі адказамі людзі засталіся не задаволеныя і яшчэ некалькі разоў прасілі канкрэтызаваць, за што ў сакавіку так істотна змяніліся паказанні лічыльнікаў. Таксама людзям адмовілі ў просьбе прысутнічаць пры зняцці паказанняў лічыльнікаў. Адзінае, што дазволілі зрабіць – выбраць прадстаўніка ад інтэрнатаў, які зможа звяртацца ў Менгарінтэрнат.

Акрамя таго, жыхары паскардзіліся на стан будынкаў пасля капітальнага рамонту: вокны ў санвузлах памянялі часткова, смецце за тэрыторыяй інтэрната не прыбіраюць, дзверы аварыйнага выхаду зачыненыя, а лесвіца да гэтага выхаду зарасла травой.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках