18 красавiка 2024, Чацвер, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прагноз: Робаты атрымаюць грамадзянскія правы да 2045 года

10
Прагноз: Робаты атрымаюць грамадзянскія правы да 2045 года

Першай краінай, якая надасць робатам грамадзянскія правы, стане ЗША.

Дэвід Хэнсан, адзін са стваральнікаў робата Сафіі, прадказаў, што андроіды змогуць атрымаць грамадзянскія правы ўжо блізу 2045 года. Свае думкі пра будучыню ён выказаў у дакладзе «Увядзенне ў эпоху жывых інтэлектуальных сістэмаў і грамадства андроідаў», піша часопіс «Нож».

Вытрымкі з даклада Хэнсана публікуе выданне Independent. Паводле словаў праграміста, ужо праз 10 гадоў разумовыя здольнасці штучнага інтэлекту можна будзе параўнаць з інтэлектам гадавалага дзіцяці.

«Мы будзем вымушаныя пастанавіць, ці можна пашырыць паняцце таго, што значыць быць чалавекам», – разважае Хэнсан.

Да 2045 года робаты стануць паўнапраўнымі чальцамі грамадства. Ім дазволяць браць шлюбы з людзьмі або іншымі андроідамі, займаць пасады ў вайсковых або праваахоўных органах, здаваць экзамены і абараняць доктарскія ступені.

Навуковец мяркуе, што робаты яшчэ доўга не змогуць пазбавіцца статусу «другога гатунку». На заканадаўчым узроўні іхнюю «эмацыйную сталасць» будуць заціскаць, каб людзі адчувалі сябе ў бяспецы. Але наступіць пераломны момант, калі машыны пачнуць адстойваць свае правы.

Паводле прагнозаў распрацоўніка, першай краінай, якая надасць робатам грамадзянскія правы, стане Амерыка.

«Мы павінны паважаць магчымыя станоўчыя і адмоўныя наступствы гэтага кроку. У будучыню трэба ісці падрыхтаванымі», – піша навуковец.

Летась робат Сафія, створаная пры ўдзеле Дэвіда Хэнсана, атрымала грамадзянства Саудаўскай Аравіі. Да гэтага Сафія заявіла, што хацела б знішчыць чалавецтва, але потым дадала, што гэта быў усяго толькі жарт.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках