19 красавiка 2024, Пятніца, 11:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эрленд Лу: Калі б я пісаў сцэнар фільма пра Беларусь, гэта была б сатыра на ўладу

Эрленд Лу: Калі б я пісаў сцэнар фільма пра Беларусь, гэта была б сатыра на ўладу
ЭРЛЕНД ЛУ
ФОТА: АЛЯКСАНДР АБУХОВІЧ

Вядомы нарвежскі пісьменнік распавёў пра азнаямленне замежніка з беларускай культурай.

Знакаміты нарвежскі пісьменнік і сцэнарыст Эрленд Лу падзяліўся з «Вялікім» думкамі наконт літаратуры, а заадно распавёў, які сцэнар фільма пра Беларусь ён бы напісаў.

1

У Нарвегіі створаная сур'ёзная падтрымка літаратараў - як пачаткоўцаў, так і тых, што зрабілі сабе імя. Напрыклад, як толькі кніжка выйшла з выдавецтва, кніжныя крамы і бібліятэкі павінны яе набыць у колькасці, не меншай за адну тысячу асобнікаў. Гэта гарантаваны для аўтара мінімальны наклад. Акрамя таго, можна падаць заяўку на атрыманне стыпендыі, якую прапаноўваюць розныя арганізацыі. Нарвегія - не найгоршае месца на зямлі, дзе можна быць пісьменнікам.

2

Доўгі час да нарвежскай і швэдскай літаратуры ставіліся стэрэатыпна. Маўляў, мясцовыя літаратары толькі і ўмеюць, што пісаць пра прыроду, зімовую рыбалку ў ільдах, пра тое, як мясцовае насельніцтва цяжка перажывае зіму, як не стаее кармоў для жывёлы, як складана знайсці нармальную дарогу ад адной фермы да іншай. Я вельмі рады, што новае пакаленне нарвежскіх пісьменнікаў разбурыла стэрэатыпы: мы адышлі ад гэтых тэм і ганарымся, што наш голас пачулі з-пад праломаў ільду пад суднамі нарвежскіх рыбакоў.

3

Калі я напісаў свой першы раман, мне з выдавецтва прыйшла адмова, а сам адказ быў ананімным, хоць я ведаю, што раман чытаў мужчына ва ўзросце. Гэта быў чалавек старых поглядаў, якому не падабалася ўсё новае. Я тут жа нагледзеў выдавецтва, у якім працавалі больш маладыя хлопцы, пастукаў у дзверы - і мне адразу ж адчынілі. Я пра тое, што ў Нарвегіі, калі адчуваеш у сабе пісьменніцкі талент, можна выдавацца без якога-небудзь змагання і істэрык. Сістэма працуе як канвеер: у выдавецкай справе бюджэтны прафіцыт, выдаўцам патрэбныя новыя кнігі, а пісьменнікі ведаюць, што яны без працы не застануцца.

4

Краўдфандынг папулярны ў многіх краінах, але сярод нарвежскіх пісьменнікаў ён не запатрабаваны. Маладыя пісьменнікі хутчэй пойдуць да выдаўцы, чым будуць прасіць грошы ў чытачоў. У нас ёсць выдавецтвы, якія эксперыментуюць з фарматамі; некаторыя выдаюць вельмі маленькія кніжкі, і яны як раз зацікаўленыя ў маладых аўтарах.

5

Ёсць дзве афіцыйныя формы нарвежскай мовы - нюношк і букмал. Нюношк з'явіўся ў XIX стагоддзі, калі адбылося нацыянальнае паўстанне: мы 400 гадоў былі пад швэдамі, але ў выніку здабылі незалежнасць, і культурная эліта ніякім чынам не хацела далей выкарыстоўваць ранейшую мову. Нюношк - гэта частка нашага шляху да незалежнасці, але сёння яго больш выкарыстоўваюць як радыкальны пратэст. У пісьмовым варыянце нюношкам карыстаецца амаль 10% насельніцтва. У маім горадзе, як і агулам у краіне, папулярны букмал, на якім я пішу. Вядома, пэўны моўны канфлікт ёсць, але, як я зразумеў, ён не такі востры, як у вас паміж беларускай і расейскай.

6

У Нарвегіі няма ніякага дзяржзаказу: ні сцэнарыстам, ні літаратарам не паказваюць, пра што пісаць. Людзі, якія падтрымліваюць мастацтва, ніяк не звязаныя з верхавінай улады: дзяржава павінна падтрымліваць мастацтва, а не кіраваць ім. Калі б нешта такое хоць раз адбылося, быў бы вялізны скандал.

7

Не думаю, што папулярны цяпер нон-фікшн (дакументальная проза) калі-небудзь выцесніць мастацкую літаратуру, бо чытачам заўсёды будуць патрэбныя новыя ідэі, іншы свет, куды можна ўцячы. Але ў той жа час я з павагай стаўлюся да творчасці дакументалістаў: падабаецца ваша Святлана Алексіевіч, люблю развагі Біла Брайсана пра мову і тое, што нас атачае. Вельмі спадабаўся погляд Юваля Харарэ на гісторыю чалавецтва: ён паказвае развіццё падзей з пункту гледжання перспектывы, якую часта не заўважаеш. Напрыклад, ён кажа, што адна з найбуйнейшых памылак чалавецтва - сельская гаспадарка. Калі раней людзі былі свабоднымі, маглі падарожнічаць, харчаваліся арэхамі і ўсё ў іх было цудоўна, то цяпер мы прыраслі да камяку зямлі, які трэба абараняць і ахоўваць.

8

Калі б я пісаў сцэнар фільма пра Беларусь, жанрава гэта была б сатыра на ўладу, хутчэй за ўсё. Галоўным героем, напэўна, стаў бы такі чалавек, як я, які прыехаў у краіну са сваімі прадузятасцямі і стэрэатыпамі, якія з кожным новым днём разбураліся бы - па меры таго, як я апускаўся б у вашу культуру. Праўда, яшчэ не ведаю, якой была б канцоўка: ці ў цябе ўсё добра..

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках