Павел Севярынец: У Лукашэнкі ёсць запасны варыянт для ўцёкаў у Маскву
42- 25.06.2018, 15:28
- 46,730
Беларусы павінны быць гатовыя да абароны суверэнітэту, калі дыктатар пажадае здаць краіну РФ.
Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў адзін з лідараў аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец у каментары пра заяву Лукашэнкі аб тым, што «трэба будзе ісці ў склад якой-небудзь дзяржавы»:
- У слоўнікавым запасе сапраўднага кіраўніка дзяржавы такіх слоў наогул быць не павінна. Такія словы могуць быць толькі ў дачаснікаў, ва ўзурпатараў, у самадзержцаў, якія воляй выпадку патрапілі на ролю кіраўніка краіны.
Гэтыя словы я ацэньваю як агаворку паводле Фрэйда. Відавочна, у Лукашэнкі ёсць запасны варыянт здаць Беларусь і збегчы ў Расею. Мяркую, менавіта гэта ён і меў на ўвазе. Але ёсць Бог і ёсць беларускі народ - і такі сцэнар, думаю, не пройдзе.
- Лукашэнка ў сваім маналогу не назваў краіну. Гэта дакладна Расея?
- Расея. Лукашэнка ментальна савецкі, масквацэнтрычны чалавек. Нават ягоныя «заляцанні» з Захадам - не больш, чым метад шантажу Крамля.
- Наколькі сур'ёзная гэтая заява? Ці можа за ёй стаяць нешта больш важкае, чым проста агаворка паводле Фрэйда?
- Магчыма, гэта пэўны сігнал аб тым, што ўжо адбываецца нешта закуліснае. Але ў кожным выпадку, гэта і сігнал для нас: калі Лукашэнка і ягоная каманда пачнуць здаваць Беларусь, народу трэба ўставаць на абарону суверэнітэту.