30 красавiка 2024, aўторак, 6:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары інтэрната пад Менскам атрымалі астранамічныя «жыроўкі»

6
Жыхары інтэрната пад Менскам атрымалі астранамічныя «жыроўкі»

Ім двойчы даслалі «накручаныя» рахункі за электрычнасць.

Жыхары інтэрната ў пасёлку Плешчаніцы ў Лагойскім раёне Менскай вобласці зноў б'юць трывогу. Нядаўна яны атрымалі рахункі на аплату камунальных паслуг за травень: сумы за электраэнэргію выраслі ў тры разы, піша mlyn.by.

У Лагойскім камгасе патлумачылі, што электрык няправільна зняў паказанні лічыльніка і на днях прыйдуць новыя паведамленні ўжо з пераразлікам.

Жыроўкі прыйшлі, але кошт за электраэнэргію так і не памяняўся. Чаму – высвятлялі журналісты.

– Нам выдалі новыя жыроўкі, але ў радку «Электразабеспячэнне» нічога не памянялася. Як і ў папярэднім, там было ўказана, што за травень наша сям'я спажыла 1117 кілават электраэнэргіі, – апавядае Ганна. – Сума да аплаты паводле гэтага радка – 136 рублёў.

Журналісты вывучылі новую квітанцыю за «камуналку», якую жанчына даслала ў рэдакцыю, і заўважылі, што ў ёй змяніўся толькі радок, які тычыцца платы за карыстанне жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнатах – нядаўна ўведзеная арэндная плата. Яна была 61,99 руб., а стала 42,03. Такім чынам, агульная сума ў жыроўцы паменшылася амаль на 20 рублёў. Але за электрычнасць суму ніхто так і не змяніў, хоць спецыялісты Лагойскага камгаса на дзень раней, каментуючы сітуацыю, паведамілі, што электрык няправільна зняў паказанні з агульнага лічыльніка, у сувязі з чым усім жыхарам абяцалі разаслаць новыя жыроўкі.

Па каментар журналісты зноў звярнуліся ў Лагойскі камгас:

– Мы зрабілі пераразлік у электразабеспячэнні, – адказала спецыялістка.

– Але перад намі ёсць новая жыроўка, у якой знізілася толькі арэндная плата, але змяненняў у радку за «Электразабеспячэнне» ў ёй няма.

– Так, тут таксама была зробленая памылка. Але мы заўважылі яе і зрабілі новыя жыроўкі. Рэч у тым, што ў летні перыяд, калі ў інтэрнаце адсутнічае ацяпленне, жыхары застаюцца без гарачай вады. Адпаведна, плата за карыстанне жылым памяшканнем памяншаецца, то-бок каэфіцыент становіцца не адзінка, як пры ацяпляльным сезоне, а 0,9.

Што тычыцца рахункаў за электразабеспячэнне, то і яны былі адкарэктаваныя. У панядзелак атрымалі свежыя звесткі ад электрыка і пасля абеду надрукавалі новыя паведамленні. Магчыма, што людзі іх проста яшчэ не атрымалі. Паводле старых паказанняў, якія нам падаў электрык, жыхары інтэрната спажылі за травень 12960 кВт электраэнэргіі, паводле новых – 6110 кВт. Паводле жыроўкі, на якую вы спасылаецеся, выстаўлены рахунак у канчатковым выніку за электраэнэргію памерам 64,16 рублёў, гэта значыць у два разы менш, чым было.

– Гэта значыць, за травень людзі атрымалі адразу 3 жыроўкі, і апошняя з іх будзе правільная? – удакладняюць журналісты.

– Так, усё дакладна.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках