30 красавiка 2024, aўторак, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі кіроўца паскардзіўся дырэктару – і апынуўся вінен $ 900

17
Беларускі кіроўца паскардзіўся дырэктару – і апынуўся вінен $ 900
АРХІЎНЫЯ ФОТА

Жыхар Жлобіна ўладкаваўся кіроўцам-міжнароднікам на транспартнае прадпрыемства «Металургтранс».

«На працы сын быў на добрым рахунку, хто ж ведаў, што праз пару гадоў ён з прадпрыемствам судзіцца будзе...» – пачынае свой аповед tut.by Галіна Рыгораўна, маці Сяргея Вараб'ёва. Некалькі гадоў ён працаваў дальнабойнікам у кампаніі «Металургтранс». У 2015 годзе мужчыну даверылі новы цягач МАЗ, але кіроўца заўважыў, што грузавік спажывае шмат паліва. – Наконт праблемы сын паведамляў кіраўніцтву, але яму заўсёды казалі – «працуй», а цяпер праз суд хочуць спагнаць грошы за перапал дызелю.

«Усе думалі, што справа ў хуткасці, але на цягачы стаяла прылада, якая не давала перавышаць»

Жыхар Жлобіна Сяргей Вараб'ёў у 2014 годзе ўладкаваўся кіроўцам-міжнароднікам на транспартнае прадпрыемства «Металургтранс», якое ўваходзіць у холдынг «Беларуская металургічная кампанія».

– Сын з 19 гадоў за рулём, досвед кіроўцы ў яго вялікі. На «Металургтрансе» яго паважалі, ён быў на добрым рахунку. У 2015 годзе прадпрыемства набыло 50 новых цягачоў МАЗ з мерседэсаўскім рухавіком. Новыя машыны даверылі добрым супрацоўнікам, у тым ліку Сяргею, – успамінае перадгісторыю мама Сяргея.

Аднак ужо з першых рэйсаў кіроўцы сталі заўважаць, што новыя МАЗы спажываюць занадта шмат паліва – у вызначаныя нормы дальнабойнікі не ўпісваліся. Пра гэта людзі вусна паведамлялі свайму кіраўніцтву: дырэктару, галоўнаму інжынеру, механіку.

– Дырэктар казаў тады: «Вы працуйце, хлопцы, не ваш клопат перапал». Вось усе і працавалі. Кіраўніцтва думала, што кіроўцы перавышаюць хуткасць на грузавіках, таму і выдатак паліва вялікі. Але Сяргей не гнаў на машыне, ездзіў як трэба. А потым на прадпрыемства прыязджаў спецыяліст завода МАЗ, які сказаў, што на іх машынах стаіць нейкая прылада, якая не дасць ехаць цягачу на вялікай хуткасці. Значыць, справа сапраўды не ў перавышэнні хуткаснага рэжыму.

Але Сяргей Вараб'ёў усё ж настояў, каб на ягонай машыне правялі кантрольны замер выдаткаў паліва: для гэтага цягач з паўпрычэпам паехаў па маршруце Жлобін – Светлагорск – Жлобін.

СКРЫНШОТ ЛІСТАВАННЯ СЯРГЕЯ ВАРАБ'ЁВА З КІРАЎНІЦТВАМ ПРАДПРЫЕМСТВА

– Выдатак паліва тады атрымаўся 28,8 літра на 100 км, пры гэтым машына ехала па добрай дарозе. А дзейнічала ў іх норма з павышальным каэфіцыентам – 24,94 літра на 100 км, пры вызначанай лінейнай норме 22,5. Тады быў складзены акт, але сам дакумент мой сын не бачыў. Потым праводзіліся працоўныя сходы, нейкія выпрабаванні.

На прадпрыемства выязджалі спецыялісты завода МАЗ, сам Сяргей Вараб'ёў на новым МАЗе быў на галоўнай станцыі Mercedes у Штутгарце, дзе правяралі спраўнасць рухавіка. У Штутгарце сказалі, што машына спраўная, але кіроўцу вынікаў на паперы ніхто не паказаў.

– Але перавыдатак паліва ўсё роўна быў, і не толькі на тых новых машынах, на якіх працаваў Сяргей. Пра гэта сын даведаўся з акта, складзенага ў снежні 2015 года на прадпрыемстве: у ім было 22 прозвішчы кіроўцаў, у якіх быў перапал паліва.

І хоць з кіроўцаў грошай за перавыдатак паліва тады ніхто не патрабаваў, некаторыя з іх, у тым ліку і Сяргей Вараб'ёў, турбаваліся, «як бы чаго потым не выйшла».

– У некаторых кіроўцаў перапал быў велізарны – больш за 2 тоны! Сын пісаў службовыя запіскі, скаргі ва ўсе інстанцыі, прасіў дапамагчы разабрацца, нават пайшоў у пракуратуру: апавёў пра тое, што здарылася, і спытаў, як быць. Але нічога не мянялася.

А ў 2016 годзе некаторых кіроўцаў за перавыдатак паліва пастанавілі пакараць. Напрыклад, Вараб'ёву панізілі клас кіроўцы – з другога на трэці, таксама ён павінен быў выплаціць 65 рублёў за перапал паліва.

– Сын быў не згодны з пакараннем, нават падаваў пратэст у камісію ў працоўных спрэчках, але пастанову кіраўніцтва пакінулі ў сіле.

У лютым 2017 года Сяргей Вараб'ёў з прадпрыемства звольніўся – скончыўся тэрмін працоўнага кантракту. А праз некалькі месяцаў ён атрымаў дасудовую прапанову, у якой паведамлялася, што ён дапусціў нястачу дызельнага паліва на суму 1746 рублёў, грошы прапаноўвалася ўнесці ў касу прадпрыемства.

– Дзіўна, што пры звальненні з Сяргеем не быў зроблены поўны разлік, а пра нястачу нам паведамілі толькі праз некалькі месяцаў... Плаціць грошы сын не збіраўся: ён нічога не парушаў. Прадпрыемства падало на яго ў суд. На першыя паседжанні хадзіў ён сам, а потым яму трэба было з'язджаць у рэйсы на новай працы, таму ўсе судовыя разборы вяду я ад ягонага імя, – патлумачыла Галіна Рыгораўна.

Жанчына кажа, што пазовы ад «Металургтранс» былі пададзеныя не толькі на Сяргея, але і на іншых кіроўцаў. Былі дальнабойнікі, якія прадаўжалі працаваць на прадпрыемстве, але ім таксама прапанавалі аплаціць нястачу, і яны зрабілі гэта.

– Хто ведае, чаму яны не аспрэчвалі... Можа, у іх не было службовых запісак, якія, у адрозненне ад іх, пісаў Сяргей, іншых дакументаў. Напэўна, хтосьці меркаваў за лепшае праз перадпенсійны ўзрост заплаціць грошы і ціхенька дапрацоўваць, – мяркуе жанчына.

Першыя чатыры пасяджэнні паводле пазову «Металургтранса» да Сяргея Вараб'ёва адбыліся ў Жлобіне. Суд вызначыў, што кіроўца з улікам ягонага матэрыяльнага і сямейнага становішча павінен выплаціць шкоду прадпрыемству памерам 900 рублёў.

– Нам абвясцілі, што павышаны выдатак паліва, пра які заяўляў Сяргей, дакументальна не пацверджаны. А напісанне сынам службовых запісак і СМС пра наяўнасць перапалу паліва не кажа, што ва ўтворанай нястачы Сяргей не вінаваты.

Гомельскі суд пакінуў пастанову суда Жлобіна ў сіле, пасля чаго адказнік накіраваў пратэст у Вярхоўны суд.

– Вярхоўны суд адправіў справу назад у раённы суд – на даразгляд. Ну а тыя разгледзелі так, што нам можна смяяцца скрозь слёзы: паводле новага вызначэння Сяргей павінен выплаціць «Металургтрансу» ўжо 1739 рублёў 11 капеек!

Нягледзячы на тое, што пастанова суда зноў была прынятая не на іх карысць, Сяргей Вараб'ёў здавацца не збіраецца: плануе падаць касацыйную скаргу ў суд Гомеля, а потым, калі давядзецца, – у Вярхоўны суд.

«Перапал паліва быў, але не такі, як кажуць кіроўцы»

– Сапраўды, 21 з 50 набытых МАЗаў былі з падвышаным выдаткам паліва – гэта пацвердзілася паказаннямі, знятымі з электроннага блока кіравання рухавіка. Але як паказала праверка, перапал быў не ў такіх аб'ёмах, як заяўлялі нашы супрацоўнікі. Увесь перавыдатак паліва пайшоў за кошт прыбытку прадпрыемства. Але мы правялі вялікую працу, каб прывесці праблемныя аўто ў адпаведнасць з тэхнічнымі нормамі, ні адна заява кіроўцаў не засталася без праверкі, – пракаментаваў дырэктар УП «Металургтранс» Сяргей Фісюк.

Паводле запэўнення дырэктара, на «Металургтранс» прыязджалі прадстаўнікі завода МАЗ, усе праблемныя машыны накіроўваліся на фірмовы сэрвісны цэнтр, а таксама ў аўтамабільны дом «Энэргія», які з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком завода Mercedes.

– Сяргей Вараб'ёў на працоўным МАЗе і сам быў у Штутгарце, у галоўным сэрвісе Mercedes. Адтуль нам выдалі паперу, што аўто цалкам адпавядае тэхнічным характарыстыкам, ніякіх праблемаў няма. Паводле заявы гэтага кіроўцы разбіраліся і на тэхнічнай камісіі. Таксама блізу дзесяці кіроўцаў пераконвалі мяне, што трэба павялічваць выдаткі паліва. Мы запрасілі спецыялістаў з БелНДIТ «Транстэхніка», яны правялі кантрольныя замеры і выдалі выснову: нормы выдатку павялічваць няма неабходнасці.

Дырэктар перакананы: у тым, што адбылася нястача паліва, – недагляд з боку Вараб'ёва і іншых кіроўцаў. Акрамя таго, ёсць дальнабойнікі, якія пагадзіліся з тым, што яны самі зрабілі перапал паліва: яны пакрылі нястачу і прадаўжаюць працаваць на прадпрыемстве і сёння.

– Я ў іх пытаўся, чаму, маўляў, была нястача, як жа вы так прымудрыліся? А яны сумленна прызналіся – «недагледзелі»...

Сяргей Фісюк адзначыў, што ў 2016 годзе паводле заяваў грамадзянаў іх прадпрыемства правяралі шматлікія кантрольныя структуры: камітэт дзяржкантролю, АБЭЗ, дэпартамент фінансавых расследаванняў, Адміністрацыя прэзідэнта.

– Правяралі ўсе пытанні дзейнасці нашага прадпрыемства, не толькі выдатак паліва. Парушэнняў не выявілі, усё ў нас нармальна.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках