Пад Вярхоўнай Радай Украіны адбываюцца сутыкненні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй
- 19.06.2018, 12:33
- 7,743
Мітынгоўцы патрабуюць скасаваць манетызацыю льготаў.
19 чэрвеня ля сценаў Вярхоўнай Рады адбываюцца бойкі паміж пратэстоўцамі і паліцыяй. Пра гэта паведамляе карэспандэнт "Радіо Свобода".
Акцыі ля парламента праводзяць блізу 2000 ветэранаў вайны ў Афганістане, ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ветэранаў АТА і шахцёраў.
Паводле словаў карэспандэнта, пратэстоўцы прарвалі кардон паліцыі. У адказ праваахоўнікі ўжылі слезацечны газ.
Агенцтва "Інтэрфакс-Украіна" адзначае, што паліцыя ўжывае спецсродкі, мітынгоўцы кідаюць у бок паліцыі бутэлькі.
У паліцыі пакуль не паведамляюць пра затрыманні.
Мітынгоўцы патрабуюць скасаваць манетызацыю льготаў, вылучыць больш за 6 млрд грн на развіццё шахцёрскай галіны, павялічыць памер кампенсацыйных выплатаў. Прадстаўнікі шахцёрскай галіны таксама патрабуюць выплаціць запазычанасць у заробках.