30 красавiка 2024, aўторак, 8:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старыя песні пра галоўнае: Ханок зноў пагражае судом Паплаўскай?

50
Старыя песні пра галоўнае: Ханок зноў пагражае судом Паплаўскай?
ЭДУАРД ХАНОК
ФОТА: CTV.BY

Кампазітар напісаў адкрыты ліст Ядвізе Паплаўскай.

Кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок напісаў «Адкрыты ліст Ядвізе Паплаўскай», піша mlyn.by.

«Паважаная Ядвіга Канстанцінаўна! Хачу падзякаваць Вам за інтэрв'ю, якое Вы далі тэлеканалу АНТ 16.06.2018 г. У гэтым інтэрв'ю Вы выказалі ўнікальную думку, якая пагражае “рэвалюцыяй” у галіне шоу-бізнэсу.

Раней меркавалася, што, нягледзячы на тое, што музыка песні і яе тэкст роўныя, аднак музыка ўсё ж была троху “раўнейшай”, і таму ў СССР вядоўцы канцэрта, абвяшчаючы песню, казалі: “Аляксандра Пахмутава, словы Мікалая Дабранравава”. Імя кампазітара называлася першым і нават “аўтарскія” дзяліліся ў прапорцыі 60% кампазітару, а 40% – паэту. І гэта, з майго пункту гледжання, справядліва.

Найлепшым пацверджаннем гэтага меркавання з'яўляецца той факт, што музыка песні, адлучаная ад яе верша, можа быць запатрабаваная, напрыклад, на парадах, а вось вершы песні, адлучаныя ад музыкі, практычнай каштоўнасці не маюць. А самым пераканальным доказам з'яўляецца замежная эстрада. Бо мы ж асалоджваемся ад «Бітлз» або ад Фрэнка Сінатры, зусім не ведаючы ангельскай, або, не ведаючы французскай, ад Джо Дасэна!..

Карацей, галоўнае ў творы т. зв. “матыўчык”, бо колькі кампазітараў пісала песні, але калі гэта рабілі, напрыклад, Пахмутава, Шаінскі, Бабаджанян, Паўлс, Тухманаш... песні адразу ж станавіліся хітамі, і надоўга!

У сваім інтэрв'ю тэлеканалу АНТ Вы паспрабавалі аспрэчыць гэтае меркаванне, сцвярджаючы, што тэкст важнейшы, паколькі нясе сэнсавую нагрузку. І нядзіўна, што пра песню “Шчаслівы выпадак” Вы абмовіліся, маўляў, гэта песня Ларысы Рубальскай на музыку Эдуарда Ханка.

Але Ваша “ноу-хау” неяк не стасуецца з Вашым жа меркаваннем, выказаным у тэлеперадачы “Песенная трылогія” (ч. I т/к “Мир”, 2010 год): “Калі табе прыносяць песні і прапануюць такія майстры, як Аляксандра Пахмутава, Ігар Лучанок, Оскар Фельцман, Давід Тухманаў...” Звярніце ўвагу, што песні прыносяць Вам, як правіла, не паэты, а кампазітары, і гэта, як той казаў, таемны закон жанру!

Зрэшты, у Вас ёсць і “аднадуміца” – даволі вядомая Вам Вольга Рыжыкава. Звяртаючыся да мяне ў “Фэйсбуку”, яна піша: “Вашы песні – гэта ўсяго толькі музыка, якую ўпрыгожылі цудоўныя вершы і выканалі вялікія (!!!) артысты!”

Такім самым, як і Вы, рэфарматарам пагражае стаць і вядучы юрыст тэлеканала АНТ Юры Зінкевіч. Вось ягонае меркаванне пра тое, чаму тэлеканалы не прапагандуюць аўтараў: “У песні, як у творы, некалькі аўтараў-стваральнікаў: аўтар музыкі (кампазітар), аўтар словаў да музыкі (паэт), выканаўца музыкі (музыкант), выканаўца словаў да музыкі (спявак), аўтар перапрацоўкі (аранжыроўшчык)... Пры перадачы музычных твораў у эфір называць усіх аўтараў, сама менш, цяжка...”

Хочацца задаць пытанне: а што, спявак сам адзін узяў з неба песню, ды і пайшоў яе спяваць, пардон, “выконваць словы да музыкі”?..

Паводле логікі т. Зінкевіча атрымліваецца, што спевакі Рыгор Лепс або Мікалай Баскаў, не кажучы ўжо пра Мусліма Магамаева або Алу Пугачову, зусім і не спевакі, а ўсяго толькі “выканаўцы словаў да музыкі песняў”!

Карацей, Вам пашанцавала толькі ў тым, што пра Вашу “ўнікальную думку” наўрад ці даведаюцца не толькі горача любімая Вамі Аляксандра Пахмутава, але і ўвесь аўтарскі цэх расейскага шоу-бізнэсу і, асабліва, ягоная кампазітарская палова!

У сваім інтэрв'ю Вы таксама “пашкадавалі” і мяне, маўляў, Ханок ужо не піша песняў... Але я ўжо сто разоў тлумачыў, што даўно песеннай прафесіяй не займаюся, а займаюся навукай 24 гадзіны на суткі! І калі часам і пішу песні, то, як правіла, “заказныя”...

Апошняй нашай з Іллёй Рэзнікам працай стаў “Марш Расгвардыі”, які прагучаў у Крамлі 2 траўня 2018 г. на канцэрце, прысвечаным яе другой гадавіне і зацверджаны яе гімнам. А да гэтага была напісаная песня “Служить России суждено тебе и мне”, якая вось ужо больш за дзесяць гадоў гучыць 9 траўня на парадзе на Краснай плошчы і якую ансамбль імя Аляксандрава ўважае неафіцыйным гімнам Расейскай арміі. За гэтую песню, дарэчы, я атрымаў расейскае грамадзянства, а ў траўні 2016-га міністр абароны т. Шайгу абвесціў яе гімнам вайскова-патрыятычнага руху Расеі “Юнармия”!

З нагоды дзесяці названых Вамі песняў на вершы Ларысы Рубальскай зазначу, што гэта быў усяго толькі эксперымент, які пацвердзіў наяўнасць “рэшткавай Хвалі” ў маёй навуковай працы “Тэорыя творчых Хваляў”.

Але эксперымент не такі ўжо беспаспяховы: даволі вядомая Вам спявачка Алена Ланская выкупіла адну з іх – “Астылы пляж”, і да гэтага часу яе паспяхова выконвае. Астатнія песні я паклаў на паліцу і не асабліва перажываю праз гэта, бо найпапулярнейшая песня “Здравствуй, чужая мілая!” праляжала ў мяне больш за 20 гадоў, перш чым стрэліла.

На вялікі жаль, Вы прадаўжаеце дэзарыентаваць паважаную публіку, падмяняючы паняцці. Ці ж Вам не ведаць, што, як правіла, аўтары дасылаюць зоркам т. зв. “дэма”, а клавіры – гэта ўжо даўно анахранізм, а таму Вы альбо адсталі ад жыцця, альбо чарговы раз хітрыце.

Так што, паважаная Ядвіга Канстанцінаўна, ліміт нашай гульні “ў кошкі-мышкі” скончыўся, а таму разам з дачкой Настай рыхтуйцеся да судовага разбору. Рыхтуйце відэаматэрыял, які пацвярджае, што Вы мяне аж два, а то і тры разы абвяшчалі ў сваіх канцэртах.

Адным словам, упэўнены, што толькі Высокі суд можа нас рассудзіць і паставіць у гэтай справе кропку!»

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках