19 красавiка 2024, Пятніца, 21:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

SpaceX запусціла ракету з магутным спадарожнікам (Відэа, онлайн)

2
SpaceX запусціла ракету з магутным спадарожнікам (Відэа, онлайн)

Была выкарыстаная ракета-носьбіт «гібрыднага» тыпу.

Сёння раніцай, 4 чэрвеня а 08:45 менскага часу, са стартавай пляцоўкі SLC-40 базы ВПС ЗША на мысе Канаверал у штаце Фларыда адбыўся 11-ы ў гэтым годзе запуск ракеты-носьбіта Falcon 9 ад прыватнай кампаніі SpaceX Ілона Маска, паведамляе liga.net.

Праз 75-78 секунд пасля ўзлёту Falcon 9 прайшоў пункт Max Q - максімальнага аэрадынамічнага ціску, калі найбольш высокая пагроза разбурэння структуры ракеты.

Гэтая ракета-носьбіт была "гібрыднага" тыпу. Маршавая ступень Block 4 раней выкарыстоўвалася пры запуску ў верасні 2017 года вайсковага беспілотніка ЗША X-37B (вось яе прызямленне), тады як другая ступень (яе рухавік стартуе яшчэ да лініі Кармана - на вышыні 100 км - і працуе ў космасе) - новага тыпу Block 5.

Паколькі першая ступень - "састарэлага" тыпу, разлічаная на два палёты, яе не вярталі, а ўтапілі ў Атлантычным акіяне.

Інжынеры кампаніі паспрабуюць вылавіць з вады адну ці дзве палоўкі насавога абцякальніка ракеты: для гэтага ў акіян ужо выйшла судна GO Pursuit. Падчас мінулага запуску з заходняга ўзбярэжжа ЗША гэтыя дэталі акуратна апусціліся на парашутах у акіян усяго за некалькі дзясяткаў метраў ад карабля Mr. Stevens, абсталяванага велізарнай сеткай для злову. На GO Pursuit сеткі пакуль няма. Насавы абцякальнік каштуе блізу $6 млн.

У грузавым адсеку на геастацыянарную арбіту вынеслі буйны (5384 кг) і магутны (19 кВт) тэлекамунікацыйны спадарожнік кампаніі SES з Люксембурга - менавіта яны першымі рызыкнулі ў 2013 годзе ўкласці кантракт на дастаўку са SpaceX. Гэта шосты супольны запуск, місія носіць назву SES-12.

Апарат на арбіце замяніў спадарожнік NSS-6 і з гэтага часу цягам 15 гадоў будзе выкарыстоўвацца для падачы якаснай HD-карцінкі карыстальнікам на Блізкім Усходзе і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках