25 красавiка 2024, Чацвер, 13:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь рухаецца ад феадалізму да рабаўладання

22
Беларусь рухаецца ад феадалізму да рабаўладання
ФОТА: PINTEREST

Гаворачы пра Украіну, Грузію і Беларусь, трэба называць рэчы сваімі імёнамі.

Беларусь апошнім часам не значыцца асобным пунктам парадку дня найбуйнейшых міжнародных форумаў, тым не менш яе роля важная для міжнароднай бяспекі.

Пра гэта Сharter97.org заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, каментуючы свой удзел у Талінскай канферэнцыі аб бяспецы.

- Вы з'яўляецеся сталым удзельнікам канферэнцый аб бяспецы імя Ленарта Мэры ў Таліне. Чым гэтая канферэнцыя адрознівалася ад папярэдніх?

- Напэўна, тым, што яна праходзіла ў год стагоддзя Эстонскай дзяржавы. Мы таксама адсвяткавалі ў гэтым годзе 100 гадоў з дня абвяшчэння БНР. Параўнанне сучаснай Эстоніі і цяперашняй Беларусі, на жаль, выглядае сумна. Эстонія – сучасная дзяржава, аўтарытэтны ўдзельнік міжнародных дачыненняў, а Беларусь, відавочна, рухаецца ад феадалізму да рабаўладання.

АНДРЭЙ САННІКАЎ, БЫЛЫ КІРАЎНІК МЗС ШВЭЦЫІ КАРЛ БІЛЬТ І ДЭН ФРЫД, ЯКІ КААРДЫНАВАЎ САНКЦЫІ Ў ДЗЯРЖДЭПАРТАМЕНЦЕ ЗША

- Аднак, Беларусь усё часцей гучыць як месца правядзення міжнародных сустрэч, амбіцыйных ініцыятыў накшталт Хельсінкі-2, у Менск прыязджаюць заходнія палітыкі, рыхтуецца візіт Лукашэнкі ў Аўстрыю.

- Давайце па парадку. Калі пад міжнароднымі сустрэчамі маецца на ўвазе "Менскі дыялог", які прайшоў надоечы, то гэта было прапагандысцкае мерапрыемства для ўнутранага карыстання. За мяжою Беларусі гэты сумны сход саромеюцца згадваць нават яго актыўныя прыхільнікі, якія прысутнічалі і ў Таліне. Мне гэта нагадала авантуру са здымкамі фільма "Код Каіна". Група махляроў надумала падзарабіць, паабяцаўшы галівудскі блокбастэр пра добрую ўладу і дрэнную апазіцыю. Улады выдалі немалыя сродкі, больш як 2 мільёны даляраў. Ашуканцы знялі тандэт, які за час пракату сабраў са звестак kinopoisk.ru (увага!) 7 000 даляраў. Так і з гэтым "дыялогам".

Шкада толькі, што на гэтыя авантуры ідуць грошы беларускіх грамадзян.

Хельсінкі-2 – з той жа катэгорыі. Пра што можна казаць, калі Лукашэнка так і не выканаў Стамбульскую дэкларацыю АБСЕ 1999 года, якую сам жа і падпісаў. У пункце 22 гэтай Дэкларацыі гаворыцца пра неабходнасць арганізацыі рэальнага палітычнага дыялогу ў Беларусі, пра свабодныя выбары і свабоду прэсы. Здзіўляе пазіцыя генеральнага сакратара АБСЕ Томаса Грэмінера, які ўзяў удзел у менскім мерапрыемстве і павёў сябе як "карысны ідыёт", разглядзеўшы ў прапагандысцкім практыкаванні нейкі дыялог аб бяспецы. Я, дарэчы, размаўляў пра гэта з прадстаўнікамі АБСЕ ў Таліне, і Грэмінеру перадалі маю ацэнку.

БЫЛЫ НАМЕСНІК ГЕНЕРАЛЬНАГА САКРАТАРА NATO, СУПРАЦОЎНІК АТЛАНТЫЧНАЙ РАДЫ АЛЯКСАНДР ВЕРШБОЎ

- А з кім яшчэ ўдалося абмеркаваць Беларусь?

- З многімі - палітыкамі, парламентарыямі, аналітыкамі, журналістамі. Шмат размоў было з эстонскай стараной, якая сёння больш увагі звяртае на Беларусь у сувязі з пытаннямі рэгіянальнай бяспекі.

Прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд на адкрыцці канферэнцыі выступіла з моцнай прамовай у абарону каштоўнасцяў, заклікала называць рэчы сваімі імёнамі. Яна сказала: "Выказваючыся пра Грузію ды Украіну важна называць рэчы сваімі імёнамі – вайна ёсць вайна, і акупацыя ёсць акупацыя". Я працягнуў яе логіку і ў размовах з эстонскімі сябрамі, заклікаючы называць рэчы сваімі імёнамі ў Беларусі.

На 15 чэрвеня прызначаны візіт у Менск міністра замежных спраў Эстоніі Свэна Міксера. Я распавёў яму пра сітуацыю з правамі чалавека, пра блакаванне "Хартыі-97", пра пераслед незалежных прафзвязаў, таталітарныя папраўкі да закона аб СМІ і закона аб "дармаедах". Спадзяюся, ён пачуў мяне, а ў Менску зможа атрымаць больш інфармацыі, сустрэўшыся з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю.

З ДЫРЭКТАРАМ ФОНДУ «АДКРЫТАЯ ЭСТОНІЯ» МАЛ ХЕЛАМ

- А ці былі ў праграме канферэнцыі, дыскусіі, прысвечаныя непасрэдна Беларусі?

- Апошнім часам Беларусь не значыцца асобным пунктам парадку дня найбуйнейшых міжнародных форумаў. На жаль. У Таліне была адная дыскусія, прысвечаная Усходняму партнёрству, якая тычылася і Беларусі.

- І як ідуць справы з Усходнім партнёрствам? Што нам чакаць ад гэтай праграмы ЕЗ?

- Шчыра кажучы, мне Усходняе партнёрства ўсё больш нагадвае Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Яго фактычна няма, але час ад часу пра яго вымушаныя казаць. Працэсы ў стасунках паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі Усходняга партнёрства і ЕЗ адбываюцца незалежна ад існавання гэтай праграмы. У дачыненні да Беларусі, на мой погляд, адсутнасць стратэгіі ўжо нікога не турбуе: і адная, і другая старана робіць нейкія рытуальныя рухі цела, не турбуючыся пра вынікі. Вось ніякіх вынікаў і няма.

Я не назіраю ў Еўразвязе ніякага жадання прызнаваць свае памылкі. Маглі б, напрыклад, прааналізаваць дзейнасць у Беларусі былога камісара Штэфана Фюле і эфектыўнасць яго "еўрапейскага дыялогу для мадэрнізацыі Беларусі", арганізаванага з удзелам GONGO і, відавочна, толькі ў інтарэсах GONGO, г. зн. праўрадавых арганізацый. Маглі б пацікавіцца, чаму ў Беларусі на такія карупцыйныя праекты выдаткоўваецца бюджэт ЕЗ. Не будзе жадання крытычна прааналізаваць Усходняе партнёрства – не будзе ад яго карысці для Беларусі.

Дарэчы, падчас дыскусіі аб Усходнім партнёрстве на канферэнцыі прагучала цалкам заканамернае, на мой погляд, пытанне: "А ці не пара выключыць Беларусь з УП?"

АНДРЭЙ САННІКАЎ

- Нават так? А выглядае ўсё вельмі пазітыўна: з рэжыму знялі санкцыі, беларускі МЗС развіў руплівую дзейнасць на брусэльскім кірунку, у Менск зачасцілі еўрапейскія чыноўнікі...

- І адначасова душаць незалежную прэсу, распраўляюцца з журналістамі, уводзяць прымусовую працу, пераследуюць апазіцыю, рыхтуюць пазасудовыя расправы над грамадзянамі. У Еўропе, вядома, стае ідыётаў, і не толькі "карысных", але пустым абяцанням складана паверыць. Напраўду ў Беларусі нічога не мяняецца, і нават самым адданым лабістам Лукашэнкі ў Еўропе ўсё складаней тлумачыць, чаму трэба ісці насустрач самадуру-дыктатару.

- Мы забыліся аб падрыхтоўцы візіту Лукашэнкі ў Аўстрыю. Што вы пра гэта можаце сказаць? З кім-небудзь абмяркоўвалі гэта ў Таліне?

- Абмяркоўваў, і не з кім-небудзь, а з прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Бэленам. Як і прэзідэнт Эстоніі, ён на адкрыцці канферэнцыі таксама гаварыў пра каштоўнасці, пра чалавечую годнасць, свабоду, вяршэнстве права і павагу правоў чалавека. Усё гэта адсутнічае ў Беларусі. Я распавёў яму пра пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, блакаванне Хартыі-97, пераслед журналістаў, апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, незалежных прафзвязаў. Сказаў, што Аўстрыя стала першай краінай Еўразвязу, якая запрасіла дыктатара пасля зняцця з яго санкцый.

ПРЭЗІДЭНТ АЎСТРЫІ АЛЯКСАНДАР ВАН ДЭР БЭЛЕН

Зразумела, што ў Аўстрыі прэзідэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы, і Лукашэнку запрашаў федэральны канцлер Себасцьян Курц, але Аляксандар Ван дэр Бэлен быў абраны як праеўрапейскі, дэмакратычны палітык, таму важна было распавесці яму аб рэальнай сітуацыі ў Беларусі. Ён, дарэчы, збіраецца прыехаць у Беларусь на адкрыццё мемарыяла ў Трасцянцы.

Паездка Лукашэнкі ў Аўстрыю пасля візіту туды Пуціна неяк не выглядае, як самастойны замежнапалітычны крок. Хутчэй за ўсё яна адбудзецца на просьбу Крамля, каб яшчэ больш падкрэсліць у ЕЗ асаблівую ролю Аўстрыі, якая дапамагае дыктатарам.

- Як вы можаце падвесці вынікі канферэнцыі з пункту гледжання беларускага палітыка?

- На мой погляд, Еўразвяз у сваіх стасунках з Беларуссю ўшчыльную падышоў да "пункту біфуркацыі". Лукашэнку далі ўсе магчымасці для паляпшэння стасункаў з ЕЗ, не патрабуючы ніякіх кардынальных змен наўзамен. У адказ атрымалі неадэкватныя паводзіны рэжыму, які зацыкліўся на татальным кантролі над грамадствам і адсутнасцю нават найменшых станоўчых зрухаў. Як прызнаўся мне адзін з еўрапейскіх палітыкаў падчас канферэнцыі, калі б не вайна ва Украіне, супраць Лукашэнкі ўжо ўвялі б санкцыі. Санкцыі або не, але нейкую прынцыповую пастанову аб Беларусі Еўропе трэба будзе прыняць найбліжэйшым часам, калі ЕЗ сапраўды імкнецца гарантаваць сабе бяспеку. Нестабільны агрэсіўна-рэпрэсіўны рэжым на мяжы ЕЗ гэтую бяспеку падрывае.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках