Ягор Шаранговіч: Цешуся з таго, што спадабаўся менавіта «Нью-Джэрсі»
- 25.06.2018, 13:25
- 7,513
Беларускі нападнік падзяліўся эмоцыямі ад драфта НХЛ 2018.
Ягор Шаранговіч у інтэрв'ю афіцыйнаму сайту менскага «Дынама» распавёў пра драфт НХЛ, на якім быў абраны «Нью-Джэрсі» пад агульным 141-м нумарам:
- Я надта-надта рады. Дагэтуль эмоцыі праз край! Ведаеце, мара здзейснілася! З дзяцінства глядзеў агляды НХЛ і вельмі хацеў патрапіць на драфт.
- Сачыў за падзеяй онлайн?
- Так, глядзеў трансляцыю з трэцяга раунда. Меркавалі, што вышэй за мяне наўрад ці выберуць. Сам быў у Менску, але мае агенты знаходзіліся ў Даласе, таму падтрымліваў з імі сувязь. Калі ўбачыў сваё прозвішча, то, вядома, адчуў эйфарыю!
- Было шмат віншаванняў?
- Адразу патэлефанаваў агентам, якім я вельмі ўдзячны за працу. Потым паразмаўляў з бацькамі - яны цяпер на лецішчы. Сваякі, сябры, заўзятары «Дынама»... З клуба таксама віншавалі, у тым ліку і былыя партнёры. Напрыклад, не чакаў, што напіша Энрот. Усё ж мы з Юнасам трохі кантактавалі падчас сезона ў адрозненне ад таго ж Хаўдэна або Гаўрусева, якія таксама знайшлі цёплыя словы. Вельмі прыемна і дзякуй усім!
- Адзначаць будзеш?
- Магчыма, пасядзім трохі ў сямейным коле.
- Услед за табой задрафтавалі і Уладзіслава Яроменку.
- Вельмі рады за Улада. Размаўлялі перад драфтам і павіншавалі адзін аднаго адразу пасля падзеі!
- Чаму не паехаў у Далас?
- Не было гарантый, што мяне выберуць. Наважыў не рызыкаваць і застацца дома.
- Ці былі нейкія перавагі што да клуба?
- Шчыра, зусім не. У НХЛ няма слабых каманд. Там велізарная канкурэнцыя, таму трапіць на драфт - ужо прэстыжна. Вядома, кожнаму хочацца атрымаць больш высокі нумар, але маіх аднагодкаў у асноўным выбіралі два гады таму. Ды і статыстыка ў мінулым сезоне магла быць лепшай.
- Што ведаеш пра «Нью-Джэрсі»?
- У курсе, што гэта тытулаваны клуб з багатай гісторыяй. Знаёмы з Ягорам Якаўлевым, які будзе гуляць за «Дэвілз» у наступным сезоне. Плюс нядаўна ў менскім кэмпе трэніраваўся з Яраславам Дыбленкам. Ён гуляў за фарм-клуб «д'яблаў» і сказаў, што нават у АХЛ добры хакей. Цікава, што я спадабаўся менавіта «Нью-Джэрсі».