29 красавiка 2024, панядзелак, 13:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскамоўныя хакеры заражаюць кампутары з дапамогай файла пра Скрыпалёў

3
Расейскамоўныя хакеры заражаюць кампутары з дапамогай файла пра Скрыпалёў
ФОТА: GETTY IMAGES

Вірус пранікае праз дакументы, якія прыходзяць на электронную пошту.

Сеткавы чарвяк Olympic Destroyer, з дапамогай якога зламыснікі спрабавалі знішчыць важныя файлы аргкамітэта зімовай Алімпіяды ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане, па-ранейшаму вандруе ў інтэрнэце. Ён пранікае ў сеткі арганізацый праз дакументы, якія прыходзяць на электронную пошту, піша bbc.com.

Адзін з заражаных дакументаў прысвечаны расследаванню атручвання былога супрацоўніка расейскай выведкі Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў ангельскім Солсберы 4 сакавіка, высветліла «Лабараторыя Касперскага».

Таксама заражанымі выявіліся файлы, у назве якіх утрымліваюцца словы Korporativ і Korporativ_2018.

Экспэрты лабараторыі мяркуюць, што да стварэння і распаўсюду небяспечнага віруса можа быць датычная расейскамоўная хакерская група.

«Разбуральнік Алімпіяды» патрапіў на радары даследчыкаў у першыя дні Алімпіяды, калі ледзь не сарваў цырымонію адкрыцця: хакеры «выпусцілі» сайт Гульняў - некаторыя гледачы не змаглі раздрукаваць квіткі, і іх месцы пуставалі. Тры тысячы журналістаў у прэс-цэнтры пазбавіліся бяздротавага інтэрнэту, на экранах спынілася трансляцыя цырымоніі.

Газета Washington Post 24 лютага са спасылкай на ананімныя крыніцы ў амерыканскай выведцы напісала, што за дыверсіяй стаіць Галоўная ўправа Генштаба міністэрства абароны Расеі (былое ГРУ). А дакладней - Галоўны цэнтр спецыяльных тэхналогій (ГЦСТ). ВВС не ўдалося знайсці якіх-небудзь згадак гэтай арганізацыі на публічных рэсурсах мінабароны.

Яшчэ да публікацыі ў Washington Post міністэрства замежных спраў Расеі дало зразумець, што ведае аб падрыхтоўцы абвінавачванняў і назвала іх «псеўдарасследаваннямі». «Ніякіх довадаў, натуральна, свету, як і раней, пададзена не будзе», - заявіў МЗС.

ХАКЕРЫ FANCY BEAR АБВІНАВАЧВАЮЦЬ СПАРТЫЎНЫХ ЧЫНОЎНІКАЎ У ФАЛЬСІФІКАЦЫІ ДОПІНГАВАЙ СПРАВЫ РАСЕЙСКІХ СПАРТОЎЦАЎ
ФОТА: SCREENSHOT - FANCY BEARS

Даследчыкі «Лабараторыі Касперскага» прыйшлі да высновы, што за кібератакамі можа стаяць расейскамоўная хакерская група Sofacy. Канкурэнты расейскай кампаніі называюць гэтую групу Fancy Bear і абвінавачваюць у шэрагу гучных, палітычна матываваных кібератак апошніх гадоў - на Дэмакратычную партыю ЗША, Алімпійскі камітэт і нямецкі Бундэстаг.

19 чэрвеня «Лабараторыя Касперскага» распавяла аб новых кібератаках гэтай групы з дапамогай чарвяка Olympic Destroyer. Большасць аб'ектаў нападу знаходзяцца ў Расеі, Украіне і Еўразвязе. У Расеі ў асноўным пакутуе фінансавы сектар, пішуць даследнікі. Яшчэ адна мэта нападаў - арганізацыі, якія займаюцца прадухіленнем хімічных і біялагічных заражэнняў.

Чарвяк знішчае файлы на кампутарах сеткі, пранікаючы туды праз заражаныя дакументы ў імэйлах. Адзін з такіх дакументаў называецца Investigation_file - гэта перадрукоўка навіны ў выданні Telegraph аб тым, што брытанскія навукоўцы не змаглі вызначыць крыніцу рэчывы, якім атруцілі Скрыпалёў.

Былы супрацоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі шпіталізаваныя з атручваннем 4 сакавіка 2018 года. Брытанія мяркуе, што яны былі атручаны нервова-паралітычным рэчывам класа «Навічок», і падазравае, што за гэтым можа стаяць Расея. Масква абвінавачванні зняпраўджвае.

Юлію Скрыпаль выпісалі са шпіталя ў красавіку, а яе бацьку - у траўні 2018 года. Іх стан ацэньваецца як здавальняючы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках