19 красавiка 2024, Пятніца, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Карлавых Варах пакажуць фільм, які здымаўся ў Барысаве

У Карлавых Варах пакажуць фільм, які здымаўся ў Барысаве
ФОТА: 420ON.CZ

У Чэхіі адкрыўся буйны міжнародны кінафестываль класа «А».

Сусветная прэм'ера фільма Дар'і Жук «Крышталь» (у ангельскай версіі «Crystal Swan» - «Крышталёвы лебедзь») адбудзецца ў Карлавых Варах, дзе ўчора, 29 чэрвеня, адкрыўся міжнародны кінафестываль.

Гэтая стужка супольнай вытворчасць кінакампаній Беларусі, ЗША, Нямеччыны і Расеі. Усе здымкі праходзілі ў нашай краіне, у тым ліку і ў Барысаве, на тэрыторыі і ў цэху спыненага цяпер Крышталёвага завода, піша ex-press.by.

Дзеянне стужкі адбываецца ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Галоўная гераіня - правінцыйны дыджэй (яе грае расейка Аліна Насібуліна) марыць з'ехаць у Амерыку. Праз дапушчаную ў заяве на візу памылку, ад'езд адкладаецца на тыдзень. Дзяўчына праводзіць яго ў невялікім горадзе, дзе разгортваюцца падзеі фільма.

Гледачу прадставяць панараму жыцця моладзі ў Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе 20 стагоддзя: падпольныя рэйвы, стыхійныя рынкі, жаданне перабрацца за кардон, па лепшую і больш шчаслівую долю.

Рэжысёрка Дар'я Жук нарадзілася ў Менску, але цяпер жыве ў ЗША, дзе скончыла Гарвардскі і Калумбійскі ўніверсітэты. Яна працавала на амерыканскім тэлеканале HBQ, зняла некалькі кароткаметражных фільмаў, адзначаных узнагародамі міжнародных кінафестываляў. «Крышталь» - ейны дэбют у поўнаметражным ігравым кіно.

53-і МКФ у Карлавых Варах праходзіць з 29 чэрвеня да 7 ліпеня. Гэта адзін з 15 сусветных кінафэстаў класа «А», гэта значыць, які мае акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадусараў.

Штогод у фестывалі ў Чэхіі бярэ ўдзел блізу 200 фільмаў, а пераможцы атрымліваюць традыцыйную ўзнагароду - Крыштальны глобус. Сярод удзельнікаў карлаварскага форуму ёсць нямала стужак, якія сталі культавымі. Гэта «Брат» Аляксея Балабанава, «Амелі» Жан-П'ера Жанэ, «Арытмія» Барыса Хлебнікава.

Беларусь апошні раз была прадстаўленая ў 2005 годзе фільмам «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі.

Фільм Дар'і Жук паказваюць сёння, 30 чэрвеня, а 18.30 паводле мясцовага часу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках