Беларускую царкву ў Лондане намінавалі на архітэктурны «Оскар»
- 26.06.2018, 19:42
- 10,867
Царква намінаваная на прэмію Сусветнага фестывалю архітэктуры.
Беларуская мемарыяльная царква ў Лондане намінаваная на прэмію Сусветнага фестывалю архітэктуры. Пра гэта tut.by распавёў архітэктар Цзывай Со (Tszwai So).
Цзывай Со (Tszwai So) - брытанскі архітэктар родам з Ганконга. У 2016-м ён скончыў будаўніцтва беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане, вернікам якой стаў сам.
Сусветны фестываль архітэктуры - найбуйнейшы ў свеце фестываль, на якім дэманструюцца адны з самых уражлівых новабудоўляў планеты. Кожны год ён збірае больш за 2 тысячы архітэктараў з усяго свету. Прэмія фестывалю лічыцца «Оскарам» у сферы архітэктуры.
Беларуская грэка-каталіцкая царква ў Лондане намінаваная адразу на дзве прэміі: «Сусветны рэлігійны будынак года» і «Найлепшае выкарыстанне драўніны». Гэта адзіны рэлігійны будынак з Вялікабрытаніі, які ўвайшоў у лік фіналістаў.
28 лістапада архітэктар Цзывай Со адправіцца на фестываль у Амстэрдам, каб прэзентаваць сваю працу журы, у склад якога ўвойдуць самыя вядомыя архітэктары свету. Сярод іх - «вядучы архітэктар свайго пакалення» Дэвід Аджае, Мануэль Готран, Мохсен Мастафаві, Наталі дэ Врыс і іншыя.
Канкурэнтамі беларускай царкве ў Лондане будуць рэлігійныя пабудовы з Турцыі, Ірана, Аўстраліі, Тайланда, Індыі, Сінгапура і Партугаліі.
- Я вельмі рады. Не толькі таму, што гэты будынак - адзіная рэлігійная пабудова з Вялікабрытаніі, якая была намінаваная на прэмію. Гэта таксама і адзіны беларускі будынак-фіналіст. Бо я ўважаю, што ён і брытанскі, і беларускі, - распавядае Цзывай Со. - Быць фіналістам - ужо вялікі гонар для мяне. Я не разлічваю на перамогу, але тое, што мая праца будзе разгледжаная сярод дзевяці найлепшых рэлігійных будынкаў свету гэтага года, надае мне гонару і шчасця.