29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскі бізнэсовец, які знаходзіцца ў беларускай калоніі, абвесціў галадоўку

1
Брытанскі бізнэсовец, які знаходзіцца ў беларускай калоніі, абвесціў галадоўку

Патрабаванні Алана Сміта пакуль невядомыя.

Грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Сміт, які знаходзіцца ў беларускай калоніі, 20 чэрвеня абвесціў галадоўку. Як піша novychas.by, пра гэта паведаміла ягоная жонка.

Галадоўка пачалася 20 чэрвеня ў ПК-3, патрабаванні Алана невядомыя. «Гэта шакавальныя і вельмі стрэсавыя навіны. Толькі Бог ведае, што адбываецца ў гэтай турме», – кажа жонка Алана Магдалена.

Магдалена апавяла журналістам тое, што ёй вядома на гэты момант.

– Як Вы даведаліся пра галадоўку?

– Пра гэта паведамілі сем'і іншых зняволеных – мы абменьваемся інфармацыяй.

– Алан цяпер знаходзіцца ў бараку ці ў штрафным ізалятары?

– Ён у бараку, але ягоны найлепшы сябар з гэтай калоніі знаходзіцца ў ШІЗА. Магчыма, якраз за тое, што меў зносіны з Аланам.

– У чым можа быць прычына таго, што Алан пачаў галадоўку?

– Пэўны час таму яму адмовілі ў перадачы, якая дазволеная яму законам. Але думаю, прычына ў нечым большым. Яго ўжо пакаралі, пазбавіўшы дыетычнага харчавання, забараніўшы хадзіць у спартзалу. Таксама яму нельга працаваць і тэлефанаваць, не дазваляюць ліставанне. Я атрымлівала ад яго апошні ліст у лютым. Нават ягоныя лісты на адрас Лукашэнкі і ў Вярхоўны суд не выходзяць з калоніі. Алан вельмі разумны, і думаю, што калі ён пачаў галадоўку, на гэта былі сур’ёзныя прычыны.

Нагадаем, Алан Сміт быў абвінавачаны ў «арганізацыі незаконнай міграцыі» праз беларускую мяжу і ў 2016 годзе быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі. У судзе сваю віну не прызнаў.

45-гадовы Алан Сміт родам з Курдыстана, жыў у Лондане. Разам з жонкай яны мелі ў Польшчы кампанію, якая займалася наладжваннем бізнэс-сувязяў курдскіх і еўрапейскіх бізнэсмэнаў і арганізоўвала ў Еўропе лекаванне пацыентаў з Блізкага Усходу. Прыехаўшы ў Беларусь, Сміт дапамагаў грамадзянцы Курдыстана, інвалідцы, якая законна, праз візу, прыбыла ў Беларусь, аформіць дазвол на знаходжанне ў Беларусі. Пазней высветлілася, што тая жанчына, разам са сваёй сям'ёй – усяго 6 чалавек – збіраліся міграваць далей у Еўразвяз. Алану, які не меў дачынення да перасячэння імі мяжы, інкрымінавалі «арганізацыю незаконнай міграцыі». У судзе сваю віну не прызнаў, смела заявіўшы пра ўжыванне за кратамі катаванняў.

Адседзеўшы ўжо больш за палову тэрміну, Алан Сміт атрымаў адмову ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, бо яму выносяцца дысцыплінарныя спагнанні (напрыклад «за парушэнне формы адзення») і за непрызнанне сваёй віны. Праваабаронцы і жонка Алана паведамляюць пра шматлікія парушэнні ягоных правоў у калоніі: прыніжэнні з боку адміністрацыі, пазбаўленне медыцынскага абслугоўвання, абмежаванне ліставання.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках