Берасцейскія памежнікі стралялі ў кантрабандыстаў
7- 19.06.2018, 20:35
- 14,682
18 чэрвеня памежнікі ў Маларыцкім раёне злавілі кантрабандыстаў, якія вазілі ў Беларусь мяса з Украіны.
На кантрабандзе мяса быў пабудаваны бізнэс некалькіх мясцовых жыхароў. У памежнай зоне чыноўнікі далі сігнал спыніцца, але кантрабандысты праігнаравалі і паспрабавалі з'ехаць. Праз непадпарадкаванне памежнікі наважылі ўжыць зброю. У выніку яны спынілі тры аўтамабілі.
Падчас агляду транспартных сродкаў высветлілася, што жыхары Маларыцкага раёну спрабавалі перавезці з Украіны ў Беларусь 44 тушы буйной рагатай жывёлы. Рабілі яны ўсё гэта за межамі пунктаў пропуску.
«Гэтая партыя перавозілася без выканання санітарных патрабаванняў і, адпаведна, не прайшла абавязковага ветэрынарнага і санітарнага кантролю», - паведамляюць у Памежным камітэце.
За незаконнае перасячэнне мяжы, парушэнне памежнага рэжыму і непадпарадкаванне службовым асобам затрыманым пагражаюць штрафы да 100 базавых велічынь. Да таго ж некалькі пратаколаў склалі і супрацоўнікі ДАІ.
Далучыліся да справы і мытнікі. Канфіскаванае мяса перадалі менавіта ім. Яны таксама разгледзяць сітуацыю з пункту гледжання мытнага заканадаўства.