29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўрапарламенце абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і блакаванне «Хартыі-97»

17
У Еўрапарламенце абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і блакаванне «Хартыі-97»
ФОТА: АЛЯКСАНДРА LANDE/SHUTTERSTOCK

Канферэнцыя «Беларусь-2018: галасы грамадзянскай супольнасці» прайшла 5 чэрвеня ў Еўрапейскім парламенце ў Брусэлі.

У канферэнцыі, якую арганізавала фракцыя Еўрапейскай Народнай Партыі ў Еўрапарламенце, узялі ўдзел дэпутаты Еўрапарламенту, прадстаўнікі Еўрапейскай Камісіі, а таксама актывісты грамадзянскай супольнасці і незалежныя журналісты Беларусі.

Падчас мерапрыемства беларусы распавялі аб сітуацыі ў краіне. Еўрадэпутаты крытычна ацэньвалі парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, пераслед апазіцыі, а таксама знішчэнне свабоды слова, сярод іншага, блакаванне незалежнага сайта «Хартыя-97».

ФОТА - EPP GROUP PRESS SERVICE

Пра патрэбу абараняць сайт Charter97.org заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента Рамон Луіс Варкальсэль. Паводле ягоных слоў, «для таго, каб людзі змоўклі, выкарыстоўваецца цэнзура, напрыклад, блакаванне сайта Charter97.org. Немагчыма стварыць свабоднае грамадства без свабоднай прэсы. ЕЗ не павінен заплюшчваць вочы на цэнзуру і рэпрэсіі. Мы павінны абараніць сайт «Хартыя-97».

ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТ ЕЎРАПЕЙСКАГА ПАРЛАМЕНТА РАМОН ЛУІС ВАРКАЛЬСЕЛЬ
ФОТА - EPP GROUP PRESS SERVICE

Кіраўніца Камітэта бяспекі і абароны Еўрапарламенту, еўрадэпутатка ад польскай партыі «Права і справядлівасць» Ганна Фатыга заявіла, што «блакаванне Charter97.org можа ўспрымацца як яшчэ адзін выпадак у серыі запалохванняў, але гэта можа ацэньвацца, як паваротны момант у Беларусі».

«Мы, еўрапейцы, альбо пераможам, альбо саступім. З боку Лукашэнкі гэта быў прадуманы крок, і ён не мае намеру спыняць гэтае блакаванне. Цяпер не час для крытычнага ўзаемадзеяння з уладамі Беларусі, надышоў час ціску», - сказала Ганна Фатыга.

Кіраўнік падраздзялення Усходняга партнёрства ў Еўрапейскай службе замежных дзеянняў Дырк Шубель заявіў, што блакаванне «Хартыі-97» супярэчыць міжнародным нормам і запэўніў, што пытанні парушэнняў правоў чалавека і свабоды слова, у тым ліку блакаванне незалежнага сайта, будуць абмяркоўваць на ўсіх сустрэчах прадстаўнікоў Еўразвязу з беларускімі ўладамі.

КІРАЎНІК ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯ ЎСХОДНЯГА ПАРТНЁРСТВА Ў ЕЎРАПЕЙСКАЙ СЛУЖБЕ ЗАМЕЖНЫХ ДЗЕЯННЯЎ ДЫРК ШУБЕЛЬ
ФОТА - EPP GROUP PRESS SERVICE

Пра намер надалей падымаць пытанні парушэння правоў чалавека і свабоды слова ў Беларусі заявілі таксама ініцыятары канферэнцыі кіраўнік дэлегацыі ЕП у сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі і еўрадэпутат ад Латвіі, намеснік кіраўніка фракцыі Еўрапейскай Народнай Партыі ў Еўрапарламенце Сандра Калніетэ.

КІРАЎНІК ДЭЛЕГАЦЫІ ЕП У СУВЯЗЯХ З БЕЛАРУССЮ БОГДАН ЗДРАЕЎСКІ
ФОТА - EPP GROUP PRESS SERVICE

Ад Беларусі ў канферэнцыі ўдзельнічалі былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, прадстаўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, прадстаўнік Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса, юрыст Беларускага Хельсінскага Камітэта Дзмітрый Чарных, дырэктар праваабарончай арганізацыі Lawtrend Вольга Смалянка, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў, праваабаронца Алег Воўчак ды іншыя.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, выступаючы на канферэнцыі, адзначыла, што сітуацыя ў Беларусі з правамі чалавека застаецца цяжкай, а сітуацыя са свабодай слова — крытычная. Падаем тэкст ейнага выступу:

- 24 студзеня гэтага года ўлады Беларусі заблакавалі найбуйнейшы незалежны навінавы сайт «Хартыя-97». Аўдыторыя сайта на момант блакавання складала 2,5 мільёна ўнікальных наведвальнікаў кожны месяц. За апошнія паўгода ў сайта «Хартыі» было 4 мільёны ўнікальных наведвальнікаў — гэта палова дарослага насельніцтва Беларусі. Больш таго, паколькі сайт змагаецца з расейскай прапагандай, сёння ён заблакаваны ў Расеі паводле пастановы Генеральнай пракуратуры.

ГАЛОЎНАЯ РЭДАКТАРКА CHARTER97.ORG НАТАЛЛЯ РАДЗІНА СПРАВА
ФОТА - EPP GROUP PRESS SERVICE

Гэта значыць, калі дагэтуль беларускія ўлады ўзялі пад поўны кантроль тэлевізію і радыё, а таксама закрылі большасць незалежных газет, то з блакаваннем сайта «Хартыя-97» яны надумалі знішчыць свабоду слова ў інтэрнэце.

Адначасова ў Беларусі прынятыя ў першым чытанні папраўкі ў закон аб СМІ, якія ўзмацняюць цэнзуру ў інтэрнэце, уводзяць абавязковую рэгістрацыю ўсіх каментатараў на сайтах, а таксама маюць на ўвазе блакаванне не толькі інтэрнэт-парталаў, але і сацыяльных сетак.

Адначасова цяпер у масавым парадку пераследуюцца журналісты-фрылансеры, журналісты, якія працуюць на медыі, якія вяшчаюць з-за мяжы (напрыклад, тэлеканал «Белсат»), распачатыя крымінальныя справы супраць папулярных відэа-блогераў.

Пры гэтым у турмах знаходзіцца палітычныя вязні, трываюць арышты актывістаў апазіцыі, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту. Супраць людзей, якія адважыліся на публічны пратэст, у тым ліку, выкарыстоўваецца карная псіхіятрыя. Пад крымінальным пераследам знаходзяцца прафзвязныя лідары Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, ім пагражае да сямі гадоў турмы. Сотні актывістаў незалежных прафзвязаў ва ўсёй краіне выклікаюцца на допыты і запалохваюцца.

Улады жорстка распраўляюцца не толькі з апазіцыяй. Беларусь сёння, фактычна, ператвараецца ў фашысцкую дзяржаву. Лукашэнка падпісаў новы дэкрэт аб так званых дармаедах, які цалкам супярэчыць Канстытуцыі і Канвенцыі ААН і МАП аб скасаванні прымусовай працы. Згодна з гэтым дэкрэтам беспрацоўныя пазбаўляюцца многіх дзяржаўных ільгот, а таксама могуць быць накіраваны ў так званыя лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Гэта спадчына савецкага мінулага. Фактычна гэта канцлагеры, дзе людзі жывуць у быдлячых варунках і іх прымушаюць бясплатна працаваць.

Акрамя таго, згодна з гэтым дэкрэтам звесткі беларусаў аб месцы працы і заробку трапляюць у распараджэнне дзяржаўных «органаў»: а значыць, цалкам магчыма, крымінальных структур, што ў беларускай сітуацыі практычна адно і тое ж.

На фоне ўсіх гэтых жахлівых рэчаў, якія адбываюцца ў Беларусі, стасункі Еўразвязу з дыктатурай Лукашэнкі становяцца ўсё больш прыязнымі. За апошнія тры гады пакет дапамогі Еўрапейскага Звязу Беларусі ў рамках Еўрапейскага інструмента суседства быў прафінансаваны больш, як на 100 мільёнаў еўраў. Больш таго, днямі Высокая прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні сустрэлася ў Брусэлі з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і абвясціла аб запуску кампаніі «Разам з Гітлерам... (прабачце, разам з Лукашэнкам) змяняем жыццё да лепшага».

Больш таго, найбліжэйшым часам, у чэрвені, у Беларусь другім разам за паўгода зноў прыязджае Еўракамісар Ёханэс Хан. І што самае дзіўнае, у краіну, у якой блакуюць незалежныя сайты, едзе еўракамісар лічбавай эканомікі і грамадства. Гэта проста бязмежны цынізм, бо адначасова адмаўляюць у дапамозе беларускім незалежным медыям, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. Напрыклад, сайту «Хартыі» пасля блакавання ў Беларусі ў крытычнай сітуацыі, калі ў нас не было наогул ніякіх сродкаў да існавання, адмовіў у дапамозе фонд «European Endowment for Democracy» і іншыя заходнія фонды. Магчыма, гэта супадзенне, але неяк адначасова рэжым Лукашэнкі і ягоныя заходнія партнёры знішчаюць апошнія незалежныя інстытуты Беларусі. Дзякуй Польшчы, якая сёння дапамагае незалежным СМІ ў нашай краіне.

І апошняе, калі на Захадзе сёння не хочуць думаць аб правах чалавека, задумайцеся аб бяспецы. Лукашэнка — марыянетка Крамля. У палітычным, эканамічным і ваенным плане Беларусь абсалютна залежная ад Расеі. Усе сённяшнія гульні Лукашэнкі з Захадам — гэта толькі спроба атрымаць заходнія грошы. Прычым гэтая гульня санкцыянаваная самім Пуціным. Ён сёння не ў стане самастойна ўтрымліваць сваю марыянетку, а таксама зацікаўлены, каб Беларусь заставалася кантрабандным хабам, праз які ідзе гандаль у абыход санкцый. Гэта, дарэчы, не выключае таго, што Беларусь у кожны момант можа страціць сваю намінальную незалежнасць і можа ўвайсці ў склад Расеі. Лукашэнка, знішчаючы незалежныя СМІ і апазіцыю, цалкам аддае Беларусь пад уплыў расейскай прапаганды і рыхтуе такі сцэнар для Пуціна. І тады Еўропа сутыкнецца з яшчэ больш сур'ёзнымі выклікамі.

Беларусы сёння ненавідзяць дыктатара Лукашэнку, і калі камісары Еўразвязу абдымаюцца з ім, людзі пачынаюць спадзявацца, што пазбавіць іх ад Лукашэнкі можа толькі Пуцін. Гэта вельмі небяспечна. Задумайцеся, пакуль не позна, - сказала Наталля Радзіна.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках