4 траўня 2024, Субота, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі заблакавалі аўтамабіль «Зелянбуду»

2
Менчукі заблакавалі аўтамабіль «Зелянбуду»

Яны не дазволілі спілаваць дрэвы.

У Менску працягваецца канфлікт жыхароў дамоў на праспекце Незалежнасці на бульвары Талбухіна з кіраўніцтвам кампаніі-забудоўшчыка «Вецер», паведамляе «Радыё Свабода».

На месцы былога дзіцячага садка на праспекце Незалежнасці, 93б павінен з'явіцца чатырохпавярховы бізнэс-цэнтр з паркінгам больш чым на 100 аўтамабіляў.

У дварах навакольных дамоў Менгарвыканкам дазволіў спілаваць больш як 300 дрэў і кустоў. Жыхары ўважаюць пастанову незаконнай, бо гэты квартал уваходзіць у ахоўную зону і тут нельга будаваць нічога, што павялічвала б нагрузку на навакольнае асяроддзе.

Раніцай 25 чэрвеня да будаўнічай пляцоўкі ў суправаджэнні прадстаўнікоў кампаніі «Вецер» прыехалі камунальнікі «Зелянбуда». Яны дасталі бензапілу і ўжо рыхтаваліся пілаваць каштаны, бярозы, ліпы, адзначаныя зялёнай фарбай. Аднак у гэты момант з суседніх дамоў выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Некаторыя жыхары трымалі ў руках загадзя падрыхтаваныя плакаты супраць «самавольства» інвестара і чыноўнікаў, іншыя абдымалі прызначаныя на спілоўкі дрэвы.

Заявы забудоўшчыкаў, што іх дзеянні падмацаваныя дазволам гарадскіх уладаў, на пікетоўцаў не падзейнічалі. Тады выклікалі патруль міліцыі, але загад міліцыянтаў вызваліць тэрыторыю таксама плёну не даў. У выніку працаўнікі «Зелянбуда» вярнуліся ў аўтамабіль.

Жыхары запэўніваюць, што збіраюцца абараняць свой двор «да пераможнага канца». Дрэвы былі пасаджаныя іх бацькамі і дзядамі больш за 50 гадоў таму, і толькі іх нашчадкам, мяркуюць жыхары, варта вызначаць, што рабіць з зялёнымі насаджэннямі.

Але афіцыйныя асобы, да якіх звярталіся менчукі, сцвярджалі, што забудоўшчык усё робіць паводле закона. У адказ грамадзяне падалі пазоў у суд. Слуханне прызначанае на 12 ліпеня. Да кампаніі-будаўніка тры асноўныя прэтэнзіі:

- У жылой зоне нельга будаваць стаянкі і паркоўкі для больш чым 50 аўтамабіляў.

- Будаўніцтва вядзецца ў ахоўнай зоне.

- Забудоўшчык не паказаў дакументаў, з якіх была б вядомая аддаленасць новага будынка ад жылых дамоў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках