26 красавiка 2024, Пятніца, 10:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская актрыса: Заплаціла за ЖКП, інтэрнэт, набыла прадуктаў, у кашальку – $ 2,5

6
Беларуская актрыса: Заплаціла за ЖКП, інтэрнэт, набыла прадуктаў, у кашальку – $ 2,5

Колькі зарабляюць акцёры.

«Яшчэ паўтара гады таму сямейны бюджэт на траіх быў 700 рублёў ($ 350) максімум, плюс 260 рублёў аддаваў за арэнднае жыллё», – успамінае для tut.by акцёр Максім Брагінец. Сярэдні заробак прадстаўнікоў «творчай дзейнасці і забаваў» у красавіку склаў 580 рублёў ($ 290). Гэта адзін з самых нізкіх паказнікаў у краіне. Журналісты даведаліся, на якія сумы жывуць артысты айчынных тэатраў і ці хапае ім гэтага заробку на жыццё.

За 10-гадзінную здымку рэкламнага роліка заплацілі «крыху больш за заробак»

Уладзімір Пятровіч ужо 38 гадоў працуе акцёрам і рэжысёрам у Магілёўскім драматычным тэатры. «Поўны акцёрскі аклад – 160 рублёў. За рэжысёра на паўстаўкі атрымліваецца ў два разы менш – 80 рублёў», – апавядае мужчына. Да гэтай сумы дадаюць прэмію і іншыя даплаты – усяго за апошні месяц выйшла прыкладна 440 рублёў.

– Жонка ў мяне таксама майстар сцэны. Яна пазаўчора атрымала заробак, трыста рублёў з нечым. Заплаціла за камунальныя і інтэрнэт, папоўніла халадзільнік, набыла сёе-тое для сабак – і на картцы засталося пяць рублёў.

Мужчына апавядае, што сума прэміі залежыць ад асаблівай бальнай сістэмы. Чалавеку, які заняты ў спектаклях, ставяцца балы ў залежнасці ад складанасці ролі. Максімальны – сем, мінімальны – адзінка. Як ацаніць акцёра, пастанаўляе рэжысёр. Але сума на прэміі вылучаецца абмежаваная, і калі ў пастаноўцы ўдзельнічае вялікая колькасць людзей, заробіш няшмат.

– Калі шэсць чалавек згуляюць 45 спектакляў за дваццаць дзён, яны атрымаюць добрую суму. Але на практыцы такога не бывае, звычайна мы робім некалькі складаў, каб людзі не стамляліся.

Працоўны дзень звычайна складаецца з рэпетыцый і непасрэдных выступаў. «З дзесяці да гадзіны рэпетыцыя альбо выезд, вечарам зноў рэпетыцыя або спектакль», – тлумачыць Уладзімір. Выезд – гэта паказ пастаноўкі за межамі тэатра, напрыклад, у дзіцячым садзе або сельскім клубе. Ён аплачваецца як звычайны паказ на роднай сцэне.

Рэпетыцыйныя гадзіны таксама лічацца ў балах, але ацэньваюцца ўдвая ніжэй. «У мінулым месяцы ў мяне спектакляў не было, але я кожны дзень усё роўна прыходзіў у тэатр, рэпетаваў новую пастаноўку. Атрымліваецца, праз гэта заробак падзялілася на дзве часткі. Калі б выступаў на сцэне, атрымаў больш», – успамінае мужчына.

Уладзімір апавядае, што часам у яго атрымліваецца падпрацоўваць. Нядаўна буйная кампанія – распрацоўнік кампутарных гульняў – запрасіла яго на здымкі рэкламнага роліка. Паводле словаў мужчыны, «за трохсекунднае існаванне» ў кадры яму заплацілі суму, якая «крыху большая за заробак».

– Тры секунды на экране, а здымалася ўсе гадзінаў дзесяць. Але «запрашаюць» – гэта гучна сказана. Часам, раз на некалькі гадоў атрымоўваецца патрапіць у падобны праект.

«Большая частка заробку сыходзіць на аплату жылля»

– Яшчэ паўтара гады таму сямейны бюджэт на траіх быў 700 рублёў максімум, і гэта з маімі заробкамі. Плюс 260 рублёў аддаваў за арэнднае жыллё, – успамінае Максім Брагінец, акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Цяпер акцёр зарабляе больш – у мінулым месяцы ён атрымаў 765 рублёў.

– У мяне ўжо катэгорыя «майстар сцэны», дзесяць гадоў стажу, вялікая колькасць згуляных спектакляў. Маладыя хлопцы, якія працуюць каля пяці гадоў, атрымліваюць да 500 рублёў. Прычым вялікая частка заробку сыходзіць на аплату жылля.

Калегі акцёра жывуць у жылым квартале «Магістр», пабудаваным спецыяльна для творчай інтэлігенцыі. Нягледзячы на кошты, ніжэйшыя за рынкавыя, арэнда жылля ўсё роўна многім непад'ёмная. «Калі браць адсотак ад заробку, відаць, што плата практычна непад'ёмная», – тлумачыць Максім. Ён таксама жыў у гэтым раёне тры гады, але нядаўна пабудаваў кватэру з дзяржаўнай падтрымкай, «не маючы ні капейкі за душой».

– Міністэрства культуры размяркоўвала кватэры, адна дасталася нашаму тэатру. Я быў трэці ў чарзе, як той, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Два чалавекі перада мной адмовіліся, бо за тры месяцы трэба было ўнесці ўвесь кошт. Усяго выйшла 30 тысячаў даляраў за «двушку». Затое цяпер я не плачу падаходны падатак, бо дзяржава вяртае мне маёмасны падатковы вылік.

Грошы на жыллё давялося пазычаць. Таму цяпер усе свабодныя сродкі сям'і ідуць на тое, каб разлічыцца з пазыкамі. «Сёлета марым з'ездзіць на мора, але не ведаем, ці атрымаецца», – апавядае Максім.

Таму акцёр цяпер асабліва актыўна працуе – у яго рэпертуары не толькі спектаклі роднага РТБД, але і праекты цэнтра Art Corporation, у тым ліку спектаклі «Опіум» і «З вучылішча». Раней, калі Максім быў артыстам іншых менскіх тэатраў, з занятасцю справы ішлі горш, даводзілася шукаць падпрацоўку на баку.

– Падзарабляў дастаўкай кветак, вёў дзіцячыя спектаклі, нават быў прафесійным футбольным арбітрам. Скончыў курсы пры федэрацыі футболу і пяць гадоў займаўся прафесійным судзействам. Але мінулай восенню давялося з гэтым скончыць, таму што няма часу.

У РТБД заробак залежыць ад занятасці ў рэпертуары, акладу, надбаўкі паводле кантракта, надбаўкі за стаж і катэгорыю. Прэмія налiчваецца паводле бальнай сістэмы, таксама залежыць ад актыўнасці акцёра і выплачваецца з заробленых сродкаў.

– Калі мы зарабілі тысячу рублёў, яны дзеляцца на ўсю групу, у залежнасці ад колькасці набраных балаў. У групе прыкладна 25 чалавек. Атрымліваецца не так шмат, рублёў 50 за месяц.

Паводле словаў Максіма, самы высокі заробак сярод акцёраў – у супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра. «Гэта галоўны драматычны тэатр краіны», – тлумачыць хлопец. Нядрэнны заробак у артыстаў Тэатра-студыі кінаакцёра. Там свая сістэма, якая залежыць ад колькасці згуляных спектакляў. «Калі б я там працаваў, то са сваёй колькасцю пастановак атрымліваў бы больш за тысячу рублёў», – апавядае Максім.

У цэлым спосабы налічэння і наяўныя бюджэты залежаць ад таго, на балансе якой установы знаходзіцца тэатр. Напрыклад, Новы драматычны тэатр і Моладзевы тэатр адносяцца да Менгарвыканкама, а РТБД – да Міністэрства культуры.

«Падзарабляць даводзіцца ўсім артыстам»

Ганна Кушнер працуе разам з мужам у Магілёўскім драматычным тэатры. Заробак у актрысы вышэйшай катэгорыі вагаецца ад 330 да 380 рублёў і залежыць ад колькасці згуляных спектакляў.

– Раней адчувалася – калі ты заняты больш, то і атрымліваеш больш. Але цяпер неяк зусім сціраюцца гэтыя межы. Муж, майстар сцэны, зарабляе блізу трохсот рублёў з улікам аплатных аліментаў, але ўсё сыходзіць на камуналку і школьныя гурткі. Атрымліваецца, учатырох жывем на адзін мой заробак.

Ганна працуе ў тэатры ўжо 22 гады. Паводле ейных словаў, стаж на заробак амаль не ўплывае. «Бывае, што хлопцы, якія толькі прыйшлі, могуць згуляць больш спектакляў і ў выніку атрымаць больш грошай. Але зарабляюць яны такія самыя капейкі», – тлумачыць жанчына.

Паводле словаў актрысы, «падпрацоўваць даводзіцца ўсім артыстам». Але праз незвычайны графік знайсці дадатковую занятасць часам вельмі складана. З раніцы – рэпетыцыі, увечары – спектаклі. «Можам гарантавана вырваць прамежак толькі ў абедзенны час», – тлумачыць Ганна. Але нават у такім выпадку акцёры не застрахаваныя ад нечаканага дзённага выступу. Таму адкрыць свой тэатральны гурток практычна немагчыма. Што тычыцца здымак у кіно і рэкламе, тут таксама ёсць свае складанасці.

– Спачатку трэба прыехаць на кастынг, выдаткаваць на дарогу. Але нават калі ты прайшоў, цябе маюць права не адпусціць з рэпетыцый. Хоць за гэтыя два дні можна адпрацаваць свой заробак, – тлумачыць жанчына.

Дарэчы, у тэатры шасцідзённы працоўны тыдзень. Перад выпускам спектакля часцей за ўсё каманда працуе без адпачынку. Тады выходныя лічаць паводле падвойнага тарыфу або «аддаюць» у дзень, калі ў акцёра няма рэпетыцый або выступаў. Ганна ўспамінае, што ў тыя часы, калі яе бацькі працавалі ў тэатры, сістэма была іншая.

– Было такое паняцце, як трэці выклік. У акцёра магло быць за дзень дзве рэпетыцыі ці два спектаклі. Астатняе аплачвалася асобна, і гэтая сума дадавалася да заробку. Гэта было выгодна артыстам, яны разумелі, дзеля чаго гуляць тры спектаклі за дзень. Цяпер такога няма. Нам могуць сказаць «у вас ненармаваны працоўны тыдзень», і ты працуеш 14 гадзінаў, але на наступны дзень паводле графіку будзе толькі рэпетыцыя.

«Маладыя артысты ўвогуле капейкі атрымліваюць»

– Напэўна, у мяне самы вялікі заробак сярод нашых артыстаў. Я вядучы майстар сцэны, зарабляю блізу 500–550 рублёў. У прынцыпе для нашага тэатра гэта ўважаецца больш-менш. Маладыя артысты ўвогуле капейкі атрымліваюць, да трохсот рублёў. У нас у Тэатры лялек ёсць кавярня «Пірацкая бухта», там праходзяць дзіцячыя дні народзінаў. Ведаю, што адзін акцёр там падзарабляе. Так бы мовіць, не адыходзячы ад касы, – апавядае Цімур Муратаў.

Артыст ужо 15 гадоў працуе ў Менскім тэатры лялек. Ягоны заробак залежыць ад колькасці спектакляў, у якіх удзельнічае акцёр. Калі ідзе рэпетыцыйны працэс перад прэм'ерай, то графік у Цімура напружаны – шасцідзённы працоўны тыдзень, з аўторка да нядзелі.

Аднак мужчына прызнаецца, калі ў распараджэнні толькі тэатральны заробак, «разумееш, што пражыць на яго вельмі цяжка». Таму Цімур не адмаўляецца ад дадатковай занятасці. Паводле ягоных словаў, самыя распаўсюджаныя сярод артыстаў варыянты падзарабіць – кіно, тэлебачанне, карпаратывы, дзіцячыя святы або ролі ў іншых тэатрах. Супрацоўнікі Тэатра лялек часта агучваюць дзіцячыя перадачы.

– Самае распаўсюджанае – гэта кіно, але цяпер быццам бы ганарары ўпалі. У той час, калі я працаваў на тэлебачанні, ганарар за здымкі быў у пяць-шэсць разоў вышэйшы за тэатральны заробак. За добры карпаратыў, да якога трэба месяцы два вечарамі рыхтавацца, атрымлівалі тры-чатыры заробкі, – успамінае Цімур.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках